+1 кейс блакавання ў Santander. Нягледзячы на польскі пашпарт

У гэтым выпадку беларусу заблакавалі не анлайн-банкінг, а адразу рахунак.

12 каментарыяў

На мінулым тыдні адная за адной пасыпаліся гісторыі (вось і вось) ад беларусаў у Польшчы, якім Santander заблакаваў анлайн-банкінг праз адсутнасць ДНЖ.

Сёння Dzik Pic расказаў яшчэ адную гісторыю — блакаванне напаткала беларуску з польскім грамадзянствам (!). Прычым ёй заблакавалі адразу рахунак, так што яна не магла расплаціцца не толькі праз праграму, але і картай.

— Я была ў пятніцу ў рэстаране. Паспрабавала расплаціцца картай Santander, але ў мяне не прайшла аплата. Заходжу ў праграму, гляджу — а ў мяне там проста нуль-нуль-нуль, — расказвае беларуска. — Прычым пазней сяброўка пераслала мне блікам 700 злотых, усплыло апавяшчэнне, што грошы паступілі на рахунак. Я зноў зайшла ў праграму, і там усё роўна было 0,00. То-бок усе новыя сродкі таксама адразу блочыліся.

Думаю: што такое? Прачытала пра блакаванні беларусам — але гэта не мой выпадак, бо ў мяне польскае грамадзянства і рахунак у Santander я адкрывала ўжо з польскім пашпартам.

Патэлефанавала на інфалінію, размаўляла з імі паўгадзіны. Яны праверылі мой довуд (Dowód Osobisty, пасведчанне асобы грамадзяніна Польшчы). Кансультантка паведаміла, што бачыць мой довуд у сябе ў сістэме, і нават назвала, да якога ён года.

Потым яна сказала, што я не запоўніла нейкай анкеты. «Ну, давайце тады запоўнім». У анкеце былі пытанні з разраду «Ці з’яўляецеся вы грамадзянінам Польшчы?» (так, з’яўляюся), «Ці супрацоўнічаеце вы з Паўночнай Карэяй?» (не, не супрацоўнічаю), «Ці атрымліваеце ў біткойнах?» (не). І яшчэ «Якая ў вас дзейнасць?», на што я адказала, што маю фірму, але не на рахунак у Santander.

Мы ўсё запоўнілі. Аднак кансультантка сказала, што ўсё роўна чамусьці не можа разблакаваць мае сродкі і трэба ісці ў аддзяленне — запоўніць яшчэ адную анкету. І я такая: «Акей, класна, а калі б у мяне былі ўсе сродкі на гэтым рахунку? Як бы я тады расплацілася ў рэстаране? Чаму вы мяне не праінфармавалі пра гэта? А калі б я была за мяжой, як бы я прыйшла ў банк?». Кансультантка нічога на гэта не змагла адказаць.

Я прыйшла ў банк, і ў мяне адразу папрасілі мой довуд, нібыта ён не ўпісаны ў сістэму. Хоць раней на інфалініі мне выразна сказалі, што довуд бачны.

І яшчэ ў мяне ўдакладнілі, якое ў мяне грамадзянства. «Польскае». Пасля чаго супрацоўнік банка спытаў, ці ёсць у мяне яшчэ якое грамадзянства. Я сказала, што так, грамадзянства Беларусі, але ўжо некалькі гадоў у мяне ёсць грамадзянства Польшчы. І ён такі — «акей».

Адзначу, што пры адкрыцці рахунку не было пытанняў пра іншае грамадзянства, а толькі пра горад і краіну нараджэння.

ID з сабой у мяне не было, але я дала ім праграму mObywatel. Супрацоўнік адсканаваў мой довуд у праграме, яшчэ раз упісаў мае даныя, і я яшчэ раз пад гэтым падпісалася. Пасля гэтага ўсё разблакавалася, і я цяпер бачу грошы на сваім рахунку.

Я таксама спытала ў гэтага супрацоўніка, чаму мяне не папярэдзілі, што збіраюцца блакаваць сродкі. І ён таксама нічога не змог адказаць, толькі: «Ну, так атрымалася». 

Атрымліваецца, мяне заблакавалі, бо быццам бы ў іх сістэме не было довуда. Але, думаю, яны яшчэ раз хацелі яго пацвердзіць.


З усяго відаць, гэтая гісторыя не звязаная напрамую з выпадкамі блакавання анлайн-банкінгу праз адсутнасць ДНЖ. Аднак гэта яшчэ адзін прыклад пастражэння кантролю з боку Santander. Удзельнікі беларускіх чатаў згадваюць, што на пачатку мая банк рабіў рассылку з просьбай абнавіць ідэнтыфікацыйныя даныя, і там якраз былі аналагічныя пытанні пра іншыя грамадзянствы.


Читать на dev.by