Даказана: настаўнікі ставяць дзяўчынкам вышэйшыя адзнакі, чым хлопчыкам
Даследчыкі з Трэнцкага ўніверсітэта ў Італіі сцвярджаюць, што настаўнікі схільныя завышаць ацэнкі дзяўчынкам, нават калі ўзровень ведаў у іх і ў хлопчыкаў аднолькавы. Такая перадузятасць, на іх думку, мае сістэмны характар і можа мець доўгатэрміновыя наступствы. Вынікі працы апублікаваныя ў часопісе British Journal of Sociology of Education.
Даследчыкі з Трэнцкага ўніверсітэта ў Італіі сцвярджаюць, што настаўнікі схільныя завышаць ацэнкі дзяўчынкам, нават калі ўзровень ведаў у іх і ў хлопчыкаў аднолькавы. Такая перадузятасць, на іх думку, мае сістэмны характар і можа мець доўгатэрміновыя наступствы. Вынікі працы апублікаваныя ў часопісе British Journal of Sociology of Education.
Аўтары працы параўналі адзнакі амаль 40 тысяч школьнікаў (15-16 гадоў) за кантрольныя, якія праходзілі ў класе (і настаўнікі ведалі, каго ацэньваюць), прыкладна з такой жа колькасцю адзнак па стандартных нацыянальных тэстах у мове і арыфметыцы (працэс праверкі якіх абезаблічаны).
Звычайна ў стандартызаваных тэстах з выразным алгарытмам ацэнкі дзяўчынкі абганяюць хлопчыкаў у гуманітарных прадметах, мовах і чытанні, а хлопчыкі лепшыя ў матэматыцы. Але калі адзнаку паводле свайго меркавання выстаўляе настаўнік, дзяўчынкі заўсёды апынаюцца наперадзе.
Заканамерна, у гэтым даследаванні дзяўчынкі таксама лепш давалі рады моўным тэстам, а хлопчыкі — матэматыцы. А вось у настаўнікаў у абодвух выпадках у любімчыках былі дзяўчынкі. У іх сярэдняя адзнака ў мове была 6,6 з 10, у хлопчыкаў — 6,2. У матэматыцы настаўнікі ў сярэднім ацэньвалі дзяўчынак на 6,3, хлопчыкаў — на 5,9. Прычым выявілася, што нават калі дзяўчынка і хлопчык аднолькава валодаюць прадметам, дзяўчынка звычайна атрымлівае вышэйшы бал.
Даследчыкі таксама спрабавалі зразумець, ці ўплываюць на гэты дысбаланс такія фактары, як тып школы, памер і гендарны склад класа, а таксама асоба самога настаўніка, уключна з векам, досведам і полам.
Ролю адыгралі толькі два параметры — і толькі ў матэматыцы. Па-першае, адрозненне ў адзнаках у гэтым прадмеце было большае ў буйнейшых класах. Па-другое, дзяўчынак ацэньвалі вышэй у агульнаадукацыйных школах, якія даюць тэарэтычныя веды, чым ва ўстановах, арыентаваных на атрыманне прафесійнай адукацыі.
Даследчыкі тлумачаць гэты перакос тым, што так настаўнікі неўсвядомлена заахвочваюць дзяўчынак — ціхіх і руплівых — за паводзіны, бо з імі прасцей працаваць. Яшчэ адная прычына можа быць у тым, што так настаўнікі спрабуюць стымуляваць дзяўчынак, паколькі звычайна іх лічаць слабейшымі ў матэматыцы.
Даследчыкі папярэджваюць, што несправядлівасць у адносінах да хлопчыкаў можа не толькі ўплываць на іх паспяховасць у прадмеце і верагоднасць быць выключанымі за дрэнныя паказчыкі, але і ў далейшым — на паступленне ў ВНУ, выбар прафесіі, даход і нават задаволенасць жыццём.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.