Айцішнік «падвёз сяброўку» з Мінска ў Вільню на прыватным самалёце. Так можна было?
Кажа, забароны на прыватныя палёты і не было.
Літоўскія медыя сёння расказалі, што раніцай 28 мая ў аэрапорце Вільні прызямліўся спартыўны самалёт з Беларусі (рэгістрацыйны нумар EW–535SL) пад кіраваннем прыватнай асобы. У сувязі з гэтым авіяцыйныя ўлады вымушаныя былі даць тлумачэнне: маўляў, праводзілася жорсткая працэдура ўзгаднення палёту.
— Пасля працэдуры праверкі самалёту дазволілі здзейсніць пасадку ў віленскім аэрапорце, — сказаў прадстаўнік кампаніі «Літоўскія аэрапорты» Тадас Васіляўскас.
Паводле яго слоў, такія працэдуры распаўсюджваюцца на ўсе нерэгулярныя рэйсы.
Самалёт належыць прыватнаму аэрадрому «Сівіца» пад Барысавым. А кіраваў ім заснавальнік кампаніі HQSoftware Сяргей Вардамацкі. На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён называе сябе «апошнім прыватным „міжнародным“ пілотам з Беларусі», а таксама [дзякуючы ўвазе медыя] «самым знакамітым». І расказвае, што такім чынам «падвёз сяброўку да Ryanair».
Акрамя таго, Вардамацкі сцвярджае, што «ніхто ніколі не закрываў паветра ў ЕС для беларускіх самалётаў, як і не забараняў прыязджаць на сваім аўтамабілі». Маўляў, палёты з Беларусі ў ЕС абмежаваныя толькі для перавозчыкаў.
Нагадаем, авіязносіны паміж Беларуссю і ЕС спыніліся тры гады таму, у маі 2021 года, пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску.
Читать на dev.by