Alibaba адмовілася ад расійскіх рублёў і не дае афармляць пастаўкі ў Расію
Alibaba пастрожыла ўмовы для расійскага бізнэсу: кітайскі тэхнагігант перастаў прымаць расійскія рублі і не дазваляе аформіць пастаўку ў краіну, паведамляе «Камерсант». Грошы, якія кампаніі ўжо пералічылі ў Кітай, абяцае вярнуць.
Абмежаванні могуць закрануць вялікую колькасць пастаўшчыкоў у Расіі, паколькі Alibaba — улюбёная крыніца тавараў для многіх аптовых рынкаў, крам і прадаўцоў на маркетплэйсах. З расійскіх карт аплата больш не праходзіць, за выключэннем некаторых банкаў.
Цяпер расійскаму малому і сярэдняму бізнэсу давядзецца прыдумляць абыходныя варыянты, адзначаюць суразмоўцы выдання. Напрыклад, задзейнічаць схемы з казахскімі, кіргізскімі, армянскімі картамі, хоць не зусім зразумела, як фізічна тавар будзе адпраўляцца ў Расію — змены ўводзяцца ў палітыку не толькі плацяжоў, але і адпраўкі тавараў. Новыя транзітныя схемы будуць азначаць падаражэнне, у выніку чаго пакупкі на маркетплэйсах могуць страціць эканамічны сэнс.
Эксперты звязваюць пастражэнне палітыкі Alibaba і праблемы з пераводамі ў банкі Кітая з пагрозай другасных санкцый з боку ЗША. Пры гэтым банкі Беларусі і Цэнтральнай Азіі могуць праводзіць плацяжы на пляцоўках кітайскай карпарацыі ў ранейшым рэжыме.
Таксама вядома, што Кітай спрабуе перавесці плацяжы ад расійскіх контрагентаў на рэгіянальныя сельскія банкі. Праз тое, што транзакцый шмат, а банкі невялікія, кампаніям з Расіі часам даводзіцца чакаць праходжання пераводаў месяц і больш. У выпадку з Alibaba так зрабіць значна складаней, бо ў банкаўскіх плацяжоў больш варыянтаў, чым у пакупак на канкрэтным маркетплэйсе.
Выручка AliExpress — «дачкі» Alibaba ў Расіі — у 2023 годзе скарацілася на 36%. У 2022-м кітайская кампанія спыніла інвестыцыі ў праект.
Читать на dev.by