Антываенны пост Аркадзя Волажа каштаваў яго мацярынскай кампаніі “Яндэкс” $150 млн
У жніўні 2023 года прадстаўнікі Аркадзя Волажа распаўсюдзілі ягоную заяву, у якой ён выказаўся «катэгарычна супраць варварскага ўварвання Расіі ва Украіну». Пасля публікацыі ўлады прыпынілі разлікі па ўгодзе выхаду прадпрымальніка з расійскага бізнэсу на паўтара месяца, а належная галандскай кампаніі Yandex NV сума была паменшаная ўтрая, даведалася выданне Frank Media.
На пачатку жніўня ўладальнікі «Яндэкса» практычна скончылі перамовы з расійскімі ўладамі па разліках за падзел актываў. Перамовы ішлі цяжка, а паралельна давялося яшчэ і дамаўляцца з урадам, каб узгадніць разлікі па ўнутрыгрупавой угодзе амаль на $250 млн, расказала выданню крыніца, блізкая да ходу гэтых перамоваў. На фінальнай стадыі, калі былі дасягнуты папярэднія дамоўленасці, з’явіўся пост Волажа. Пасля гэтага ўхваленне ўгоды было адкладзенае амаль на паўтара месяца.
Яе словы пацвердзіў чалавек, знаёмы з абмеркаваннямі ўнутры ўрадавай камісіі па кантролі за ажыццяўленнем замежных інвестыцый, якая ўхваляе такія ўгоды. Плацеж і ўхваленне ўгоды былі пастаўленыя на паўзу з падачы кіраўніка расійскага Мінлічбы Максута Шадаева.
Адзін з федэральных чыноўнікаў пацвердзіў Frank Media, што сапраўды ёсць працэсы ўнутрыгрупавой рэструктурызацыі кампаніі, якія патрабуюць рашэнняў гэтай камісіі. Іншая крыніца выдання патлумачыла, што чыноўнікі з камісіі звяртаюць увагу на замежнапалітычны фон, і «прымаць пастановы, якія супярэчаць умоўнай замежнай палітыцы, неяк недарэчна». Пазней Мінлічбы «перадамовілася» з «Яндэксам» на новыя ўмовы і з меншай сумай, а ўгода цяпер знаходзіцца ў стадыі афармлення.
З другой паловы 2022 года «Яндэкс» і Аркадзь Волаж знаходзяцца ў працэсе падзелу актываў. Пры канцы мінулага лістапада колішні старшыня Падліковай палаты Расіі і цяперашні дарадца ў карпаратыўным развіцці «Яндэкса» Аляксей Кудрын зацвердзіў ва Уладзіміра Пуціна схему падзелу актываў «Яндэкса»: юрыдычная асоба Yandex NV, якая цяпер з’яўляецца галаўной для групы, зменіць назву, выйдзе са складу акцыянераў расійскага «Яндэкса» і зможа развіваць на міжнародным рынку шэраг бізнэсаў пад іншымі брэндамі.
У сакавіку РБК апісваў адну са складовых частак угоды як выплату расійскім «Яндэксам» $300-400 млн галандскай мацярынскай структуры, якая і мелася дастацца Волажу. Гэта — выплата па забавязаннях адной перад другой, і праўкамісія першапачаткова ўзгадніла яе ў памеры $250 млн, але пасля паста сума скарацілася амаль утрая ад узроўню паўтарамесячнай даўнасці, — «да $70-80 млн». Такім чынам, Yandex NV, на базе якой Волаж мае развіваць міжнародныя бізнэсы, недаатрымае з Расіі больш за $150 млн.
Читать на dev.by