Суд у ЗША прызнаў двух 33-гадовых грамадзян Кітая вінаватымі ў падмане Apple больш як на $3 млн, паведамляе PCMag са спасылкай на амерыканскі Мінюст.
Схема працавала ад 2017 года. Хаацянь Сунь і Пэнфэй Сюэ закуплялі фэйкавыя айфоны ў Паўднёвай Карэі. Падробкі былі выдатнай якасці, падрабляліся нават серыйныя нумары і IMEI. Далей іх адпраўлялі ў рознічныя крамы і афіцыйныя сэрвісныя цэнтры Apple, каб дамагчыся замены па гарантыі ўжо на сапраўдныя гаджаты.
Да свайго арышту ў 2019 годзе змоўшчыкі паспелі пракруціць гэта з 5 тысячамі ліпавых гаджатаў. Кампанія паспела абмяняць больш за 2700 штук, перш ніж спахапілася і звярнулася да праваахоўнікаў.
Суд прызнаў ашуканцаў вінаватымі ў арганізацыі схемы для выманьвання ў Apple айфонаў на мільёны долараў. Ашуканцам пагражае да 20 гадоў турмы. Прысуд будзе абвешчаны ў чэрвені.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.