Беларусь атрымала рэкордную суму ад працуючых за мяжой
Паводле дадзеных Нацбанка, у 2025 годзе беларусы перавялі дадому з-за мяжы $1,052 млрд — рэкорд за ўсю гісторыю краіны. Пра гэта піша Thinktanks.pro са спасылкай на артыкул у часопісе «Банкаўскі веснік». Аўтары прааналізавалі ўсю сучасную гісторыю Беларусі і выявілі ўстойлівы доўгатэрміновы рост аб’ёмаў атрыманых асабістых пераводаў і чыстай аплаты працы, пачынаючы з 2008 года.

За перыяд 2005–2025 гадоў паступленні ад аплаты працы з-за мяжы павялічыліся амаль у 12 разоў. З 2020 па 2025 год зафіксаваны прырост з $311 млн да $1052 млн, што ў абсалютным выражэнні перавышае сумарны прырост за папярэднія 15 гадоў. На думку эканамістаў, гэта сведчыць пра ўзмацненне міграцыйнай актыўнасці і значнасць вонкавых грашовых паступленняў для эканомікі ў цэлым.
Суадносіны атрыманай з-за мяжы чыстай аплаты працы да ВУП павысіліся з 0,3% у 2005 годзе да 1,12% у 2025-м. Гэта азначае, што вонкавыя працоўныя даходы «дасягнулі велічыні, якая аказвае колькасна вымернае ўздзеянне на макраэканамічныя прапорцыі сектара хатніх гаспадарак».
Аплата працы, якую выводзяць нерэзідэнты з Беларусі, таксама расла, але значна меней адваротнага патоку. Сальда чыстай аплаты працы павялічылася з $89 млн у 2005 годзе да $805 млн у 2025-м.
У цэлым за 20 гадоў структура патокаў істотна змяняецца: калі да 2015 года пераважалі асабістыя трансферты (пераводы занятых на доўгатэрміновай аснове і нерэзідэнтаў), то з 2016 года дамінуе чыстая аплата працы (сезонных і часовых рабочых-рэзідэнтаў). Аб’ёмы ж адпраўленых пераводаў растуць значна вольней, а іх доля ў атрыманых сродках скарачаецца: з 30–35% у сярэдзіне 2000-х гадоў да 15–20% у 2020-я.
Даследчыкі адзначаюць, што такая змена структуры пераводаў «ускосна паказвае на магчымы рост кароткатэрміновай працоўнай міграцыі і павышэнне долі афіцыйна аформленых працоўных адносін за мяжой».
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.