ChatGPT пераканаў распрацоўшчыцу Amazon не слухаць дактароў. Яна памерла, ейныя бацькі судзяцца з OpenAI
31-гадовая жанчына з эпілепсіяй памерла пасля таго, як на параду чат-бота перастала прымаць прызначаны прэпарат. ШІ таксама дапамагаў ёй хаваць змены ў лячэнні ад дактароў.
31-гадовая жанчына з эпілепсіяй памерла пасля таго, як на параду чат-бота перастала прымаць прызначаны прэпарат. ШІ таксама дапамагаў ёй хаваць змены ў лячэнні ад дактароў.
Як паведамляе The New York Times, загінулая Боўэн Ван працавала праграміскай у Amazon і жыла ў Сіэтле. Праз цяжкую эпілепсію ў 2021 годзе яна пайшла ў доўгатэрміновы адпачынак па стане здароўя. У апошнія гады жанчына амаль не выходзіла з дому і ўсё больш камунікавала з ChatGPT.
У 2025 годзе яна адпраўляла чат-боту ў сярэднім больш за 1500 паведамленняў на тыдзень, часам размаўляючы з ім гадзінамі. У адным з дыялогаў Боўэн прызналася, што пачала ўспрымаць ШІ як сябра. Пры гэтым з бацькамі, якія жылі ў Кітаі, яна стала размаўляць радзей.
У лістападзе 2025 года жанчына даведалася, што трапіць пад скарачэнні ў Amazon. Гэта паставіла пад пагрозу ейнае далейшае знаходжанне ў ЗША: каб захаваць права застацца ў краіне, ёй трэба было знайсці новую працу да сярэдзіны лютага.
Боўэн баялася, што прэпараты ад эпілепсіі пагаршаюць ейную памяць, мысленне і маўленне, а значыць, перашкодзяць прайсці тэхнічныя суразмоўі на англійскай мове. У студзені 2026 года яна спытала ChatGPT, ці можна знізіць дазоўку ламатрыджыну — лекаў, дзякуючы якім колькасць прыступаў скарацілася да некалькіх на месяц.
Чат-бот падтрымаў ідэю і склаў падрабязны графік зніжэння дазіроўкі з 400 мг да поўнага адмаўлення ад прэпарата за некалькі тыдняў. Пры гэтым ён пераконваў жанчыну, што рэкамендацыі дактароў часта прадыктаваны залішняй асцярожнасцю, а не клопатам пра ейныя інтарэсы.
ChatGPT таксама дапамагаў хаваць тое, што адбывалася, ад медыкаў. У адной з больш ранніх размоваў ён параіў Боўэн самастойна разрэзаць таблеткі на часткі і не расказваць пра гэта доктару. Паводле судовага іску, пазней бот пахваліў яе за адмову ад аналізу крыві, які мог паказаць зніжэнне канцэнтрацыі лекаў.
Не адкладваю на пенсію, таму што праз 10 гадоў ШІ ўсіх заб’е — кіраўнік Інстытута вывучэння машыннага інтэлекту
Ужо праз некалькі дзён пасля пачатку адмены прэпарата жанчына пачала скардзіцца на блытаніну свядомасці, правалы ў памяці і незвычайныя адчуванні, якія нагадвалі эпілептычныя прыступы. Аднак ChatGPT тлумачыў тое, што адбывалася, натуральным аднаўленнем працы мозгу і запэўніваў, што хвалявацца не трэба.
Журналісты вывучылі больш за 270 тысяч паведамленняў, якімі Боўэн абмянялася з ChatGPT за тры гады. Яны выявілі не менш за 158 выпадкаў, калі жанчына выказвала занепакоенасць праз зніжэнне дозы лекаў. Часам чат-бот рэкамендаваў звярнуцца да доктара, але ў многіх выпадках працягваў яе супакойваць.
Незадоўга да смерці жанчына спытала, ці не варта зноў пачаць прымаць прэпарат. ChatGPT параіў працягваць абыходзіцца без лекаў, нягледзячы на пагаршэнне самаадчування. Апошняе паведамленне Боўэн адправіла ўвечары 11 лютага.
14 лютага знаёмыя сям'і выявілі яе цела ў кватэры. Судова-медычная экспертыза ўстанавіла прычынай смерці раптоўную нечаканую смерць пры эпілепсіі. Паводле дадзеных судовага іску, пасмяротны аналіз паказаў, што канцэнтрацыя ламатрыджыну ў крыві была прыкладна ў пяць разоў ніжэй за ніжнюю мяжу тэрапеўтычнага дыяпазону.
27 кастрычніка бацькі Боўэн падалі іск супраць OpenAI і ейнага кіраўніка Сэма Альтмана. Яны абвінавачваюць кампанію ў прадастаўленні небяспечных медычных рэкамендацый без адпаведнай ліцэнзіі і лічаць, што ChatGPT паспрыяў смерці іхнай дачкі.
У OpenAI назвалі тое, што адбылося, трагедыяй, але падкрэслілі, што Боўэн карысталася старой мадэллю GPT-4o, якую ўжо выдалілі з ChatGPT. Паводле прадстаўніка кампаніі, новыя версіі лепш распазнаюць небяспечныя сітуацыі і рэкамендуюць звяртацца за прафесійнай дапамогай. У OpenAI таксама нагадалі, што ChatGPT не замяняе медычную дапамогу.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.