Apple адключыла скразное шыфраванне ў iCloud у Вялікабрытаніі на патрабаванне ўладаў
Apple у мінулую пятніцу абвясціла, што больш не можа забяспечваць абарону сваіх карыстальнікаў у Вялікабрытаніі пры дапамозе скразнога шыфравання іх даных у iCloud.
Apple у мінулую пятніцу абвясціла, што больш не можа забяспечваць абарону сваіх карыстальнікаў у Вялікабрытаніі пры дапамозе скразнога шыфравання іх даных у iCloud.
Функцыя бяспекі Advanced Data Protection стала недаступная для новых карыстальнікаў у краіне, а бягучым прыйдзецца яе адключыць. Дзякуючы гэтай опцыі ніхто, у тым ліку сама Apple і ўлады краін, не можа праглядаць інфармацыю, якую карыстальнікі трымаюць у iCloud.
Apple адзначыла, што змяненне не закране некаторых відаў даных, уключаючы даныя пра здароўе, паведамленні, якія захоўваюцца ў iCloud, а таксама плацежныя даныя, да якіх скразное шыфраванне ўжываецца па змаўчанні для ўсіх карыстальнікаў. Аднак медыяфайлы і бэкапы, напрыклад, брытанцы так абараніць больш не змогуць.
Для тых карыстальнікаў, у каго функцыя ўключаная, Apple абяцае найбліжэйшым часам выпусціць інструкцыі і ўдакладніць, у які тэрмін яны маюць яе адключыць, каб працягнуць карыстацца воблачнай платформай. Юзераў у іншых краінах навіна не закранае. Таксама яна не закране іншых сэрвісаў, абароненых скразным шыфраваннем, напрыклад, FaceTime і iMessage.
Прадстаўнікі кампаніі адзначылі ў каментары TechCrunch, што «глыбока расчараваныя» тым, што адбываецца, а таксама, што гэтая опцыя як ніколі актуальная на фоне частых узломаў і іншых пагроз для канфідэнцыйнасці карыстальніцкіх даных.
Раней паведамлялася, што брытанскія ўлады патрабавалі ад Apple укараніць бэкдор, праз які яны мелі б поўны доступ да даных карыстальнікаў (нават не брытанцаў) на воблачных серверах кампаніі (нават да зашыфраваных). ІБ-эксперты і праваабаронцы заявілі, што калі б Apple пагадзілася, гэта стварыла б небяспечны прэцэдэнт, і прыклад з Вялікабрытаніі ўзялі б іншыя дзяржавы.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.