«У бурбалцы ШІ-псіхозу»: рэклама Anthropic пра шкоду ШІ напалохала індустрыю і развесяліла Альтмана
Anthropic, якая пазіцыянуе сябе як найбольш этычны і бяспечны распрацоўшчык ШІ, выпусціла рэкламны ролік пад назвай «There’s hope in hard questions» («Складаныя пытанні даюць надзею»). Аднак замест натхнення відэа выклікала ў гледачоў трывогу і абвінавачванні ў «ШІ-псіхозе», піша TechCrunch.
Anthropic, якая пазіцыянуе сябе як найбольш этычны і бяспечны распрацоўшчык ШІ, выпусціла рэкламны ролік пад назвай «There’s hope in hard questions» («Складаныя пытанні даюць надзею»). Аднак замест натхнення відэа выклікала ў гледачоў трывогу і абвінавачванні ў «ШІ-псіхозе», піша TechCrunch.
Рэклама пачынаецца з кадраў дома, які гарыць, пасля чаго гледачу паказваюць слайд-шоу з жудаснымі вобразамі: натоўп пад прыцэлам сістэм распазнавання твараў, бяздомны на вуліцы, шахцёры, якія ўручную здабываюць сыравіну для смартфонаў, і стройныя рады надмагілляў на ваенных могілках. Закадравы голас нагнятае атмасферу пытаннямі накшталт: «Ці можна давяраць ШІ?» і «Хто націсне на тормаз, калі спатрэбіцца?»
Змрочны тон — частка ўсвядомленай стратэгіі стартапа, які спрабуе адасобіцца ад канкурэнтаў, адкрыта прызнаючы рызыкі тэхналогіі і дэманструючы, што менавіта Anthropic усведамляе ўсю паўнату сваёй адказнасці. Але на гэты раз піяршчыкі відавочна перагнулі палку. Галоўны канкурэнт кампаніі, кіраўнік OpenAI Сэм Альтман, не ўпусціў магчымасці паіранізаваць над ролікам у X: «Я думаў, гэта сатыра, і ўвесь час шукаў вачамі нейкі фэйкавы нікнэйм у духу c1audeai».
ІТ-супольнасць і звычайныя карыстальнікі Х падтрымалі крытыку. Каментатары адзначаюць, што Anthropic — выдатная тэхнакампанія, але з карпаратыўнымі камунікацыямі ў яе не вельмі, а стваральнікі рэкламы відавочна «жывуць у бурбалцы ўласнага ШІ-псіхозу, калі думалі, што гэта камусьці зайдзе». Асабліва моцную хвалю абурэння выклікала выкарыстанне ў рэкламе кадраў, якія нагадваюць Арлінгтонскія нацыянальныя могілкі, пад трывожныя разважанні аб экзістэнцыяльных пагрозах — для крытыкаў гэтая частка выглядала асабліва дзіўна і жудасна.
У многіх экспертаў відэа і наогул асацыюецца з кадрамі палітычнай прапаганды і змоваў з параноідальных трылераў 1970-х, што наўрад ці ідзе на карысць іміджу кампаніі, якая імкнецца быць «сілай дабра». Гэта асабліва кантрастуе з мінулым маркетынгавым поспехам Anthropic: падчас Супербоўла іх іранічныя ролікі, якія высмейвалі рашэнне OpenAI ўкараніць рэкламу ў ChatGPT, атрымалі масу станоўчых водгукаў і прымусілі канкурэнтаў нямала панервавацца.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.