Кітай стварыў ШІ для сачэння па ўсёй планеце: алгарытмы шукаюць карысных людзей і патэнцыяльных шпіёнаў
Камуністычная партыя Кітая пабудавала маштабную сістэму вялікіх дадзеных на базе ШІ, якая адсочвае этнічных кітайцаў за мяжой, каб выяўляць ключавыя фігуры ў палітыцы, эканоміцы і тэхналогіях і ўцягваць іх у аперацыі ўплыву або шпіёнскія кампаніі, паведамляе Dark Reading.
Камуністычная партыя Кітая пабудавала маштабную сістэму вялікіх дадзеных на базе ШІ, якая адсочвае этнічных кітайцаў за мяжой, каб выяўляць ключавыя фігуры ў палітыцы, эканоміцы і тэхналогіях і ўцягваць іх у аперацыі ўплыву або шпіёнскія кампаніі, паведамляе Dark Reading.
Паводле дакументаў, з якімі азнаёмілася даследчая група NetAskari, праграма называецца «Платформа вялікіх дадзеных у справах замежных кітайцаў» (або «Разумнае вока»). Яе цэнтр размешчаны ў лабараторыі плошчай 500 кв. м. ва Універсітэце Цзынань у Гуанчжоу і разлічаны мінімум на 100 супрацоўнікаў. Сістэма працуе ў інтарэсах Аддзела адзінага фронту ЦК Кампартыі і спалучае аналіз грамадскіх настрояў у духу Cambridge Analytica з пошукам людзей па ўсім свеце, якія маглі б стаць карыснымі агентамі ўплыву або міжвольнымі ўдзельнікамі разведвальных кампаній.
Тэхнічна платформа працуе як глабальная сістэма збору адкрытых дадзеных (OSINT). Боты для збору дадзеных на замежных серверах пад прыкрыццём проксі-сетак, якія ратыруюцца, масава выкачваюць публікацыі з Instagram, Facebook, X, а таксама з кітайскіх сацсетак Weibo і WeChat. Затым у Кітаі дадзеныя перакладаюцца, з іх здабываюцца ключавыя словы, пасля чаго алгарытмы машыннага навучання супастаўляюць гэтую інфармацыю з базамі вядомых дзеячаў навукі, медыя і палітыкі, а таксама са спісамі «ненадзейных» асобаў. На выхадзе сістэма фарміруе для Пекіна гатовыя дасье і рэкамендацыі па збліжэнні з патрэбнымі людзьмі — напрыклад, праз зямляцтва, асацыяцыі выпускнікоў і прафесійныя супольнасці.
Адным з прыярытэтных напрамкаў працы сістэмы стала індустрыя паўправаднікоў. Ва ўцеклай справаздачы пад назвай «Профілі галоўных спецыялістаў кітайскага паходжання ў сферы чыпаў, характарыстыкі іхнага акружэння і рэкамендацыі ў працы» ў якасці мэтаў фігуруюць топ-менеджары тайваньскай ШІ-кампаніі Skymizer, перспектыўныя студэнты вядучага тайваньскага даследчага ўніверсітэта і дырэктар даследчага цэнтра ШІ ў Microsoft. Гэта больш сістэмны падыход у параўнанні з гучнай справай агента Міністэрства дзяржбяспекі Кітая Эліс Хўанг, раман з якой прывёў да адстаўкі гендырэктара Nvidia Джэнсана Хўанга.
Як патлумачыў аналітык NetAskari ў размове з Dark Reading, платформу можна апісаць як «глабальны невад, які выкарыстоўвае выведку па адкрытых крыніцах і аналіз вялікіх дадзеных для выяўлення патэнцыйных калабарантаў, партнёраў і афіліяваных асобаў». Паводле яго, сам па сабе Аддзел адзінага фронту займаўся падобнай працай і раней, але «тое, што раней рабілася ўручную і значна павольней, цяпер мнагакратна паскорана з дапамогай ШІ ды сучасных тэхналогій».
Хаця ва ўцеклых дакументах згадваюцца алгарытмы машыннага навучання ўзору 2021 года і пакуль незразумела, наколькі глыбока ў сістэму ўжо ўкаранёныя найноўшыя моўныя мадэлі, аналітыкі папярэджваюць, што дыстанцыйны збор дадзеных на базе ШІ сцірае фізічныя межы. Гэта дазваляе Пекіну адсочваць дыяспару за межамі краіны і выкарыстоўваць замежных грамадзянаў у сваіх інтарэсах — нават калі самі людзі пра гэта не здагадваюцца.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.