Крэсла-сядло, раздзельная клавіятура. Айцішнікі замарочыліся з хатнімі офісамі — вось іх парады (і фота)
Гэта таго варта.
Некаторыя кампаніі спрабуюць вярнуць супрацоўнікаў у офіс, але многія айцішнікі працягваюць працаваць з дому. Вось як яны абсталявалі свае працоўныя месцы.
Аляксей, 32 гады, iOS-распрацоўшчык: задумаўся пра абсталяванне працоўнага месца, калі пачалі балець шыя і спіна
Аляксей працуе з дому ўжо больш за 5 гадоў, але пра абсталяванне працоўнага месца задумаўся яшчэ раней, калі ад працы за стандартным офісным сталом пачаліся болі ў спіне і шыі.
Крэсла: «Дарагі сеткавы псаваў спіну, а да „сядла“ трэба прызвычайвацца»
— Яшчэ ў Мінску я купіў сабе дарагое сеткавае крэсла (мадэль дакладна не памятаю, але падобнае на гэтае). Ідэя з сеткай мне спачатку спадабалася — улетку сядзець не так спякотна. Але праз пару гадоў высветлілася, што ў крэсла эрганамічна няправільная пасадка: падтрымка для паясніцы занадта моцна выпірае, з-за чаго ніз цела пастаянна з’язджаў наперад, а верхняй часткай спіны я абапіраўся на крэсла. З-за гэтага ўзнікалі адначасова празмерны выгіб у паяснічным і грудным аддзелах хрыбта (гіперлордоз і гіперкіфоз) — і праблемы са спінай толькі пагоршыліся.
Яшчэ адна праблема гэтага крэсла была ў тым, што яно не падымалася дастаткова высока, і мае ногі згіналіся больш чым на 90 градусаў. Хоць некаторыя мае сябры таксама купілі такое крэсла — і скаргаў ад іх я не чуў.
Трошкі пазней, наглядзеўшыся відэа, я вырашыў паспрабаваць крэсла-сядло. Запэўніваюць, што на ім спіна знаходзіцца ў максімальна натуральным для сябе становішчы. Спачатку сядзець было вельмі нязвыкла, і больш за 30 хвілін у дзень я не вытрымліваў. Але потым пачаў прызвычайвацца.
Як на самай справе крэсла-сядло ўплывае на здароўе — я не ведаю. Становішча спіны на ім сапраўды іншае, але трэба спрабаваць і прызвычайвацца. Гэта дакладна не для ўсіх.
Ад некаторых блогераў я даведаўся яшчэ, што можна працаваць, седзячы на фітболе. Але я паспрабаваў і мне зусім не падышло.
Стол: «Для высокага росту зручны пад’ёмны»
З цягам часу я зразумеў, што з маім ростам (187 см) сядзець роўна і зручна за сталом стандартнай вышыні (75 см) не атрымаецца — і я замовіў пад’ёмны. Мне вельмі спадабалася! Аказалася, даволі камфортна працаваць стоячы. Для сядзячага рэжыму я таксама мог выставіць зручную для сябе вышыню — для мяне гэта каля 86 см.
Пасля пераезду ў Польшчу я выдаткаваў нямала часу на пошук такога ж стала. Тым больш што мне патрэбна была больш глыбокая стальніцa: не 60 см, а 70 ці нават 80 см. Праблема ў тым, што ўсе памеры ідуць па стандарце: 120×60, 140×70 і 160×80. Але 160 — гэта ўжо занадта шырока, амаль як дзверы. Плюс чым большая стальніцa, тым вышэйшы кошт.
Не знайшоўшы адпаведнага варыянту, я сабраў стол сам: асобна замовіў пад’ёмны механізм і асобна кастомную стальніцy памерам 100×80 см. Пакуль што ўсім задаволены. Адзiнае — максімальная вышыня стала (118 см) мне малавата, таму даводзіцца падкладаць нешта на стол, каб камфортна пакласці локці і не горбіцца.
Даследуючы пытанне здароўя спіны па розных крыніцах, я прыйшоў да высновы, што ідэальнага становішча або суперправільнай позы не існуе. Пасля 8 гадзін сядзення спіна ўсё адно будзе стамляцца. Адзінае, што пажадана рабіць, — перыядычна змяняць позу.
У мяне цяпер 3 становішчы, у якіх я працую: седзячы на звычайным крэсле, седзячы на крэсле-сядле (пасадка паміж паўседзячы і паўстоячы) і стоячы.
Для гэтых трох становішчаў у мяне прадугледжана 3 пазіцыі стала. Дарэчы, аказалася вельмі зручна, што ў стала ёсць 3 кнопкі памяці для 3-х пазіцый. Без іх даводзілася б кожны раз пры змене становішча нанова ўсталёўваць вышыню. А я гэта раблю разоў 5–7 на дзень.
Іншае: падстаўка для ноўтбука і абарона для падлогі
Адразу пасля стала я вырашыў набыць падстаўку для ноўтбука, і гэта таксама выявілася вельмі ўдалым рашэннем — шыю я стаў трымаць прамей. Праўда, давялося дадаткова купіць асобную клавіятуру і трэкпад.
З падстаўкай я не стаў замарочвацца і набыў адну з самых танных. Бачыў водгукі, што выбіраць трэба ў залежнасці ад памеру ноўтбука, — але гэта ўсё лухта. Самая звычайная маленькая падстаўка спраўляецца з ноўтам любой вагі (калі, вядома, у вашай краіне няма землятрусаў). А яшчэ класна, калі падстаўка складная і займае мала месца.
Дадаткова для свайго працоўнага месца ў эміграцыі я купіў ахову для падлогі, каб не пашкодзіць яе ад перасоўвання на крэсле — усё ж такі кватэра арандаваная.
І некалькі парад:
- Пад’ёмны стол — тэма. Я б не пераплачваў за дадатковыя функцыі, нейкую суперстабільнасць або магутнасць матора. Галоўнае — арыентавацца на тое, што вы плануеце ставіць на гэты стол, і глядзець на масу, якую ён можа вытрымаць.
- Крэсла трэба выбіраць па зручнасці асабіста для вас. Для мяне апынуліся бескарыснымі падтрымка для паясніцы, механізмы качання, пад’ёмныя падлакотнікі — усё адно рукі ляжаць на стале, а не на іх. Як на мой погляд, пад паясніцу можна проста пакласці маленькую падушку.
- Крэсла-сядло рэкамендаваць не стану — яго трэба спрабаваць, прычым проста паседзець пару хвілін у салоне будзе недастаткова. Калі вырашыце купіць, трэба быць гатовым, што першы час будзе цяжка і нязвыкла. Я працягваю на ім часам сядзець для змены становішча, але не больш за пару гадзін у дзень.
Міхаіл, 41 год, Senior software developer: «На кухонным крэсле доўга не пасядзіш»
Яшчэ ў дакавідныя часы Міхаил заўважыў, што доўга сядзець на кухонным стуле не атрымліваецца — пачынае балець спіна. Таму з пачаткам пандэміі, калі ўсіх адпусцілі працаваць з дому, востра паўстала пытанне абсталявання працоўнага месца: «каб і працаваць было зручна, і гуляць у вольны час, і адчуваць сябе камфортна падчас званкоў, не пераймаючыся, што ззаду відаць хатніх або побыт».
Пашанцавала, што якраз у той час сям’я планавала куплю новай кватэры. У дызайне атрымалася прадугледзець і кабінет — перарабілі пад яго лоджыю. У выніку ўдалося абсталяваць працоўнае месца на поўную: стол з рэгуляваннем вышыні, зручнае крэсла, рэгуляванае асвятленне з нармальным паказчыкам мігцення, блізкае размяшчэнне роутэра для якаснага падлучэння.
У эміграцыі, жывучы ў здымных кватэрах, такую раскошу сабе не дазволіш. Але Міхал кажа, што пры выбары жылля заўсёды шукае, каб для працы быў калі не асобная пакой, дык хаця б ізаляваны куток.
Стол і крэсла: «Стоячы добра працуецца і не хочацца стужку гартаць»
— Апошнія даследаванні паказваюць, што вялікай розніцы паміж тым, ці сядзіце вы за сталом, ці стаіце, няма. Часцяком змена позы больш карысная, таму не варта выключаць варыянты геймерскіх і офісных крэслаў, у якіх можна разваліцца і круціцца.
Стол з рэгуляваннем вышыні зручны яшчэ і тым, што яго можна адаптаваць канкрэтна пад сябе і сваё крэсла: падлакотнікі павінны быць на ўзроўні стальніцы або заходзіць пад яе. Я для сябе вызначыў 3–4 становішчы стала, паміж якімі пераключаюся.
Пасля пакупкі такога стала спачатку я часта ўставаў, потым радзей. Увёў для сябе правіла: праводзіць званкі і думаць стоячы. Так менш страчваеш увагу і не цягнецца рука гартаць стужку ў сацсетках.
Асвятленне: «Выбірайце па паказчыку мігцення і магчымасці рэгулявання»
— Лямпу трэба выбіраць з нармальным паказчыкам мігцення і магчымасцю рэгулявання магутнасці.
У святлодыёдных лямп ёсць паказчык flicker index. Пры высокіх значэннях вочы хутка стамляюцца і можа пачаць балець галава (некаторыя людзі і камеры бачаць гэтае мігценне).
Магчымасць рэгуляваць асвятленне таксама важная: яркае святло — для працы і канцэнтрацыі, прыцемненае — увечары для адпачынку. Больш сіняга — для бадзёрасці, больш цёплага — перад сном.
Яшчэ Міхал дадае, што распрацоўшчыкі часта выбіраюць цёмныя тэмы для рэдактараў кода, якія «мацней садзяць вочы». На цёмным фоне літары як бы свецяцца і ў іх з’яўляецца арэол, які размывае межы. Вочы спрабуюць гэта выправіць і напружваюцца мацней. На светлым фоне арэолаў не ўзнікае. Таму Міхал раіць рабіць фон святлейшы або хаця б выбіраць не занадта кантраснае асвятленне да цёмных тэм.
Некалькі лайфхакаў:
- На некаторых сталах ёсць нахільныя ўстаўкі з гумы або мяккага пластыку. Зручна, калі перадплеччы і запясці ляжаць менавіта на іх, а не ўпіраюцца ў рабрыну стала.
- Зручнасці дадае мяккая накладка на ўвесь стол. Звярніце ўвагу: накладка з тканіны моцна захоўвае цяпло, таму з ноўтбукам гэта не найлепшае рашэнне. Скура ці замяняльнік скуры будуць лепш.
- Калі роўтар далёка ад працоўнага месца, з-за чаго дрэнны сігнал, а кватэра здымная і пракласці кабель немагчыма, не забывайце, што існуюць PowerLine-прылады. Сігнал можна пусціць па правадах сеткі 220.
- Незаменная рэч для працы з ноўтбукам — падстаўка або ножкі, якія дазваляюць падняць заднюю частку прылады. Так клавіятура набывае больш эрганамічны нахіл, і набіраць тэкст робіцца зручней.
Наталля, 38 гадоў, software development: спрабавала працаваць нават дома у сяброў
Наталля, як і большасць, пачала працаваць з дому ў 2020 годзе. Першыя два гады праца была цалкам дыстанцыйная, потым — гібрыдная. Зараз яна ходзіць у офіс ад 1 да 3 разоў на тыдзень.
— Спачатку на аддалёнцы я працавала за абедзенным сталом і заўважыла, што пасля гэтага ўсё баліць і псуецца пастава. Таму задумаўся пра куплю добрага крэсла, асобнага працоўнага стала і манітора.
Пры выбары я звяртала ўвагу на эрганоміку: як ляжаць рукі, куды скіраваны погляд, ці рэгулюецца вышыня манітора. Плюс я люблю, калі перад мной ляжаць і клавіятура, і нататнік, таму стол павінен быць дастаткова глыбокі.
Перад тым як купіць усё неабходнае, я чытала артыкулы з парадамі і, што яшчэ важней, абмяркоўвала пытанні, якія мяне цікавілі, з сябрамі і калегамі. Часам я прыходзіла да кагосьці ў госці папрацаваць на паўдня, каб зразумець, наколькі мне зручны іх працоўны сетап.
Мышка: «З-за пашкоджанага запясця складана падабраць зручную»
— Прыкладна ў той жа час я пашкодзіла запясце на ёзе, таму трэба было нешта прыдумаць з мышкай і забяспечыць нешта мяккае пад абедзве рукі, каб яны былі ў правільным становішчы.
У выніку я пераспрабавала некалькі мышак. Спачатку купіла тую, што пад кутом — яна аказалася занадта цяжкая для маёй траўмаванай рукі. Потым я выпрасіла на працы мышку з трэкболам, якую не трэба рухаць. Але цяпер і з ёй праблема: я зноў пашкодзіла запясце і не магу карыстацца вялікім пальцам. Відаць, давядзецца вяртацца да тачпада. Добра, што ў Mac ён нармальны.
Клавіятура: «Фізіятэрапеўт параіў раздзельную»
— Давялося пераспрабаваць і нямала клавіятур. Адны былі нязручныя па раскладцы, другія — занадта шумныя, трэція не падыходзілі па глыбіні клавіш і г. д. Доўгі час я карысталася клавіятурай Apple. Але нядаўна абмеркавала з фізіятэрапеўтам, чаму ў мяне так напружваюцца плечы і шыя. Высветлілася, што падчас працы на звычайнай клавіятуры рукі ссоўваюцца да цэнтра, з-за чаго плечы згортваюцца і напружваюцца мацней, чым трэба.
Спецыяліст параіў купіць клавіятуру, якая падзяляецца на дзве палавінкі і якую можна раскласці на стале ў фізіялагічна правільным становішчы для рук пры раскрытай грудной клетцы. Праўда, і тут не ўсё проста. Такіх клавіятур не так шмат і яны каштуюць дорага.
Першую клавіятуру я набыла б/у, каб паспрабаваць і зразумець, ці падыходзіць мне такі варыянт. Яна аказалася даволі грувасткай, і да яе цяжка было прызвычаіцца. У выніку калегі параілі мне самаробную клавіятуру, надрукаваную на 3D-прынтары, з дэталямі, заказанымі ў інтэрнэце, і сабраную пад канкрэтнага чалавека. Такія клавіятуры маленькія, эрганамічныя і партатыўныя. Зараз я якраз практыкуюся на такой у офісе.
Ну і давядзецца дакупіць другі сіліконавы валік пад запясце. Калі раней ён ляжаў пасярэдзіне і хапала на абедзве рукі, то цяпер часткі клавіятуры занадта далёка адна ад адной.
Асвятленне: «Хочацца глядзець у акно, але каб сонца не ззяла на маніторы»
— Пасля пераезду ў новую кватэру я змагла выдзеліць асобны пакой пад кабінет — і грэх было гэтым не скарыстацца. Але ёсць нюансы.
Напрыклад, я выявіла сезонныя праблемы. У пакоі 2 вокны, і я старалася паставіць стол так, каб сядзець насупраць. З надыходам лета высветлілася, што ў адно акно паставяць кандыцыянер, побач з якім будзе холадна, а ў другое пачне біць яскравае сонца (зімой яго не было). Давядзецца шукаць такое становішча, каб і глядзець у акно, і каб сонца не блікавала на экране.
Зімой давялося дакупіць доўгую гарызантальную лямпу на ножцы, якая мацуецца над маніторам і раўнамерна асвятляе ўсю працоўную паверхню, не слепячы вочы.
І некалькі парад:
- Раздзельная клавіятура — даволі спецыфічная і дарагая рэч, таму перад купляй абавязкова знайдзіце магчымасць праверыць, ці падыходзіць вам такі фармат.
- І не пераймайцеся тым, што вам здаецца неістотным, але ўсе рэкамендуюць. Калі вы працуеце на клавіятуры ноўтбука і вам камфортна — працягвайце. Бо вельмі лёгка купіць тое, што маркетынг вам навязвае, і ніколі гэтым не карыстацца.
Фота: з асабістага архіва герояў.
Читать на dev.by