«Стаць лідарам у свеце AI-арыентаваных бізнесаў». EPAM чакае рэкордную выручку ў 2025
EPAM чакае рэкордную выручку ў 2025 годзе. Гэта вынікае з фінансавай справаздачы кампаніі па выніках трэцяга квартала.
+700 млн даляраў
У ліпені–верасні EPAM зноў абнавіў рэкорд па квартальнай выручцы, зарабіўшы 1,39 млрд даляраў — амаль на 20% больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.
Выручка за трэці квартал аказалася вышэйшай за прагноз: яшчэ летам кіраўніцтва кампаніі прагназавала атрымаць 1,36-1,38 млрд даляраў.
Паводле слоў генеральнага дырэктара і прэзідэнта EPAM Балажа Фейеша, «гэта стала магчымым дзякуючы глыбокаму інжынернаму досведу і фокусу на дапамозе кліентам у стварэнні іх AI-фундамента і трансфармацыі ў AI-арыентаваныя арганізацыі».
Ён дадаў, што інвестуючы ў AI і інавацыі, таленты і партнёрствы ў галіне AI, EPAM паскарае «уласную трансфармацыю, абапіраючыся на інжынерную спадчыну і ўмацоўваючы стратэгічныя пазіцыі, каб стаць лідарам у свеце AI-арыентаваных прадпрыемстваў».
Па выніках усяго 2025 года топ-менеджмент EPAM чакае сумарную выручку на 15% больш, чым у мінулым годзе — у межах 5,43-5,44 млрд даляраў. У грашах выручка, па прагнозах, вырасце на 700+ мільёнаў даляраў. Калі чаканні кампаніі спраўдзяцца, то EPAM атрымае рэкордную выручку не толькі за апошнія 6 гадоў, але і за ўвесь час існавання.
Чысты прыбытак ніжэй, чым у 2024
А вось з чыстым прыбыткам у EPAM па-ранейшаму не ўсё гладка. За трэці квартал ён знізіўся на 22%, а за дзевяць месяцаў — на 24% ці амаль на 83 млн даляраў.
Адным з негатыўных фактараў уплыву стаў рэзкі рост страт ад курсавых розніц. Калі за дзевяць месяцаў мінулага года ён склаў 1,4 млн даляраў, то за такі ж перыяд гэтага года — 20,5 млн даляраў ці амаль у 15 разоў больш. Таксама ў гэтым годзе выраслі камерцыйныя, агульныя і адміністрацыйныя расходы (з 599 да 685 млн даляраў).
Глабальны штат расце
У канцы чэрвеня гэтага года EPAM усталяваў яшчэ адзін рэкорд: глабальны штат кампаніі ўпершыню перавысіў мяжу ў 62 тысячы спецыялістаў. За трэці квартал каманда EPAM вырасла яшчэ на 300 супрацоўнікаў. На канец верасня глабальны штат налічваў 62 350 спецыялістаў.
Працягвае расці і каманда вытворчых спецыялістаў. За трэці квартал штат павялічыўся з 55,8 да 56,1 тысячы чалавек.
Читать на dev.by