Epic Games выйграла суд супраць Google праз тры гады разглядаў
Прысяжныя суда ў Каліфорніі пагадзіліся з абвінавачваннем, што Google атрымала манаполію на рынках дыстрыбуцыі Android-праграм і ўбудаваных пакупак, такім чынам нанёсшы шкоду інтарэсам Epic Games.
Прысяжныя суда ў Каліфорніі пагадзіліся з абвінавачваннем, што Google атрымала манаполію на рынках дыстрыбуцыі Android-праграм і ўбудаваных пакупак, такім чынам нанёсшы шкоду інтарэсам Epic Games.
У рашэнні пазначаная «супрацьпраўная сувязь» паміж крамай Google Play і натыўным сэрвісам плацяжоў Google Play Billing, а пагадненні кампаніі з распрацоўшчыкамі і іншымі партнёрамі названыя «антыканкурэнтнымі». Больш за 95% праграм на Android сёння прасоўваюцца праз Google Play.
Прадстаўнік Epic Games заявіў, што перамога кампаніі — гэта «перамога для ўсіх распрацоўшчыкаў і спажыўцоў». Таксама кампанія лічыць рашэнне «гістарычным», і разбіральніцтва паказвае на неабходнасць перагледзець антыманапольнае рэгуляванне. Google збіраецца абскардзіць рашэнне суда.
На думку Google, на рынку існуе сур’ёзная канкурэнцыя з Apple і App Store і іншымі кампаніямі на Android-прыладах. Суддзя Джэймс Даната ў студзені 2024 года мае вызначыць наступствы рашэння суда прысяжных. Epic Games не выстаўляла патрабавання грашовай кампенсацыі.
Раней у 2020 годзе Epic Games дазволіла геймерам купляць віртуальныя прадметы ў гульні Fortnite у абыход App Store і Google Play без неабходнасці плаціць камісію ў памеры 30%. Кампаніі выдалілі гульню з крамаў. Тады распрацоўшчык падаў на іх у суд, але ў спрэчцы з Apple прайграў — у красавіку наступнага года чакаецца апеляцыя па гэтай справе.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.