ЕС незадаволены Telegram, але пакараць яго перашкаджаюць свае ж законы
Telegram выклікаў незадаволенасць еўрапейскіх рэгулятараў праз слабую мадэрацыю і распаўсюджванне дэзынфармацыі і шкоднага кантэнту. Аднак пакараць платформу не так проста — перашкодай стала велічыня аўдыторыі.
Еўракамісія пры абмеркаванні рэгулявання месенджара сутыкнулася з нечаканай юрыдычнай перашкодай. Згодна з новым законам «пра лічбавыя паслугі» (DSA), самыя строгія патрабаванні выстаўляюцца да так званых «лічбавых брамнікаў» — буйных анлайн-платформаў, аўдыторыя якіх складае больш за 45 мільёнаў карыстальнікаў ЕС. Прадстаўнікі Telegram настойваюць, што месенджар не дасягнуў гэтай планкі.
У Еўрасаюзе да гэтых слоў ставяцца скептычна: напрыклад, прэм’ер-міністарка Эстоніі заклікала Еўракамісію правесці незалежную ацэнку рэальнага ахопу аўдыторыі Telegram. Калас дадала, што запыты на выдаленне кантэнту часта застаюцца без адказу і з гэтым сутыкаюцца і іншыя краіны — сябры ЕС. «Дэзынфармацыя распаўсюджваецца ў Telegram адкрыта і цалкам бескантрольна», — заявіла яна.
Bloomberg адзначае, што еўрапейскія чыноўнікі раскрытыкавалі кіраўніцтва Telegram. На іх думку, месенджар стаў галоўнай зброяй расійскай прапаганды ў распаўсюдзе дэзынфармацыі, накіраванай на падрыў падтрымкі Украіны. Таксама месенджар выкарыстоўваюць супрацоўнікі расійскай выведкі для вярбоўкі выканаўцаў дыверсій у еўрапейскіх краінах.
Паводле даных агенцтва, цяпер рэгулятар актыўна абмяркоўвае з кампаніяй методыку падліку карыстальнікаў і крытэры, па якіх сэрвіс можна аднесці да катэгорыі буйных платформаў. У выпадку парушэнняў закона Telegram пагражаюць штрафы ў памеры да 6% ад гадавога абароту. Для паўторных парушэнняў прадугледжаныя санкцыі аж да блакавання доступу да лічбавага рынку ЕС.
Пры гэтым Telegram лічыць, што платформа дрэнна падыходзіць для масавага распаўсюджвання дэзынфармацыі, бо не выкарыстоўвае алгарытмаў рэкамендацый і стужкі навін. Акрамя таго, цяпер кампанія распрацоўвае інструмент для праверкі фактаў Fact Check, які дазволіць дадаваць да сумніўных паведамленняў пазнакі ад арганізацый, якія займаюцца фактчэкінгам.
Читать на dev.by