«Мы ж сям'я». Ці кажуць так яшчэ ў ІТ-кампаніях?
Крызіс напэўна канчаткова разбурыў канцэпцыю «мы ж сям'і», да якой мог звяртацца працадаўца ў старыя добрыя часы.
Ці не?
Сям’я — гэта «тэрміновыя задачы ў 23:00 і выходныя» або «партнёрства і развіццё»? LinkedIn спрачаецца
У лінкедзіне нярэдка вядуцца дыскусіі, ці павінна кампанія быць «адной вялікай сям’ёй».
Частка карыстальнікаў лічыць: калі кампанія кліча сябе так, то з вялікай верагоднасцю кандыдат сутыкнецца з усім букетам сямейных праблем, у тым ліку праблем няшчасных сем’яў.
«Сэнс сям'і — безумоўная любоў і падтрымка, сэнс у кампаніі — сумесны вынік. Калі ў кампаніі кажуць: «Мы — сям’я», — вам свеціць:
- праца, каб прыкрыць касякі шалапутнага, але ўсімі любімага
«сваяка»; - тэрміновыя задачы ў 23:00 і выходныя;
- складанасці з тым, каб даць зваротную сувязь зорцы-токсіку, якая здзімаецца, бо «гэта наша ўсё», або ўсеагульнай любіміцы, якая факапіць задачы;
- і праблемы з тым, каб сысці, каб працягнуць кар’еру.
Мне бліжэйшы падыход: нашая кампанія — здаровая каманда, якая ідзе да выніку, падтрымлівае, дапамагае расці, не раствараючы цябе ў сабе, — раскрывае наступствы працы ў кампаніі-«сям'і» для супрацоўніка адзін з карыстальнікаў.
Іншы карыстальнік тлумачыць, у чым небяспека для працадаўцы, калі яго кампанія — «сям’я»:
- «у сям'і вельмі вялікая цярпімасць да памылак — мы ж сям’я;
- сямейная культура перашкаджае прымаць кадравыя рашэнні, прадпрымальнікі/кіраўнікі цярпяць тых, хто неэфектыўны, гадамі;
- раставанне з супрацоўнікам у такім асяроддзі амаль заўсёды прыводзіць да крыўд, шантажу, канфліктаў, пагроз.
У правільным бізнэсе ўсе арыентаваны на вынік. Гэта норма. Стандарт. Кіраўнік падбірае людзей у каманду па прынцыпе «каштоўнасці», якую супрацоўнік можа прынесці камандзе/кампаніі.
Дружалюбная, цёплая атмасфера — выдатныя элементы карпаратыўнай культуры, але яны не павінны супрацьстаяць выніку».
Ёсць і тыя, хто абараняе канцэпт кампаніі-«сям'і». Гэтыя карыстальнікі пішуць, што кожны ўкладвае нешта сваё ў слова «сям’я», і для кагосьці яно звязанае «з партнёрствам і развіццём».
— У мяне быў найпрыгажэйшы досвед у кампаніі, дзе ўсе адно аднаго падтрымлівалі. Прыходзіш да любога калегі з ідэяй, кажаш: «Давай зробім!» — і ў адказ заўсёды чуеш: «Давай!» І якія крутыя праекты атрымліваліся!
Калі ў кампаніі з’яўляліся новыя супрацоўнікі, у нас часта гучала фраза: «Нашая кампанія — гэта вялікая сям’я, звяртайся з любым пытаннем, кожны дапаможа або накіруе ў патрэбнае рэчышча».
Цяпер працягваем сустракацца з калегамі, і ў нас такія цёплыя і далікатныя ўспаміны пра кампанію, — піша яшчэ адзін карыстальнік.
«Ціснулі на пачуццё віны: маўляў, няма каму працаваць будзе ж» — досвед чытачоў devby.io
Java-распрацоўшчыца Кацярына расказала, што на старце кар’еры (а яна ў ІТ 6 гадоў) працавала ў двух беларускіх аўтсорсах, «якія актыўна навязвалі сваім супрацоўнікам „сямейныя“ каштоўнасці».
— Але папрацаваўшы пасля ў прадуктовых кампаніях, я зразумела: чым горшае месца — тым актыўнейшае ўціранне пра «сям’ю», і пры гэтым заробкі ніжэйшыя, а працы і маніпуляцый больш.
Кацярына ўспамінае, як у гэтых кампаніях яе спрабавалі ўтрымаць пры звальненні, «ціснулі на пачуццё віны: маўляў, няма каму ж працаваць будзе». Дапамагло веданне працоўнага заканадаўства і вытрымка, вядома.
Кацярына лічыць, што канцэпт «мы ж сям’я» захоўваецца і цяпер, але ў асноўным там, дзе робяць стаўку на джуноў.
— Бо яны толькі ўвайшлі ў ІТ і баяцца вылецець, часта не ўпэўненыя ў сабе і не ведаюць правілаў. А менеджары, якія імі маніпулююць, адчайна спрабуюць спадабацца кіраўніцтву: глядзіце-ка, я чалавека не падвышаю ўжо два гады, столькі грошай зэканоміў вам, гаспадар. Вось я які карысны!
Сама Кацярына рэкамендуе з такіх кампаній сыходзіць:
— Мой таварыш engineering-менеджfр лічыць, што выдатны спец у любы час (у тым ліку і ў крызіс) на вагу золата і знойдзе працу — пытанне, колькі часу зойме пошук. Так што, калі вы сапраўды класны спецыяліст, можаце не гуляць у гэтыя гульні.
Сумняваецеся ў сабе — тады разбярыцеся са сваімі скіламі. А пакуль можаце і пагуляць у «адную вялікую сям’ю» (але ўлічыце, часта гэтая гульня мае на ўвазе, што вы будзеце цягнуць у тым ліку не свае задачы), пакуль не знойдзеце новай.
А тым, хто толькі пачынае свой шлях у ІТ і баіцца мяняць працу праз недахоп досведу, я б прапанавала прайсці курс НЛП і перамоў. Гэта тое, чаму менеджараў у аўтсорсах (і не толькі) актыўна навучаюць — як маніпуляваць супрацоўнікамі. Маючы паняцце пра НЛП, пачаткоўцы хоць бы будуць разумець у любы момант, што адбываецца — мова менеджараў для іх стане «выпуклай». Ёсць, вядома, класныя менеджары, якія паважліва ставяцца да супрацоўнікаў любога ўзроўню, адкрытыя, сумленныя, але, на жаль, такіх не так шмат, як хацелася б.
Анатоль — распрацоўшчык, у ІТ 7+ гадоў. Ён пачынаў у кампаніі-«сям'і» — і яго ўсё задавальняла, пакуль у яго не з’явілася ўласная сям’я.
— Працаваў у такой кампаніі адразу пасля ўніверсітэта — і, калі шчыра, мне вельмі падабалася:
- я радаваўся таму, якія мы дружныя, — і як мы шмат часу бавім разам (піва з калегамі пасля працы, гульня ў «настолкі» ў пятніцу ўвечары, карпаратывы з цім-білдынгам на некалькі дзён — усё было);
- расказваў сябрам, што ў нас як у мушкецёраў «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». І гэта праўда: я мог папрасіць дапамогі ў каго заўгодна з калег і атрымліваў яе. Сам жа ў адказ браўся за любую працу, і калі трэба было калісьці папрацаваць даўжэй або выйсці ў выходныя, казаў: «Няма праблем!» Я нават сам дадаваў, што мы амаль сям’я (у нас часта гучалі гэтыя словы ў кампаніі).
А потым я ажаніўся і стаў па-іншаму глядзець на рэчы, і сёе-тое заўважаць:
- напрыклад, выйсці ў суботу — так, па-ранейшаму без праблем. Але я ўжо выходзіў два разы ў гэтым месяцы, а сёння мне трэба застацца дома з дзіцем, каб мая жонка магла схадзіць да доктара, — бо яна і дзіця і ёсць мая сапраўдная сям’я. Але мой кіраўнік чамусьці адчытваў мяне, нібы я «прагуляў» працу.
- або што калега вырашыў звольніцца, бо яму не падымалі заробку («няпростыя часы — трэба пацярпець»). Але яго не хацелі адпускаць і ціснулі на сумленне — маўляў, ён, такі-разгэтакі, кідае сям’ю, што яго выгадавала.
Было яшчэ шмат усяго, пра што расказваць не буду. Скажу, што, уцяміўшы, я стаў шукаць і знайшоў іншую працу — не ў «сям'і» (спецыяльна абыходзіў вакансіі з гэтым словам у апісанні).
Былым калегам і той кампаніі вельмі ўдзячны за тое, што дапамагалі мне расці і развівацца, але не лічу, што застаўся ў вечным абавязку перад імі — я ўсё вярнуў працай.
«Сям’я будуецца на любові, а праца — гэта абмен навыкамі і часам на грошы»: што кажуць эксперты
Пытанне аб тым, ці захаваліся ў 2024 годзе кампаніі, якія ўсё яшчэ эксплуатуюць канцэпт «мы ж сям’я», мы пераадрасавалі экспертам.
Каця Лысёнак, беларуска ў Google і кар’ерны коўч, а таксама заснавальніца MyCareerDev — праекта для жанчын, якія хочуць самарэалізавацца ў жыцці і працы, — лічыць, што да працы больш дастасавальнае слова «каманда».
Iдэя пра «сям’ю на працы» можа гучаць прывабна, але ў рэальнасці часта выклікае праблемы. Кампаніі, якія прасоўваюць гэтую канцэпцыю, могуць чакаць, што супрацоўнікі будуць ставіць працу вышэй за ўсё, што прыводзіць да выгарання і пачуцця выкарыстанасці. А калі адбываюцца звальненні (а яны адбываюцца!), гэта выклікае адчуванне здрады.
Сёння шмат кампаній пераходзяць да канцэпцыі «каманда». Гэта значна лепш, бо акцэнт робіцца на супрацоўніцтве і агульных мэтах без эмацыйнага цяжару «сям'і». Гэта больш падобна да спартыўнай каманды — вы падтрымліваеце адно аднаго, святкуеце перамогі, але ведаеце, што гэта ўсё ж такі праца.
Сям’я будуецца на безумоўнай любові, у той час як праца — гэта абмен навыкамі і часам на грошы. Гэта зусім розныя адносіны! З ростам самасвядомасці і фокусу на асабістым дабрабыце ідэя «сям'і на працы» губляе сваю актуальнасць.
Так што, калі хтосьці зноў паспрабуе прадаць вам ідэю «сям'і на працы», памятайце: моцная працоўная каманда — гэта тое, што вам сапраўды трэба! Гэта дазваляе захоўваць прафесійныя адносіны і падтрымліваць здаровы баланс паміж працай і асабістым жыццём.
CEO і фаўндарка ІТ-рэкрутынгавага агенцтва Lucky Hunter Таццяна Мельнічук згодная з гэтым меркаваннем:
— Канцэпцыя «кампанія-сям’я», на маю думку, — не больш чым спекуляцыя на пачуццях людзей. Праца — гэта заўсёды гісторыя пра таварна-грашовыя адносіны: спецыялісты прадаюць свае навыкі і час у абмен на ўзнагароджанне.
Як правіла, у сем’ях адносіны будуюцца па іншых правілах — калі, вядома, не браць у разлік сямейнага бізнэсу, дзе грашовыя адносіны, перадача навыкаў па спадчыне, сумесная праца магчымыя ў рамках блізкіх роднасных адносін. Аднак нават у такіх сем’ях наўрад ці магчымыя звальненне, адпачынак па ТК, KPI, зарплата паводле дамовы, дый сама дамова, хутчэй за ўсё, адсутнічае.
Усё гэта кажа пра тое, што мадэль адносін, якую закладваюць у працу некаторыя кампаніі — простая падмена паняццяў і спроба прыцягнуць спецыяліста нематэрыяльнымі выгодамі, бо матэрыяльных, верагодна, недастаткова.
На шчасце, у 2024 годзе падыход «мы ўсе — адна вялікая сям’я» практычна не сустракаецца ў карпаратыўных культурах і, з майго досведу, перастаў быць папулярным гадоў 7-8 ужо як, асабліва калі казаць пра сферу ІТ.
Прапаганда лямпавай «мі-мі-мі» атмасферы не спрацавала, як толькі з’явілася — на гэта не купляліся кандыдаты, таму ў ІТ гэтая штучная атмасфера сям'і хутка знікла. На змену ёй прыйшла адэкватная, дзе людзі працуюць, каб атрымліваць узнагароджанне і забяспечваць жаданы ўзровень жыцця наўзамен на свой час і скілы.
Читать на dev.by