Фэйкавыя электрыкі вымагалі ў мінскага айцішніка 5750 біткойнаў
Улетку мінулага года двое мужчын у спецвопратцы пазванілі ў дзверы 45-гадовага праграміста: прадставіліся электрыкамі і заявілі, што ім трэба праверыць лічыльнікі. Але ў выніку «спецыялісты» надзелі на мужчыну кайданкі і запатрабавалі ў яго крыптавалюту на суму больш за мільярд рублёў, распавядае Onliner.
Гісторыя адбылася 15 жніўня 2024 года. Зламыснікі пагражалі айцішніку пісталетам і ін’екцыяй наркатычных сродкаў, білі электрашокерам. Жаданага яны не атрымалі. Пазней адзін з мужчын схаваўся за мяжой, а другі, жыхар Гродна, быў затрыманы.
Генеральная пракуратура накіравала крымінальную справу ў суд. Гродзенца абвінавачваюць у рабаванні і вымаганні, здзейсненых групай асобаў па папярэдняй змове з мэтай завалодання чужой маёмасцю ў асабліва буйным памеры. Абвінавачаны загадзя распрацаваў і ўзгадніў з саўдзельнікамі злачынны план, а таксама знайшоў сродкі і прылады для яго здзяйснення.
Саўдзельнікі патрабавалі ад пацярпелага перавесці крыпту на віртуальны кашалёк, але ў выніку сышлі, пакінуўшы фрагмент паперы з адрасам, на які мінчанін цягам сутак мусіў пералічыць 5750 біткойнаў. Дарэчы, па сённяшнім курсе гэта больш за $500 млн.
Дзеянні гродзенца кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 207 і ч. 3 арт. 208 Крымінальнага кодэкса. Абвінавачаны змешчаны пад варту.
Читать на dev.by