Google будзе караць Android-праграмы, што «з'ядаюць» зарад батарэі
У Google Play з’явяцца папераджальныя цэтлікі для праграм, якія парушаюць стандарты энергаэфектыўнасці. Так кампанія спрабуе змагацца з аплікацыямі, якія празмерна расходуюць зарад батарэі.
Галоўнае новаўвядзенне датычыцца сістэмы кантролю за так званымі wake locks — механізмамі, якія не дазваляюць смартфону пераходзіць у рэжым сну. Калі аплікацыя утрымлівае прыладу «бадзёрай» больш за дзве гадзіны на суткі без важкай прычыны, ён будзе лічыцца парушальнікам нормаў. Выключэнні прадугледжаны толькі для відавочна карысных фонавых працэсаў — напрыклад, прайгравання музыкі ці спампоўкі дадзеных па ініцыятыве карыстальніка.
Для такіх аплікацый на старонцы ў Play Store з’явіцца пазнака: «Гэтая аплікацыя можа расходаваць больш энергіі, чым чакалася, з-за высокай актыўнасці ў фонавым рэжыме». Акрамя таго, праграмы з празмерным энергаспажываннем могуць страціць бачнасць у рэкамендацыях і падборках крамы, што ўдарыць па іх прасоўванні і колькасці спамповак.
Google тлумачыць, што мэта новаўвядзення — не толькі пакараць неэфектыўныя аплікацыі, але і павысіць празрыстасць для карыстальнікаў. Механізм стане часткай сістэмы «асноўных тэхнічных метрык якасці», куды ўжо ўваходзяць паказчыкі стабільнасці і плаўнасці працы аплікацый. Цяпер да іх дадаецца і паказчык энергаэфектыўнасці.
Для прылад, што носяцца, такіх як гадзіннікі, усталяваны асобныя нормы: алпікацыя будзе лічыцца праблемнай, калі расходуе больш за 4,44% зарада ў гадзіну падчас актыўнага выкарыстання.
Паводле дадзеных кампаніі, новая метрыка распрацавана сумесна з Samsung і стане крокам да больш даўгавечнай працы прылад і сумленнай канкурэнцыі паміж распрацоўшчыкамі. Google разлічвае, што карыстальнікі змогуць лепш разумець, якія аплікацыі хутка разраджаюць тэлефон, а распрацоўшчыкі — аптымізаваць свае прадукты, каб адпавядаць новым стандартам.
Читать на dev.by