Google могуць падзяліць: Мінюст ЗША думае, як даць рады манапалісту
Пасля знакавага рашэння амерыканскага суда пра манаполію Google бакі рыхтуюцца да другога этапу слухання, які можа прывесці да падзелу карпарацыі.
Паводле звестак Bloomberg, Міністэрства юстыцыі ЗША разглядае некалькі варыянтаў дзеянняў. Ведамства можа запатрабаваць падзелу кампаніі. Менш суровыя варыянты — гэта прымус Google дзяліцца вялікім аб’ёмам даных з канкурэнтамі або забарона на атрыманне несправядлівых пераваг у АІ-прадуктах.
У выпадку прымусовага падзелу кампаніі самымі верагоднымі актывамі на продаж будуць АС Android і браўзер Chrome. Таксама магчымы продаж платформы тэкставай рэкламы Google Ads. Мінюст ЗША правёў кансультацыі з кампаніямі, якія пацярпелі ад дзеянняў Google.
Варыянт з продажам АС Android мае пакласці канец прымусовым пагадненням, якія Google патрабуе падпісваць вытворцаў гаджатаў. Тыя маюць перадусталёўваць праграмы кампаніі і забяспечваць да іх доступ. Сярод абавязковых да ўсталёўкі значацца Gmail, Google Play Store, пошукавая праграма Google і браўзер Chrome.
Таксама суд пастанавіў, што Google манапалізавала рэкламу, размешчаную ў верхняй частцы старонкі пошукавай выдачы. Яна прадаецца праз платформу Google Ads. Пошукавая рэклама складае каля двух трацін агульнага даходу кампаніі — гэта больш за $100 мільярдаў. Продаж Google Ads істотна паўплывае на фінансавае становішча карпарацыі.
Іншы варыянт — гэта продаж або ліцэнзаванне даных канкурэнтам, паколькі, на думку суда, пашукавік Google атрымлівае ў 16 разоў больш даных, чым канкурэнты. Аднак кампанія выступае супраць гэтага, заяўляючы, што абмен данымі пагражае канфідэнцыйнасці карыстальнікаў.
Выданне мяркуе, што ўрад ЗША хутчэй за ўсё будзе дамагацца забароны на ўкладанне эксклюзіўных кантрактаў, такіх, як пагадненне з Apple аб выкарыстанні пошукавай сістэмы Google па змаўчанні ў браўзеры Safari.
Раней суд вынес рашэнне, у якім Google прызнавалася манапалістам на рынку анлайн-пошуку і пошукавай тэкставай рэкламы. Кампанія мае намер падаць апеляцыю, аднак суд загадаў бакам рыхтавацца да другога этапу справы, у часе якога Мінюст падрыхтуе прапановы па аднаўленні канкурэнцыі на рынку.
Читать на dev.by