Сі Цзіньпін прызнаў адставанне Кітая ў сферы інавацый і патрэбу ў талентах
Кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін пахваліў навуковую галіну краіны, але прызнаў недахопы ў плане тэхналагічных інавацый і перагружанасць навукоўцаў. Пра гэта ён казаў учора на нацыянальнай канферэнцыі ў Пекіне.
Сі разважаў пра складанасці, якія стаяць перад Кітаем, і заклікаў краіну засяродзіцца на тэхналагічным росце — паводле яго слоў, «галоўным полі бою міжнароднай канкурэнцыі».
«Нягледзячы на вялікі прагрэс у навуковым і тэхналагічным развіцці краіны, яе зыходныя інавацыйныя здольнасці адносна слабыя», — адзначыў Сі.
Згадка інавацый прагучала ў прамове кітайскага лідара 55 разоў. У ёй ішла размова пра штучны інтэлект, квантавыя тэхналогіі, біятэхналогіі і энергетыку. На думку Сі, тэхналагічныя прарывы занадта раскіданыя па розных кампаніям і галінах, якія пакутуюць ад «нізкай ступені арганізацыі і каардынацыі», і гэтую праблему трэба вырашыць.
Ключ жа да развіцця інавацый для Кітая ў тым, каб стаць самадастатковым, асабліва на фоне росту напружання ў адносінах з Захадам. «Навукова-тэхналагічная рэвалюцыя і барацьба паміж звышдзяржавамі ўзаемазвязаныя», — сказаў Сі, не называючы ЗША. Ён дадаў, што Кітаю давядзецца разабрацца з тым, што некаторыя «ключавыя тэхналогіі кантралююцца іншымі асобамі».
Раней ЗША прыгразілі пашырыць санкцыі ў дачыненні да шэрагу кітайскіх паўправадніковых кампаній, звязаных з Huawei, і заблакаваць продаж перадавых чыпаў, неабходных для распрацоўкі АІ.
Акрамя таго, Сі падняў пытанне дэфіцыту высокакваліфікаваных кадраў у навукова-тэхналагічнай сферы. Даследчыкі скардзяцца на бюракратыю пры публікацыі навуковых прац, неабходнасць пісаць бескарысныя справаздачы і недахоп рэсурсаў. Сі дадаў, што трэба палепшыць сістэму матывацыі работнікаў сферы. Паводле яго слоў, краіне трэба быць больш паваротлівай і ўзмацніць працу над інавацыямі, каб перамагчы канкурэнтаў у навуцы і тэхналогіях.
Читать на dev.by