Google звольніла каля 30 чалавек за пратэсты супраць супрацоўніцтва з Ізраілем
Google звольніла 28 супрацоўнікаў, якія зладзілі 8-гадзінную сядзячую забастоўку на знак пратэсту супраць супрацоўніцтва кампаніі з ізраільскімі ўладамі ў двух яе офісах у аўторак. Пра гэта піша The Verge са спасылкай на ўнутраную карпаратыўную нататку, якую на наступны дзень разаслаў усяму штату дырэктар бяспекі Google Крыс Ракаў. Напярэдадні былі арыштаваныя 9 удзельнікаў акцыі ў офісах кампаніі ў Нью-Ёрку і каліфарнійскім Санівэйле.
Прадметам незадаволенасці пратэстоўцаў стаў Project Nimbus — кантракт з Ізраілем коштам $1,2 млрд, у рамках якога Google дае воблачныя паслугі і дата-цэнтры мясцоваму ўраду. Да яго таксама прыцягнутая Amazon. Некалькі гуглераў занялі офіс гендырэктара Google Cloud Томаса Курыяна ў Санівэйле, адкуль былі выправаджаныя паліцыяй.
Адзін з пратэстоўцаў падзяліўся з Washington Post відэазапісам, на якім паліцыянты спакойна просяць актывістаў разысціся, інакш яны будуць затрыманыя. Тыя адмаўляюцца, далей іх просяць выйсці, склаўшы рукі за спіну. Прадстаўнік кампаніі ў каментары выданню заявіў, што іх адхілілі ад працы і адклікалі доступ да карпаратыўных сістэм за парушэнне правілаў — у прыватнасці, за тое, што перашкаджалі працаваць іншым супрацоўнікам.
Ракаў адзначыў, што падобныя паводзіны на працоўным месцы непрымальныя, і Google не будзе з гэтым мірыцца. Ён папярэдзіў, што ў выпадку неабходнасці кампанія гатовая прымаць сур’ёзнейшыя меры да тых, хто дрэнна паводзіцца. The Verge прыводзіць поўны тэкст ліста.
У адказ група «No Tech for Apartheid», якая стаіць за акцыяй, назвала звальненні «абуральным актам помсты». Пратэстоўцы адзначылі, што выступаюць супраць кантракта ўжо тры гады, але кіраўніцтва ігнаруе іх меркаванне. Яны падкрэслілі, што маюць права на мірныя пратэсты ў пытаннях, што тычацца ўмоў працы. Актывісты заяўляюць, што не жадаюць працаваць над тэхналогіямі, з дапамогай якіх здзяйсняюцца забойствы, а ўдзел Google у кантракце супярэчыць яе ж АІ-прынцыпам і антычалавечны.
У сакавіку Google ужо звольніла аднаго супрацоўніка, які публічна выказаўся супраць кантракта ў часе выступу топ-менеджара ізраільскага падраздзялення на мерапрыемстве ў Нью-Ёрку.
Читать на dev.by