Google запусціла ШІ-пошук Search Live па ўсім свеце, даступны на беларускай
Кампанія абвясціла аб глабальным запуску функцыі Search Live — ШІ-асістэнта для пошуку, які дазваляе атрымліваць інфармацыю з дапамогай камеры і голасу. Сэрвіс цяпер даступны больш чым у 200 краінах і тэрыторыях, уключаючы Беларусь, і падтрымлівае дзясяткі моў.
Кампанія абвясціла аб глабальным запуску функцыі Search Live — ШІ-асістэнта для пошуку, які дазваляе атрымліваць інфармацыю з дапамогай камеры і голасу. Сэрвіс цяпер даступны больш чым у 200 краінах і тэрыторыях, уключаючы Беларусь, і падтрымлівае дзясяткі моў.
Search Live упершыню была прэзентавана ў верасні 2025 года. Функцыя дазваляе навесці камеру смартфона на аб’ект і задаць пытанне ўслых. Асістэнт аналізуе выяву ў рэальным часе і адказвае голасам, адначасова прапануючы спасылкі на рэлевантныя матэрыялы ў інтэрнэце. Пры гэтым сістэма падтрымлівае дыялог і ўлічвае кантэкст папярэдніх пытанняў.
Глабальнае пашырэнне стала магчымым дзякуючы новай мадэлі Gemini 3.1 Flash, арыентаванай на працу з аўдыё і мультымадальнымі дадзенымі. У кампаніі адзначаюць, што мадэль першапачаткова падтрымлівае мноства моў, забяспечвае больш хуткія адказы і робіць узаемадзеянне з асістэнтам «больш натуральным і інтуітыўным».
Функцыя даступна ў аплікацыі Google на Android і iOS. Для запуску дастаткова націснуць кнопку Live пад радком пошуку. Таксама Search Live інтэграваны ў Google Lens, які раней выкарыстоўваўся для аналізу статычных выяў. Новая сістэма апрацоўвае відэапаток у рэальным часе і сумяшчае камп’ютарнае бачанне з дыялогавым ШІ.
Акрамя гэтага, кампанія пашырае магчымасці перакладу ў рэальным часе ў аплікацыі Google Translate для iOS. Карыстальнікі iPhone цяпер могуць слухаць пераклад прамовы ў рэжыме рэальнага часу праз навушнікі. Функцыя становіцца даступнай у новых краінах, уключаючы Германію, Іспанію, Францыю, Вялікабрытанію, Японію і шэраг іншых рынкаў.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.