Duolingo і Netflix абвясцілі пра партнёрства ў рамках рэкламнай кампаніі другога сезона серыяла «Гульня ў кальмара». Прэм’ера адбудзецца 26 снежня.
У рамках партнёрства Duolingo дадала ў свае ўрокі карэйскай мовы больш за 40 ключавых слоў і фраз з серыяла, у тым ліку «дальгона» — назва карэйскіх прысмакаў з трэцяга эпізоду першага сезона. Таксама ва ўрокі будуць уключаныя фразы «Нікому не давярай», «Давай згуляем у гульню» і «Ты выбыў». Мэта — дапамагчы тым, хто вывучае мову, глыбей занурыцца ў свет серыяла.
Крыніца: Duolingo.
Паводле даных Duolingo, пасля выхаду першага сезона «Гульні ў кальмара» ў 2021 годзе колькасць людзей, якія пачалі вывучаць карэйскую мову, павялічылася на 40%. Цяпер серыял паглядзела больш за 330 мільёнаў гледачоў, а агульны час прагляду склаў 2,8 мільярда гадзін.
У рамках рэкламнай кампаніі Duolingo і Netflix таксама выпусцілі фільтр для TikTok у стылі гульні «Чырвонае святло, зялёнае святло» з серыяла. Фільтр прапаношвае карыстальнікам праверыць свае веды карэйскай мовы з дапамогай галасавых заданняў, у якіх удзельнічае сава Дуа, талісман Duolingo, апранутая ў ружовы касцюм ахоўніка.
Netflix таксама праводзіць гонку ў Лос-Анджэлесе 12 снежня, дзе фанаты могуць пазмагацца за месца на прэм’еры ў ЗША. На прэм’еры будуць прысутнічаць рэжысёр Хван Дан-хёк і акцёры, у тым ліку Лі Джон-джэ, выканаўца галоўнай ролі.
У некалькіх гарадах (Нью-Ёрк, Мадрыд, Сеул і Сідней) фанаты могуць наведаць мерапрыемства «Squid Game: Тhe Experience», дзе ім прапаноўваецца ўзяць удзел у папулярных гульнях з серыяла. 17 снежня будзе запушчаная новая мабільная гульня «Squid Game: Unleashed», распрацаваная Netflix Games.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.