ІКТ зноў драйвіць эканоміку Беларусі — ужо ў топ-3
Беларуская эканоміка вырасла за пяць месяцаў на 2,5%. Адным з трох асноўных сектараў эканомікі, якія паўплывалі на рост ВУП, стаў ІКТ.
Паводле дадзеных Белстата, за студзень–май ВУП Беларусі вырас да 101,4 млрд рублёў. ІКТ-сектар забяспечыў прырост ВУП на 0,2%.
Яшчэ год таму (па выніках студзеня-мая 2024) ён быў у ліку сектараў, якія, наадварот, стрымлівалі рост эканомікі. Па выніках усяго 2024 года ІКТ забяспечыў прырост эканомікі на 0,1%, заняўшы па гэтым паказчыку апошняе месца сярод асноўных відаў дзейнасці. У пачатку гэтага года ІКТ падняўся на чацвёртае месца па ўплыве на рост ВУП.
Доля ІКТ у структуры ВУП таксама расце. Калі ў студзені–лютым яна складала 4,3-4,6%, то з сакавіка стабільна трымаецца на ўзроўні не ніжэй 5%.
ІТ-кампаніі, якія працуюць у Беларусі, паступова адаптаваліся да новых умоў вядзення бізнесу пасля пачатку вайны ва Украіне, і пераразмеркавалі свае продажы, павялічыўшы долю ўнутранага рынку. Гэта дазволіла ІТ-сектару зноў стаць адным з асноўных драйвераў росту эканомікі.
За мінулы год продажы ІT-прадуктаў і паслуг на ўнутраным рынку кампаніямі ПВТ выраслі на траціну (+0,5 млрд рублёў) адносна 2023 года — да 2 млрд рублёў. Гэта рэкордны паказчык продажаў за апошнія 4 гады.
У I квартале сёлетняга года выручка на ўнутраным рынку вырасла на 24% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і перавысіла 0,5 млрд рублёў (прыкладна 152 млн даляраў). Доля экспарту ў агульнай выручцы кампаній ПВТ скарацілася да 75%, а доля ўнутранага рынку вырасла да 25%.
Читать на dev.by