Замежныя партнёры не хочуць адгружаць расійцам расійскія чыпы
Замежныя падрадчыкі, якія выпускаюць працэсары паводле расійскай дакументацыі, у 2022 годзе адмовіліся выконваць заказы і адгружаць ужо вырабленыя чыпы, заявіў кіраўнік Мінлічбы РФ Максут Шадаеў. Ён паскардзіўся, што праз гэта будзе выпушчана менш прадукцыі на базе працэсараў расійскай распрацоўкі «Эльбрус» і «Байкал», чым магло б.
Шадаеў адзначыў, што сёлета было выпушчана 15 тысяч ПК і 8 тысяч сервераў на расійскіх працэсарах.
«У нас сёлета было б значна больш, каб тыя партыі расійскіх працэсараў, „Эльбрусаў“, „Байкалаў“, якія былі заказаныя і вырабленыя, былі б адгружаныя. Інтэлектуальныя правы і ўся дакументацыя расійскія, але, калі зыходзіць з тапалагічных нормаў, такіх вытворчасцей у Расіі няма, і гэта ўсё заказвалася на замежных заводах», — сказаў Шадаеў падчас аднаго з пасяджэнняў Дзярждумы.
Пасля пачатку вайны ва Украіне «Байкал Электронікс», АТ МЦСТ і АТ «НПЦ „Элвіс“» спачатку патрапілі пад экспартны кантроль ЗША, а затым былі ўключаныя ў SDN-ліст, які прадугледжвае блакаванне любых актываў і поўную забарону на ўгоды. Расійскія чыпмейкеры таксама патрапілі пад санкцыі ЕС ад 16 снежня. Акрамя таго, ЗША перыядычна ўводзяць санкцыі супраць кампаній, якія, на іх думку, ствараліся для размяшчэння заказаў на замежных заводах. У выніку замежныя кантрактныя вытворцы, такія як тайваньская TSMC, перасталі выпускаць чыпы паводле заказаў расійскіх кампаній — і нават пастаўляць ужо гатовыя партыі.
Читать на dev.by