Internet Archive прайграў апеляцыю ў справе супраць выдаўцоў
Адная з найбуйнейшых анлайн-бібліятэк прайграла апеляцыю па пазове некалькіх выдавецтваў. Пазоўнікі незадаволеныя, што арганізацыя дае бясплатны доступ да іх кніг.
Апеляцыйны суд пастанавіў, што праца лічбавай бібліятэкі «дазволіць шырокамаштабнае капіяванне, якое пазбавіць аўтараў кампенсацыі і знізіць стымул для стварэння новых твораў».
У 2020 годзе чатыры буйныя выдавецтвы — Hachette, Penguin Random House, Wiley і HaprerCollins — падалі ў суд на Internet Archive. Пазоўнікі абвінавацілі бібліятэку ў «наўмысным лічбавым пірацтве ў прамысловых маштабах».
Выдаўцы дамагліся выдалення 500 тысяч кніг з вольнага доступу ў анлайн-бібліятэцы. Таксама суд паказаў, што арганізацыя мае камерцыйную выгаду ад ахвяраванняў. Анлайн-бібліятэка была не згодная з такім рашэннем і заявіла, што сродкі накіроўваюцца на фінансаванне самога праекта.
Internet Archive даўно прапаноўвае карыстальнікам лічбавыя копіі кніг па праграме Open Library. Арганізацыя настойвае, што працуе па тым жа прынцыпе, што і звычайныя бібліятэкі, то-бок дае лічбавую копію на час чытання. Праект называе гэта добрасумленным выкарыстаннем аб’ектаў аўтарскага права.
Хоць Апеляцыйны суд прызнаў перавагі лічбавых бібліятэк, у канчатковым рашэнні ён стаў на бок выдаўцоў. У мінулым годзе федэральны суд пастанавіў, што Internet Archive не мае права сканаваць і перадаваць лічбавыя копіі карыстальнікам, як бібліятэка.
«Мы расчараваныя сённяшнім рашэннем <… > мы разгледзім рашэнне суда і працягнем абараняць правы бібліятэк валодаць, перадаваць і захоўваць кнігі», — заявіў Крыс Фрыланд, дырэктар па бібліятэчных паслугамі Internet Archive.
Читать на dev.by