«Чакалі жаданае дзіця». Як беларусцы ў Польшчы давялося тэрмінова рабіць аборт за мяжой
Важная гісторыя пра тое, як падчас цяжарнасці ўсё можа пайсці не так і што тады рабіць, калі ў краіне забароненыя аборты.
Важная гісторыя пра тое, як падчас цяжарнасці ўсё можа пайсці не так і што тады рабіць, калі ў краіне забароненыя аборты.
Важная гісторыя пра тое, як падчас цяжарнасці ўсё можа пайсці не так і што тады рабіць, калі ў краіне забароненыя аборты.
Сярод водгукаў пра тое, як польскае заканадаўства пра аборты ўплывае на жыццё рэлакантаў у Польшчы, была адная цяжкая гісторыя, якую мы вырашылі вынесці асобна. Беларусы ў Польшчы чакалі трэцяе і вельмі жаданае дзіця. Але на шостым месяцы УГД паказала, што дзіця нежыццяздольнае праз мноства паталогій. Аборты нават у такім выпадку ў Польшчы забароненыя, таму пара стала шукаць варыянты за мяжой. Публікуем гісторыю ўслед за Dzik Pic.
— Мы з мужам у Польшчы чакалі трэцяе дзіця, жаданае. Я лічыла сябе дасведчанай і была ўпэўненая, што ўсё будзе добра.
Спачатку так і было. У 12 тыдняў было планавае УГД і генетычны тэст (я старэйшая за 36, таму мяне адправілі да генетыка) — усё добра, без паталогій.
Наступнае УГД было прызначанае на тэрміне 22 тыдні. Муж у гэты дзень якраз збіраўся ехаць у Беларусь. Меркавалася, што я пайду ў клініку адная, але ў апошні момант прыём перанеслі з абеду на раніцу, і мы паспелі на прыём разам.
Прымаў іншы доктар, і вось на УГД ён убачыў мноства паталогій — вонкавых і ўнутраных. Няправільнае развіццё мозга, праблемы з вачыма, няма носа, на адной ручцы «не разняты» кулачок, адная ножка перастала развівацца. Плюс праблемы з унутранымі органамі: сэрца зрушана направа, рак у нырках і штосьці са страўнікам.
Доктар тут жа накіраваў мяне ў Лодзь, у цэнтр мацярынскага здароўя. Там зрабілі паўторнае УГД — усё пацвердзілася, нават яшчэ горш. Мне сказалі, што дзіця не выжыве — памрэ альбо ва ўлонні, альбо пры нараджэнні.
Пры гэтым дапамагчы мне польскія дактары не маглі. У Польшчы аборты забароненыя — усё роўна, ці ёсць паталогіі, ці не. Я пыталася, што мне рабіць. Дактары адказвалі: вядома, вам трэба зрабіць аборт, але мы не маем права нават размаўляць з вамі пра гэта. Так, у Еўропе можна пазбавіцца ад плода на тэрміне і большым за 26 тыдняў, але ніякіх спасылак мы вам не дамо. Пры гэтым яны пацвярджалі, што працягваць выношваць для мяне небяспечна. Калі дзіця памрэ ва ўлонні, мне ўсё роўна не зробяць аборт хутка.
Што рабіць? Паехаць у Беларусь я не магу: я пад міжнароднай абаронай. Мне падказалі кантакт чэшскай клінікі: я туды датэлефанавалася — яны гатовыя былі мяне прыняць, але толькі праз два тыдні. На той час было б ужо 23 тыдні, а на такім тэрміне ў Чэхіі ўжо не робяць аборту: лічыцца, што гэта ўжо не плод, а дзіця. Я не паспявала.
Я стала кантактаваць з рознымі міжнароднымі арганізацыямі, якія дапамагаюць жанчынам у Польшчы. Усе яны ў выніку перанакіроўвалі мяне на адзін сайт. Там дапамагаюць у арганізацыі аборту за мяжой. Яны запыталі ў мяне медыцынскія дакументы і прапанавалі варыянты ў Бельгіі і Францыі, прычым з медычных падстаў там маглі зрабіць аборт і пасля 23-х, і пасля 26-і тыдняў. Больш за тое, па еўрапейскай карце медстрахавання (яе можа аформіць кожны, хто мае страхоўку NFZ) мне мусілі пакрыць выдаткі на паездку і медабслугоўванне. Ад мяне патрабавалася толькі 150 еўра.
Яшчэ для такой паездкі трэба было дачакацца вынікаў амніяцэнтэзу — аналізу каляплодных вод, які вызначыць прычыну паталогіі (генетыка або вонкавае ўздзеянне). На гэта патрабаваўся час. Перад пункцыяй дактары ў Лодзі пяць дзён лячылі мяне ад інфекцыі ў мачы, потым яшчэ два тыдні трэба было чакаць высновы.
У выніку я скарысталася дапамогай знаёмага гінеколага з Беларусі, які звязаўся з чэшскім калегам, патлумачыў сітуацыю і ўзгадніў мой прыём у клініцы ў Астраве.
Адразу пасля пункцыі трэба было пару дзён паляжаць у клініцы, але я напісала заяву з просьбай выпісаць мяне пад маю адказнасць. Доктарка пагадзілася: яна разумела, што мне пагражае небяспека. На другі дзень мы з мужам былі ў Астраве.
Там мы правялі два дні. Муж забраніраваў гатэль для сябе, але яму дазволілі пасяліцца ў клініцы за асобную плату (у маёй палаце была дадатковая канапа з ложкам, рахунку яшчэ не даслалі). Яшчэ 100 еўра мы заплацілі за пераклад выпіскі з лодзінскай бальніцы з польскай на чэшскую. Самі медпаслугі, дарэчы, абышліся не вельмі дорага — каля 10 000 крон (420 еўра).
Гэта была не аперацыя, а роды. Кожныя тры гадзіны яны закладвалі ў похву таблетку, каб выклікаць схваткі. Так працягвалася суткі, мы былі ў палаце з мужам удваіх, у любы час кнопкай можна было выклікаць доктара.
Стаўленне было вельмі добрае: мяне трымалі за руку, гладзілі, супакойвалі як маглі. Лішні раз не чапалі, не ўмешваліся. Пакуль я сама не націскала кнопкі, ніхто не прыходзіў.
Калі стала невыносна, муж патэлефанаваў, і мяне адвезлі ў родавую. Муж пайшоў побач, ён увесь час быў побач. Было вельмі балюча, мне ўкалолі тры ўколы эпідуральнай анестэзіі.
Перад родамі акушэрка з гінеколагам спыталі, ці хачу я бачыць дзіця. У той момант я сказала не, і яны проста прыкрылі мне калені. Потым мы з мужам дзесяць разоў перадумалі, я адчула, што трэба ўбачыць яго і развітацца. Але было ўжо позна.
Дзіця нарадзілася вагой 450 грамаў. Разрываў не было, я адчувала сябе нармальна. Мяне пакінулі паляжаць дзве гадзіны, потым памылі, пакармілі і адвезлі ў палату.
Агулам паўтара сутак сышлі на роды. Увесь гэты час у мяне не было яснага разумення, што адбываецца. Быў боль ад схватак. Потым: ну, адбылося і адбылося, пазбавіліся і пазбавіліся.
Але калі медсястра закаціла мяне ў палату, яна дала мне канверт, а ў ім — драўлянае сэрцайка і памінальны ліст: пол дзіцяці, вага, калі нарадзіўся. Гэта не пасведчанне аб смерці, а менавіта памінальны лісток. На другім аркушы — чарнільныя адбіткі далонек.
Толькі тады, праз тры гадзіны, прыйшло разуменне, што здарылася. Што гэта страта, гэта гора.
А яшчэ мы ўбачылі, што на аркушы адбіткі дзвюх ручак — яны што, былі нармальныя? Мы што, забілі здаровае дзіця? Вось тут у мяне пачалася істэрыка. Толькі праз тры дні мы выявілі, што гэта былі два адбіткі адной рукі, левай.
Прыйшла доктарка, яна хацела паразмаўляць, але ўбачыла маю істэрыку і выйшла. Потым яе змена скончылася, і мы больш яе не бачылі.
Прыходзілі медсёстры, штосьці ўкалолі, пыталіся, што мне трэба. І кожная звярталася вельмі ласкава і спагадліва — быццам яны ўсе псіхолагі. У мяне ёсць траўма страты, але хаця б няма траўмы дрэннага стаўлення медперсаналу.
Яшчэ перад першай таблеткай доктар папярэдзіла: магчыма, калі дзіця народзіцца, яно будзе яшчэ жывое, мы можам зрабіць пракол праз жывот проста ў сэрца, каб яно не мучылася. Я сказала: пэўна, так, але яны гэтага не рабілі. І дзякуй богу.
Да польскага гінеколага я трапіла толькі праз месяц пасля родаў. Знаёмы доктар раіў не пераймацца праз гэта: так, у Польшчы ніхто не мае права зрабіць жанчыне аборт, але што яна зробіць са сваёй цяжарнасцю ў іншай краіне, гэта яе справа. І ён меў рацыю: гінеколаг паставілася да мяне вельмі спагадліва, сказала, што раней у такіх выпадках можна было нават атрымаць бальнічны на паўгода. Яшчэ яна спытала, куды я ездзіла, і прасіла кантакты, каб накіроўваць сваіх пацыентаў. Маю карту цяжарнасці, дарэчы, забралі ў чэшскай клініцы.
Калі б не знаёмы гінеколаг і чэшская клініка, я б паехала ў Бельгію. Добра, што ў мяне ёсць дазвол на жыхарства — без яго быў бы тупік. Нават калі б я перасекла мяжу нелегальна, мяне нідзе б не прынялі. У чэшскай клініцы праверылі мой дазвол.
…Амніяцэнтэз паказаў адсутнасць грубых храмасомных анамалій. То-бок заганы развіцця не былі вызначаныя генетычна, гэта нейкія спантанныя паломкі на этапе закладкі органаў. Для нас гэта добрая навіна: значыць мы можам спрабаваць яшчэ.