«Не парыцца з акцэнтам». Мігранты кіруюць польскімі камандамі — і ўсім добра
Пра сілу нетворку, сацсетак і веданне англійскай і польскай расказвае dzpk.io.
Пра сілу нетворку, сацсетак і веданне англійскай і польскай расказвае dzpk.io.
Пра сілу нетворку, сацсетак і веданне англійскай і польскай расказвае dzpk.io.
— Працую менеджарам у адной з міжнародных карпарацый, якія займаюцца апрацоўкай і продажам Business Data.
Да гэтага на працягу 9 месяцаў спрабаваў знайсці працу менеджара/скрам-майстра, было больш за 400 водгукаў. У асноўным арыентаваўся на польскія фірмы. На суразмоўі запрашалі толькі ў глабальныя кампаніі, дзе англійская мова з’яўляецца асноўнай (такіх было 3). З польскіх малых і сярэдніх фірмаў у лепшым выпадку прыходзіла пытанне, які ў мяне ўзровень польскай, далей — ігнор.
На цяперашняе месца працы трапіў таму, што кампанія міжнародная, трэба было працаваць з польскай камандай на амерыканцаў. Як трапіў? У LinkedIn напісаў наўпрост іх рэкрутар. Праўда, сам рэкрутар — паляк з Беластока. Так што, можа, не баяўся беларусаў. Па маім імені відаць, што я з гэтых, не мясцовы.
З палякамі ў прынцыпе сітуацыя нармальная, здаецца, яны не скардзяцца. Праз год працы на англійскай з адной камандай мне перадалі іншую каманду, таксама палякі. З імі размаўляем па-польску (ёсць і каманды з іншых краін, там камунікацыя на англійскай). Але па-польску атрымліваецца толькі да моманту тэхнічных размоў, потым вымушаны прасіць перайсці на англійскую.
У цэлым скажу так: з досведу і размоваў з іншымі, палякі — закрытыя для іншых, хочуць працаваць са сваімі.
Для валодання мовай — пайшоў на курсы якраз пасля таго, як убачыў, што пры пошуку працы патрабуецца англійская. За паўтара года скончыў узроўні B1–C1. Здаў экзамен на B2. Паступіў у магістратуру.
Вучуся завочна на 5-гадовым курсе, у адным з прыватных універсітэтаў, спецыяльнасць «Псіхалогія». Скажам так, вяртанне да ідэй маладосці, раз ужо ў новых умовах і на новых мовах праца ў ІТ цяпер не з’яўляецца чымсь жалезабетонна гарантаваным.
— Я тры гады, да чэрвеня 2026-га, прапрацаваў на менеджарскай пасадзе ў польскай энергетычнай кампаніі. Бранжa — цеплавыя насосы і фотавольтаіка. Кіраўнік аддзела ўзяў мяне перадаваць досвед вядзення сервіснага бізнесу, які ў мяне быў у Беларусі, маладым польскім інжынерам.
Як трапіў? Пасля пераезду ў 2021-м заняўся цеплавымі насосамі ў Польшчы. Вывучыў сферу, атрымаў патрэбныя сертыфікаты для вядзення бізнесу і аўтарызацыі ад розных вытворцаў. У 2022-м у Польшчы быў бум устаноўкі цеплавых насосаў, але ў 2023-м рынак пачаў падаць.
Мне не падабаўся ўзровень заробкаў і пастаянная ўцягнутасць у фізічную працу з мантажнымі брыгадамі. Я вырашыў, што ў мяне мала разумення таго, як працуе рынак, плюс куча падводных камянёў вядзення бізнесу ў Польшчы, і вырашыў уладкавацца ў буйную кампанію з гэтым профілем.
Выбраў самую буйную і пачаў дасылаць туды CV на розныя пасады. Але яны заставаліся без адказу. Спрабаваў па іншых, больш дробных, але прапановы прыходзілі толькі на прадаўца. Я быў прадаўцом у Беларусі, і на рускай гэта было ок, але на ўзроўні польскай B1 у мяне было мала шанцаў.

Затое я разумеў, што інжынерных скілоў у мяне процьма. Таму я змяніў стратэгію: стварыў акаўнты ў інстаграме, фэйсбуку, дзе пачаў піліць ролікі пра болі з бранжы цеплавых насосаў. Праз два тыдні розных рылсаў набралося дастаткова, каб уключыць гэта ў сваё CV. Ну, спасылкі на старонку ніхто не забараняў уключаць.
Я зноў скінуў заяўку на пасаду сервісанта ў тую самую буйную кампанію, і праз тыдзень мне перазванілі, запрасілі на інтэрв’ю. Правялі яго анлайн, размаўляў мой будучы бос. Я расказаў пра свой досвед у стварэнні і вядзенні бізнесу, і ён прапанаваў мне працу не сервісантам, а сваім памочнікам. Бо на рынку з’явілася куча абсталявання, якое патрабуе абслугоўвання, і не хапае ні людзей, ні кампетэнцый, каб гэта ўсё арганізаваць.
Пазней аказалася, што бос запаў менавіта на відосікі, якія я зняў, гэта і было вырашальным фактарам найму, нягледзячы на ўзровень польскай.
У фірме на той момант было каля 300+ чалавек работнікаў, 99,9% палякі. У пары чалавек быў досвед як у мяне, але яны знаходзіліся на топ-пасадах. А я жыў з вельмі высокім паводле варшаўскіх мерак заробкам, але лічыўся ў штатным раскладзе старэйшым інжынерам сервісу цеплавых насосаў. Мая функцыя была каардынаваць працу інжынераў у офісе і кіраваць працай сервісантаў у «полі».
Моўны бар’ер на працягу года практыкі быў у асноўным закрыты. Я ўжо мог весці мітынгі і выязджаць як прадстаўнік фірмы на сустрэчы з кліентамі. У кіраўніцтва, па крайняй меры я гэтага не заўважаў, не было пытання, што з кліентамі палякамі працуе osoba ze wschodu.
Але з 2023-га гэтая галіна вельмі моцна прасядала, і на чэрвень 2025-га ў нас скарацілі з аддзела практычна ўсіх, і апошні год у аддзеле ў офісе пакінулі аднаго беларуса і аднаго паляка. Я, па сутнасці, цэлы год сам арганізоўваў працу ўсяго сервісу (у полі засталося 4 сервісанты), і мой калега праектаваў новыя аб’екты.
Аддзел і далей існуе, намінальна. Паралельна з працай я развіваў свой сервісны бізнес у Варшаве (B2B абслугоўванне розных рэстаранаў і салонаў прыгажосці). І са мной пасля звальнення падпісалі новую умову, дзе ўжо даюць заказы як фрылансеру, а я сам або сваёй камандай закрываю гэтыя працы.
Стала нават лепш. Адзіная розніца, што цяпер свой транспарт, а не службовы. І няма карпаратыўных плюшак у выглядзе медстрахоўкі ды іншага.
— Я працую кіраўніком аддзела маркетынгу ў польскай кампаніі, і ў мяне ў падпарадкаванні толькі палякі.
Кампанія не звязана з ІТ — фірма вырабляе дахавыя пакрыцці і заборы з металу.
Уладкаваўся выпадкова. Гуляў у футбол з мясцовымі, і падчас адной з размоваў завялі тэму, чым я займаюся па прафесіі ды якія планы. Расказаў, што працую выдалена маркетолагам на беларускую кампанію, але заканчваецца кантракт і цяпер шукаю працу на мясцовым рынку.
Адзін з хлопцаў прапанаваў папытацца ў знаёмых, ці не шукаюць супрацоўніка — і праз пару тыдняў запрасілі на суразмоўе з дырэктарам кампаніі. Ну і пасля двух доўгіх суразмоўяў прапанавалі пасаду маркетолага.
У кампаніі працую з лістапада 2022 года. Першыя паўгода было складана, мая польская была вельмі слабай, можа, А2. Я суразмоўе на англійскай праходзіў, таму што не было слоўнікавага запасу, каб размаўляць па працы.
Калегі па аддзеле прынялі першапачаткова досыць халодна. У першую чаргу праз мову, хутчэй за ўсё. Плюс новы рынак, новая сфера кампаніі. У мяне дастатковы досвед маркетолага, на той момант было 10 гадоў у прафесіі, але даводзілася шмат чаму вучыцца.
Польскай пасля бясплатных курсаў працягваў займацца індывідуальна на працягу яшчэ прыкладна аднаго года.
Праз паўтара года працы да мяне прыйшоў дырэктар з прапановай стаць кіраўніком аддзела. Я спачатку адмовіўся, таму што не адчуваў упэўненасці і не хацеў падвесці. Але калі праз паўгода ён зноў звярнуўся з тою ж прапановай, я згадзіўся — тады ўжо былі нейкія бачныя вынікі працы.
На дадзены момант з мовай няма ніякіх праблем. Зразумела, што я не размаўляю гэтак жа багата, як на рускай або беларускай, але магу бегла выказвацца і ўсё разумею, ці то размова з супрацоўнікам, кіраўніцтвам або фірмай-падрадчыкам. Праводжу суразмоўі разам з HR і на іх таксама не адчуваю асабліва нейкіх абмежаванняў.
Я адзін з нямногіх замежнікаў у фірме, але не адчуваю негатыву або грэблівасці ў свой адрас праз пашпарт. Так што з гэтым няма праблем. А наконт акцэнту я не запарваюся. Для мяне значна важнейшая граматная мова з меншай колькасцю памылак і багацце слоўнікавага запасу.

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.
Комментарий скрыт за нарушение правил комментирования.
Правила тут, их всего 5