Кітай абмежаваў экспарт металаў, патрэбных ЗША для вытворчасці мікрасхем
Кітай наклаў абмежаванні на вываз з краіны двух металаў, крытычна важных пры вытворчасці чыпаў, піша Bloomberg са спасылкай на мясцовае Міністэрства гандлю. Гэта можа ўдарыць па ЗША і еўрапейскіх краінах.
Кітай наклаў абмежаванні на вываз з краіны двух металаў, крытычна важных пры вытворчасці чыпаў, піша Bloomberg са спасылкай на мясцовае Міністэрства гандлю. Гэта можа ўдарыць па ЗША і еўрапейскіх краінах.
Гаворка вядзецца пра галій і германій. Абмежавальныя меры прынятыя дзеля нацбяспекі Кітая і набудуць моц 1 жніўня. Пастаўшчыкі гэтых матэрыялаў мусяць атрымліваць адпаведную ліцэнзію ў рэгулятара. Гэта тычыцца як тых, хто ўжо займаецца экспартам галію і германію, так і тых, хто толькі збіраецца пачаць гэта рабіць. Таксама пастаўшчыкі будуць абавязаныя падаваць інфармацыю пра пакупнікоў двух металаў і мэты іх выкарыстання.
Кітай і ЗША змагаюцца за панаванне ва ўсіх тэхналагічных сферах ад квантавых вылічэнняў да штучнага інтэлекту і вытворчасці чыпаў. ЗША не толькі ўводзяць жорсткія санкцыі супраць кітайскіх кампаній, каб перашкодзіць азіяцкай краіне вырвацца наперад у гонцы, але і схіляюць да абмежаванняў сваіх еўрапейскіх і азіяцкіх партнёраў.
Японія і Нідэрланды ўслед за ЗША абмяжуюць пастаўку важнага абсталявання ў Кітай
Між тым краіны спрабуюць знізіць залежнасць ад замежных тавараў і абсталявання. Як сказаў нядаўна заснавальнік тайваньскага чыпмэйкера TSMC Морыс Чанг, у тэхналагічнай галіне глабалізацыя саступае месца нацыянальным інтарэсам.
Кітай з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам абодвух металаў. Яны ўжываюцца ў розных сферах ад «абаронкі» да электракараў і дысплэяў, а таксама неабходныя для вырабу паўправаднікоў. На Кітай прыпадае каля 94% сусветнай вытворчасці галію.
Bloomberg адзначае, што гэтыя металы не рэдкія і знайсці іх не складана, але дзякуючы Кітаю яны адносна танныя. Абмежаванне экспарту можа прывесці да росту цэн і пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Вытворчасцю галію таксама займаюцца Японія, Паўднёвая Карэя, Расія і Украіна, а германію — Канада, Бельгія, ЗША і Расія.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.