Паміж Трампам і Харыс: каго выбірае ІТ-індустрыя ў ЗША?
Да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША засталося роўна два тыдні — галасаванне адбудзецца 5 лістапада. Аднак ніводны з кандыдатаў не атрымаў відавочнай перавагі: паводле апытанняў, разрыў паміж Трампам і Харыс складае долі адсотка. Няма відавочных пераваг і ў ІТ-індустрыі, хоць прапановы кандыдатаў па развіцці галіны кардынальна адрозніваюцца. Што здарыцца, калі перамогуць дэмакраты або рэспубліканцы?
ІТ на ростанях: хто каго падтрымлівае
Амерыканская IT-індустрыя падзялілася. Палітычныя перавагі ў галіне адлюстроўваюць як асабістыя погляды бізнэсменаў, так і карпаратыўныя інтарэсы. З аднаго боку, найбуйнейшыя кампаніі Крэмніевай даліны, такія як Alphabet, Amazon і Microsoft, падтрымліваюць Камалу Харыс. Паводле даных OpenSecrets, супрацоўнікі Alphabet унеслі больш за 2,16 мільёна долараў на яе выбарчую кампанію, што ў 40 разоў перавышае ахвяраванні, зробленыя на карысць Трампа. Падобная сітуацыя назіраецца ў Amazon і Microsoft, дзе падтрымка Харыс пераўзыходзіць падтрымку Трампа ў 10 і 12 разоў адпаведна.
Гэтая падтрымка звязаная з поглядамі работнікаў бігтэху, многія з якіх сімпатызуюць дэмакратам. Але таксама на выбар айцішнікаў уплывае прагрэсіўная палітыка Харыс з акцэнтам на абарону спажыўцоў, рэгуляванне бігтэху і прасоўванне інавацый. Сярод уплывовых прыхільнікаў дэмакратаў — сузаснавальнік Netflix Рыд Хастынгс, тэхнаінвестар Марк К’юбан, сузаснавальнік LinkedIn Рыд Хофман.
З іншага боку, шэраг уплывовых тэхналагічных бізнэсменаў, такіх як Ілан Маск, кіраўнік хэдж-фонду Pershing Square Біл Акман і венчурны прадпрымальнік Дэвід Сакс, падтрымліваюць Дональда Трампа, нягледзячы на яго папярэднія канфлікты з буйнымі платформамі. Маск паабяцаў выдзяляць $45 мільёнаў штомесяц на падтрымку рэспубліканскай кампаніі, чым фактычна перадвыбарчы фонд Трампа. Акман і Сакс таксама ўнеслі значныя сумы.
Бізнэсмены з тэхіндустрыі сімпатызуюць Трампу з некалькіх прычын. У першую чаргу, многія незадаволеныя палітыкай цяперашняй адміністрацыі Байдэна-Харыс: іх агрэсіўны антыманапольны падыход абмяжоўвае рынак. Падтрымліваючы канкурэнта Харыс, прадпрымальнікі разлічваюць, што Трамп як бізнэсовец зразумее негатыўныя наступствы жорсткага рэгулявання і аслабіць хватку дзяржавы. Яшчэ адзін важны фактар — гэта абяцанне рэспубліканца значна знізіць падаткі.
Што думаюць пра развіццё ІТ кандыдаты
Падыходы кандыдатаў да рэгулявання тэхналагічнай галіны кардынальна адрозніваюцца. Харыс акцэнтуе ўвагу на абароне правоў спажыўцоў і ўзмацненні рэгулявання. У яе праграме асаблівае месца займаюць пытанні кантролю алгарытмаў і абароны даных, а таксама строгія антыманапольныя меры. Яна падтрымлівае стварэнне новых заканадаўчых стандартаў для ІІ і крыптавалют, каб тэхналагічнае асяроддзе стала бяспечнейшым і празрысцейшым.
Праграма Камалы Харыс
- Штучны інтэлект. Харыс актыўна выступае за строгае рэгуляванне АІ, асабліва ў дачыненні да алгарытмаў, якія могуць ствараць прадузятасць і няроўнасць, напрыклад, пры найманні або крэдытаванні. На міжнародным саміце па бяспецы АІ у 2023 годзе Харыс казала пра неабходнасць глабальных стандартаў бяспекі для АІ і мер па барацьбе з распаўсюджваннем дыпфэйкаў і маніпулятыўных тэхналогій. Харыс актыўна прыцягвае прадстаўнікоў тэхналагічных гігантаў, такіх як Google і Microsoft, да распрацоўкі добраахвотных забавязанняў па абароне правоў карыстальнікаў і празрыстага выкарыстання АІ.
- Крыптавалюта. Кандыдатка ад дэмакратаў падтрымлівае ўзмацненне кантролю над крыптавалютамі. Яна актыўна супрацоўнічае з Камісіяй па біржах і каштоўных паперах (SEC) і іншымі рэгулятарамі для барацьбы з фінансавымі злачынствамі і абароны інвестараў. Напрыклад, Белы дом з падачы віцэ-прэзідэнткі адхіліў «Акт аб фінансавых інавацыях і тэхналогіях для XXI стагоддзя», які прапаноўваў спрошчаныя правілы для крыптаіндустрыі.
- Падаткі. Харыс падтрымлівае павелічэнне падатку на прырост капіталу да 28% для асоб з даходамі вышэйшымі за $1 мільён. Гэтач прапанова выглядае больш умераным павышэннем у параўнанні з нядаўняй пазіцыяй Байдэна. Дэмакрат выступае за падатковыя льготы і стымулы для інвестараў у стартапы і малы бізнэс, каб садзейнічаць інавацыям.
- Антыманапольнае рэгуляванне. Харыс падтрымлівае палітыку актыўнага антыманапольнага рэгулявання. Адміністрацыя Байдэна раней ужо ініцыявала пазовы супраць Google і Apple, імкнучыся прадухіліць іх дамінаванне на рынку. У праграме Харыс згадваецца магчымасць падзелу буйных кампаній, калі іх манаполія будзе пацверджаная ў судзе.
- Абарона карыстальнікаў. Харыс выступае за прыняцце федэральнага заканадаўства па абароне даных карыстальнікаў. Яна падтрымлівае ўвядзенне стандартаў прыватнасці, а таксама настойвае на ўзмацненні мер па абароне правоў спажыўцоў у лічбавым асяроддзі, уключаючы барацьбу з анлайн-махлярствам, дыпфэйкамі і іншымі формамі маніпуляцый.
Трамп, наадварот, прасоўвае ідэю дэрэгуляцыі і мінімальнага ўмяшання дзяржавы ў тэхналагічны сектар. Ён выступае за скасаванне многіх мер, уведзеных адміністрацыяй Байдэна, і прапаноўвае спрасціць рэгуляванне АІ і крыптавалют, каб стымуляваць інавацыі і эканамічны рост. Трамп актыўна падтрымлівае развіццё крыптавалют і бачыць у іх будучыню эканомікі ЗША, тады як Харыс больш сканцэнтраваная на кантролі і рэгуляванні лічбавых актываў для абароны інвестараў і прадухілення фінансавых злачынстваў.
Праграма Дональда Трампа
- Штучны інтэлект. Трамп выступае за скасаванне выканаўчых указаў, падпісаных адміністрацыяй Байдэна, якія тычацца рэгулявання ІІ. Ён крытыкуе ўведзеныя меры, боя яны празмерна абмяжоўваюць і замінаюць развіццю бізнэсу. Аднак рэспубліканец таксама казаў пра пагрозы, звязаныя з АІ, якія могуць нанесці ўрон нацыянальнай бяспецы. Трамп выступае за добраахвотныя забавязанні кампаній і партнёрства замест строгага дзяржаўнага рэгулявання.
- Крыптавалюта. Кандыдат ад рэспубліканцаў падтрымлівае развіццё крыптавалют і прапаноўвае зрабіць ЗША «біткойн-супердзяржавай». Ён крытыкуе існыя законы, лічачы іх празмерна абмежавальнымі, і прапаноўвае спрасціць рэгуляванне крыптавалютных аперацый для прыцягнення інвестыцый і стымулявання росту індустрыі. Дарэчы, палітык стаў першым кандыдатам, які прымае ахвяраванні ў крыптавалюте.
- Падаткі. Трамп актыўна падтрымлівае зніжэнне падаткаў для буйных карпарацый і высокадаходных асоб, сцвярджаючы, што гэта стымулюе інвестыцыі і развіццё бізнэсу. У яго праграме згадваецца далейшае зніжэнне карпаратыўных падаткаў. Палітык выступае за ўвядзенне падатковых ільгот і стымулаў для кампаній, якія ўкладваюць сродкі ў распрацоўку АІ, блакчэйн-тэхналогій і іншых інавацый.
- Антыманапольнае рэгуляванне. Хоць у часе свайго прэзідэнцтва Трамп ініцыяваў антыманапольныя пазовы супраць такіх кампаній, як Google, яго падыход застаецца выбарчым. Ён крытыкуе кіраўніцу FTC Ліну Хан і адміністрацыю Байдэна за празмерны ціск на тэхналагічныя кампаніі і заяўляе, што яго адміністрацыя будзе спрыяць лепшаму асяроддзю для ўгод і зліцця. Таксама Трамп падкрэслівае важнасць абароны амерыканскіх кампаній ад замежнай канкурэнцыі, асабліва з боку Кітая.
- Абарона карыстальнікаў. У адрозненне ад Харыс, Трамп аддае перавагу мінімальнаму дзяржаўнаму ўмяшанню ў абарону даных карыстальнікаў. Ён лічыць, што кампаніям варта самім вызначаць стандарты прыватнасці і абароны даных. Замест канкрэтных мер абароны даных і канфідэнцыйнасці Трамп больш засяроджваецца на пытаннях бяспекі, уключаючы пагрозы для краіны ад замежнага ўмяшання. Ён прапаноўвае інвеставаць у кібербяспеку і супрацоўнічаць з прыватнымі кампаніямі для абароны крытычна важных інфраструктур.
У цэлым асноўнае адрозненне ў падыходах кандыдатаў палягае ў антыманапольнай палітыцы. Харыс нацэленая на агрэсіўнае абмежаванне манаполій з выкарыстаннем судовых пазоваў і антыманапольных расследаванняў — гэтая логіка выглядае як працяг палітыкі, якой прытрымліваецца адміністрацыя Байдэна. Трамп, хоць і мае гісторыю антыманапольных пазоваў, цяпер схільны падтрымліваць мякчэйшы падыход. Рэспубліканец лічыць, што залішні прэсінг не спрыяе стварэнню працоўных месцаў і ўзмацненню ЗША ў тэхналагічнай канкурэнцыі з іншымі краінамі.
Фактар Маска
Цяперашняя перадвыбарчая кампанія адрозніваецца ад папярэдніх тым, што дагэтуль прадстаўнікі бігтэху не ўдзельнічалі непасрэдна ў палітычнай барацьбе. Ілан Маск хутка стаў адным з самых прыкметных прыхільнікаў Дональда Трампа. Мільярдэр актыўна выкарыстоўвае ўласную сацсетку X для прасоўвання трампісцкіх поглядаў і не грэбуе распаўсюджваннем дэзынфармацыі і дыпфэйкаў супраць Харыс і дэмакратаў. Для штаба рэспубліканцаў гэта вельмі магутная падтрымка: аўдыторыя Маска ў X налічвае амаль 200 мільёнаў падпісчыкаў.
Яшчэ істотнейшай стала фінансавая дапамога. Бізнэсовец ахвяраваў $75 мільёнаў уласнаму камітэту America PAC, які займаецца падтрымкай перадвыбарнай кампаніі Трампа ў штатах, якія вагаюцца. Такім чынам Маск стаў адным з найбуйнейшых донараў кандыдата. Напрыклад, уладальніца ігральнага бізнэсу Мірыям Адэльсан ахвяравала на кампанію Трампа $95 мільёнаў.
Абяцанне мільярдэра разыгрываць кожны дзень да выбараў па $1 мільёну сярод прыхільнікаў Трампа выклікала скандал. Маск заявіў, што грошы атрымаюць выбаршчыкі ў Пенсільваніі — адным са штатаў, якія падпішуць ягоную петыцыю ў абарону першай і другой паправак да амерыканскай канстытуцыі. Законы ЗША забараняюць плату за ўдзел у галасаванні або рэгістрацыю для ўдзелу ў галасаванні. Хоць Маск знайшоў шчыліну, дэмакраты заклікаюць заклікаць яго да адказнасці за чытарства.
Цікава, што раней Маск займаў нашмат больш умераную пазіцыю і падтрымліваў дэмакратычных кандыдатаў, напрыклад, Барака Абаму. Свой кардынальны паварот у поглядах бізнэсмен тлумачыць імкненнем да максімізацыі індывідуальнай свабоды і барацьбой з дзяржаўным умяшаннем.
Палітычныя погляды Маска не знаходзяць водгуку сярод яго супрацоўнікаў. Паводле даных OpenSecrets, работнікі Tesla і SpaceX лічаць за лепшае рабіць ахвяраванні на карысць Харыс. Напрыклад, супрацоўнікі Tesla ахвяравалі амаль удвая больш сродкаў на яе кампанію, чым на кампанію Трампа. У SpaceX супрацоўнікі ўнесці ў штаб дэмакратаў у пяць разоў больш, чым у рэспубліканскі, у Х ахвяраванні Харыс больш чым у 26 разоў перавышаюць ахвяраванні Трампу.
Актыўнасць мільярдэра выглядае задзірлівай на фоне іншых лідараў тэхналагічнага свету. Напрыклад, Марк Цукерберг раней даволі актыўна выказваўся на палітычныя тэмы, але пасля таго, як Трамп раскрытыкаваў яго за меркаванае ўмяшанне ў выбары, бізнэсмен заняў больш асцярожнейшую пазіцыю. Кіраўнік Meta абвясціў, што кампанія застанецца нейтральнай і не будзе актыўна падтрымліваць ніводнага кандыдата.
Ніхто не любіць Ліну Хан
Індустрыя ўважліва сочыць за перадвыбарчай дынамікай, паколькі вынікі гэтых выбараў прама паўплываюць на рэгуляванне галіны. Адміністрацыя Байдэна ўвяла строгія меры супраць манаполій і экспансіі найбуйнейшых тэхналагічных кампаній. У выніку многія ўгоды, якія раней маглі б прайсці без асаблівых цяжкасцяў, цяпер сутыкаюцца з працяглымі расследаваннямі і юрыдычнымі бар’ерамі.
Пік аб’ёму тэхналагічных угод прыйшоўся на 2021 год: тады агульная сума кантрактаў была на ўзроўні $1,5 трыльёна. Затым актыўнасць прыкметна знізілася: да 2023 года аб’ём угод упаў да $544 мільярдаў, а ў 2024 годзе ён дасягнуў усяго $465 мільярдаў. Нявызначанасць напярэдадні выбараў і адсутнасць яснасці ў будучай рэгулятарнай палітыцы працягваюць аказваць ціск на рынак. Многія ўгоды пастаўленыя на паўзу.
Такія кампаніі, як Google і Amazon, былі вымушаныя змяніць свае стратэгіі, каб адаптавацца да строгага рэгулявання галіны. Напрыклад, Google разглядала магчымасць куплі такіх кампаній, як HubSpot і Wiz, але ўгоды не адбыліся. Amazon таксама сутыкнулася з цяжкасцямі пры спробе набыць iRobot за $1,7 мільярда, адмовіўшыся ад угоды пасля таго, як FTC і еўрапейскія рэгулятары выступілі супраць. Adobe адмовілася ад куплі Figma за $20 мільярдаў і заплаціла мільярд долараў за разрыў пагаднення.
Яскравым прыкладам палітыкі Байдэна-Харыс сталі перамовы Microsoft па куплі студыі Activision Blizzard. Найбуйнейшая ўгода на суму $68,7 мільярда заняла 20 месяцаў, перш чым яе ўхвалілі рэгулятары ЗША. Працэс зацягнуўся праз дбайную праверку з боку FTC і Мінюста, якія спрабавалі вызначыць, ці не прывядзе гэтае паглынанне да зніжэння канкурэнцыі. Microsoft прыйшлося пайсці на саступкі, уключаючы забавязанні па падтрымцы адкрытага доступу да гульняў Activision для канкурэнтаў, каб атрымаць ухваленне.
Галоўны праціўнік зліццяў і паглынанняў — кіраўніца Федэральнай гандлёвай камісіі Ліна Хан, вядомая сваёй жорсткай пазіцыяй у дачыненні да бігтэху. Пад яе кіраўніцтвам FTC ужо падала пазовы супраць Google, Apple і Amazon. Кампаніі даўно незадаволеныя яе палітыкай, і Харыс гэта разумее. У выпадку перамогі дэмакратаў на выбарах Хан не захавае сваёй пасады, а Беламу дому прыйдзецца перагледзець падыходы да антыманапольнага рэгулявання: здаецца, сярод кампаній бігтэху не засталося гульцоў, супраць якіх не пачатае якое-небудзь расследаванне.
Прагноз
Калі Харыс стане прэзідэнтам, можна чакаць працяг курсу на ўзмоцненае рэгуляванне галіны і кантроль за дзейнасцю найбуйнейшых тэхналагічных кампаній. Фактычна гэта прывядзе да яшчэ большага зніжэння колькасці зліцця і паглынанняў. Замест гэтага кампаніі могуць актыўней развіваць партнёрскія і ліцэнзійныя пагадненні, як гэта ўжо робіць Google з Character AI.
Перамога Дональда Трампа адкрые зусім іншы сцэнар для тэхналагічнай індустрыі. Нягледзячы на яго мінулыя канфлікты з бігтэхам, Трамп стаў лаяльнейшым да індустрыі, прапаноўваючы спрасціць рэгуляванне і падтрымаць крыптавалюту. Яго адміністрацыя пойдзе на змякчэнне антыманапольнага ціску. Гэта асабліва актуальна для такіх хуткарослых галін, як штучны інтэлект і лічбавыя фінансы.
Читать на dev.by