Microsoft цяпер сочыць, хто колькі спальвае токенаў — у аднаго выйшла на $28 тысяч у месяц
Супрацоўнікі Microsoft пачалі параўноўваць не толькі заробкі і бонусы, але і кошт выкарыстоўваных імі ШІ-інструментаў. У ананімнай унутранай табліцы каля 350 чалавек указалі, у колькі кампаніі абышлося іх выкарыстанне ШІ за апошнія 28 дзён.
Супрацоўнікі Microsoft пачалі параўноўваць не толькі заробкі і бонусы, але і кошт выкарыстоўваных імі ШІ-інструментаў. У ананімнай унутранай табліцы каля 350 чалавек указалі, у колькі кампаніі абышлося іх выкарыстанне ШІ за апошнія 28 дзён.
Business Insider удакладняе, што гаворка ідзе не пра грошы, якія супрацоўнікі плацяць самі. Microsoft тэстуе ўнутраны інструмент, які пераводзіць выкарыстанне ШІ кожным работнікам у грашовы эквівалент і дазваляе адсочваць адпаведныя выдаткі.
Медыяннае значэнне сярод тых, хто запоўніў гэтую графу, склала каля $300 за 28 дзён. Максімальны паказчык — $28 тысяч — указаў супрацоўнік падраздзялення Microsoft Customer and Partner Solutions. У іншых работнікаў сумы вагаліся ад некалькіх долараў да дзясяткаў тысяч.
Усяго ў табліцы на момант аналізу Business Insider было амаль 600 запісаў ад амерыканскіх супрацоўнікаў Microsoft з дадзенымі пра заробкі, павышэнні, прэміі і акцыі. Паказчык выкарыстання ШІ указалі прыкладна 350 чалавек.
Пры гэтым выданне не выявіла прыкметнай сувязі паміж аб’ёмам выкарыстання ШІ і кар’ернымі вынікамі. Супрацоўнікі, якія выдавалі больш вылічальных рэсурсаў, не атрымлівалі прыкметна вышэйшых ацэнак, прыбавак да заробкаў або прэмій і не часцей ішлі на павышэнне.
Дадзеныя нельга лічыць рэпрэзентатыўнымі для ўсёй Microsoft. Табліца запаўняецца супрацоўнікамі добраахвотна і ананімна, паказчыкі не з’яўляюцца афіцыйнай статыстыкай кампаніі і могуць змяшчаць памылкі. На 30 чэрвеня ў Microsoft працавалі каля 223 тысяч чалавек, таму выбарка з 350 карыстальнікаў адлюстроўвае толькі невялікую частку штату.
Microsoft пры гэтым актыўна прасоўвае выкарыстанне ШІ унутры кампаніі і адначасова ўкладвае сотні мільярдаў долараў у звязаную з ім інфраструктуру. Карпарацыя не адзіная, хто спрабуе вымяраць выкарыстанне тэхналогіі супрацоўнікамі: паводле дадзеных выдання, падобныя практыкі распаўсюджваюцца і ў іншых буйных кампаніях.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.