Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

На рынку небывалае падтрыманне звольненых супрацоўнікаў PandaDoc: іх наймаюць і рэкамендуюць. Чаму так?

Чаму звольненым супрацоўнікам PandaDoc так ахвотна дапамагаюць і якія пазіцыі ім могуць прапанаваць? Спыталі пра гэта ў былой HR у PandaDoc і ў фаўндара стартапа, які прапанаваў экс-«пандам» працу. 

Пакінуць каментарый
Дадай у Google
На рынку небывалае падтрыманне звольненых супрацоўнікаў PandaDoc: іх наймаюць і рэкамендуюць. Чаму так?

Чаму звольненым супрацоўнікам PandaDoc так ахвотна дапамагаюць і якія пазіцыі ім могуць прапанаваць? Спыталі пра гэта ў былой HR у PandaDoc і ў фаўндара стартапа, які прапанаваў экс-«пандам» працу. 

Падтрымка для «пандаз»

Навіна пра звальненні ад тэхнічнага дырэктара і сузаснавальніка PandaDoc Сяргея Барысюка LinkedIn сустрэў хваляй спачувальных пастоў і прапановаў памагчы. Як расказала адна са звольненых супрацоўніц украінскага офіса кампаніі, былыя супрацоўнікі PandaDoc ды іншыя прадстаўнікі tech community актыўна падтрымліваюць тых, хто трапіў пад нядаўняе скарачэнне, дадаюцца ў кантакты і час ад часу прапануюць вакансіі.

Сярод шматлікіх пастоў з выражэннем маральнага падтрымання і рэкамендацый сапраўды ёсць нямала прапановаў практычнай дапамогі. Як гэта часта бывае пасля рэзанансных звальненняў, беларускія (і не толькі) айцішнікі прапануюць тым, хто трапіў у бяду, вакансіі. Робяць гэта як звычайныя супрацоўнікі, так і ўладальнікі бізнесаў:

Ёсць і сустрэчныя прапановы, калі карыстальнікі LinkedIn рэкамендуюць тых, хто трапіў пад скарачэнне ў PandaDoc, сваёй сетцы кантактаў:

Яшчэ адзін кірунак, з якога экс-супрацоўнікам PandaDoc прапануюць дапамогу — бясплатная псіхалагічная падтрымка, кансультаванне, прапановы падзяліцца карыснымі кантактамі і коучынг. Падтрымка ідзе як ад былых калег, якія пакінулі PandaDoc у мінулыя гады, так і ад людзей, папросту знаёмых з дзейнасцю кампаніі і яе супрацоўнікамі:

Такі шчыльны струмень падтрымання выглядае крыху незвычайна на фоне апошніх звальненняў унутры Беларусі і за яе межамі. Вядома, сваю долю спачування ад ІТ-супольнасці пры офбордынгу атрымліваюць супрацоўнікі многіх кампаній. Але буйныя звальненні даўно сталі звычайнай справай, і такія прыкметныя праявы галіновай салідарнасці ў апошнія гады здараліся нячаста.

Рэзідэнт ПВТ і «дагаворняк» з сілавікамі: разбіраемся са свежым зліваm
Рэзідэнт ПВТ і «дагаворняк» з сілавікамі: разбіраемся са свежым зліваm
Па тэме
Рэзідэнт ПВТ і «дагаворняк» з сілавікамі: разбіраемся са свежым злівам

«"Выпадковых пандаў" сустракала мала»

Пра магчымыя прычыны такой рэакцыі на звальненні менавіта ў гэтай кампаніі мы спыталі ў адной з яе былых супрацоўніц. Ліза* пакінула PandaDoc яшчэ да 2026 года і працягвае будаваць кар’еру ў іншай кампаніі. Але пасля навінаў пра нядаўнія скарачэнні хутка прапанавала экс-калегам падтрымку, рэкамендацыі і бясплатную дапамогу з кар’ерным коучынгам:

— Чаму айцішнікаў з PandaDoc так актыўна падтрымліваюць і прапануюць ім працу?

— Я ўжо нейкі час не працую ў PandaDoc, таму тое, што я кажу — гэта мая асабістая пазіцыя як былой калегі і HR-прафесіяналкі.

Мне здаецца, такое падтрыманне шмат у чым звязаная з культурай кампаніі і рэпутацыяй людзей, якія ў ёй працуюць. У маім досведзе PandaDoc — гэта моцныя спецыялісты і дастаткова сталы менеджмент, які ўмее ўлічваць і бізнес-арыенціры, і чалавечы фактар.

У той перыяд, калі я працавала ў кампаніі, вялікая ўвага надавалася таму, наколькі чалавек пасуе камандзе. Кампетэнцыі і культурны код (які, дарэчы, быў апублікаваны ў свабодным доступе) былі ўбудаваныя ў сістэму на дзеяннях: інтэрв’ю паводле кампетэнцый, развіцця, ацэнкі. «Выпадковых пандаў» я сустракала вельмі мала. За гэтым стаяла сур’ёзная праца, якая, на мой погляд, і дапамагла сфарміраваць унутраную супольнасць. Такія сувязі захоўваюцца і пасля выхаду з кампаніі.

Ахвота, з якой былым супрацоўнікам PandaDoc у LinkedIn прапануюць вакансіі, верагодна, звязана з іх экспертызай. Сама экспертыза, вядома, залежыць ад канкрэтнай ролі. Але акрамя прафесійных ведаў я б адзначыла такія рысы супрацоўнікаў кампаніі, як самастойнасць, адказнасць за вынік і ўменне дамаўляцца.

У маім досведзе праца ў PandaDoc была арганізаваная перш за ўсё ў remote-фармаце, нягледзячы на наяўнасць каворкінгаў. Такі фармат патрабуе ўмення арганізаваць сябе, кіраваць часам, абазначаць складанасці і рухаць задачы наперад без пастаяннага вонкавага кантролю. У спалучэнні з досведам працы над міжнародным прадуктам гэта каштоўныя якасці для працадаўцы.

Парады камандзе PandaDoc ад Лізы

Тым, хто страціў працу, я б перш за ўсё сказала: скарачэнне само па сабе не вызначае вашу прафесійную каштоўнасць. Вашыя навыкі, досвед і вынікі не зніклі разам з пасадай.

Не абавязкова адразу бачыць у тым, што здарылася, «новую магчымасць». Можна злавацца, засмучацца, адчуваць разгубленасць. Калі абставіны дазваляюць, карысна даць сабе час, перш чым уключацца ў актыўны пошук.

Затым варта вярнуцца да канкрэтных фактаў пра сябе: якія задачы вы вырашалі, чаго дасягнулі, які ўнёсак зрабілі, за якой дапамогай да вас звярталіся калегі. Не бойцеся папрасіць зваротную сувязь і рэкамендацыі ў людзей, з якімі працавалі. У складаны момант бывае цяжка самастойна ўбачыць свае моцныя бакі, і такі погляд збоку дапамагае аднавіць упэўненасць.

І не саромейцеся звяртацца за канкрэтнай дапамогай: паглядзець рэзюмэ, пазнаёміць з наймальным менеджарам, падрыхтавацца да інтэрв’ю або абмеркаваць наступны кар’ерны крок. Людзям часта хочацца падтрымаць іншых, але яны не заўсёды разумеюць, што менавіта цяпер будзе карысным для вас.

Чаму ШІ-стартап хоча наняць «пандаў»

Сярод людзей, якія прапанавалі тым, хто трапіў пад скарачэнне ў PandaDoc, працу, мы заўважылі заснавальніка ШІ-стартапа ENDGAME з Нідэрландаў Сашу Астапенку. У сваім посце ён расказаў, што ў 2016 годзе паспяхова прайшоў суразмову ў PandaDoc і, хоць тады абраў іншы шлях, захапляецца і паважае гэтую кампанію і людзей, якія ў ёй працуюць. Цяпер жа ў ягонай кампаніі ёсць больш за 50 адкрытых вакансій. Тры былыя супрацоўнікі PandaDoc на момант публікацыі паста ўжо знайшлі ў ENDGAME працу, а зацікаўленых у працы з ліку нядаўна звольненых Саша Астапенка папрасіў напісаць яму. 

Чаму ENDGAME цікавяць былыя супрацоўнікі PandaDoc і якую працу стартап можа ім прапанаваць? Спыталі пра гэта ў заснавальніка. 

— Тры былыя супрацоўнікі PandaDoc, пра якіх вы напісалі ў сваім посце — гэта свежыя наймы ці людзі, якія перайшлі ў ENDGAME раней?

— Усе трое прыйшлі да нас раней, яшчэ да гэтай хвалі скарачэнняў. Іх досвед і водгукі — адна з прычынаў, чаму мы адкрыта запрасілі хлопцаў і дзяўчат з PandaDoc.

— Якога профілю ў вас вакансіі? Ці ёсць супадзенні са стэкам PandaDoc?

Цяпер у нас больш за 50 адкрытых пазіцый. У асноўным гэта інжынерныя і архітэктурныя ролі. 

Якія менавіта вакансіі адкрыты?

• Solution Architects і Technology Consultants;

• Product Engineers, гэта значыць full-stack інжынеры, якія працуюць наўпрост з кліентам;

• Delivery Managers і AI-кансультанты, якія вядуць праекты і ўкараняюць AI-падыходы ў кліентаў.

Са стэкам PandaDoc перасячэнне вялікае: Python, TypeScript/React, Node.js, воблакі (AWS, Azure, GCP), Kubernetes, CI/CD. Але канкрэтны стэк для нас не галоўнае. Мы працуем паводле агентнай мадэлі: значную частку кода пішуць AI-агенты пад кантролем інжынера. Таму важнейшыя інжынернае мысленне, прадуктовы падыход і гатоўнасць працаваць па-новаму. Досвед у моцнай прадуктовай кампаніі накшталт PandaDoc для нас вялікі плюс.

— Спецыялістаў з якіх юрысдыкцый вы гатовы наймаць? Ці ёсць варыянты з рэлакацыяй або дыстанцыйна?

— Штаб-кватэра ENDGAME знаходзіцца ў Амстэрдаме. Асноўная частка нашых кліентаў — буйныя кампаніі ў Еўропе і Вялікабрытаніі. Мы наймаем па ўсёй Еўропе, у тым ліку спецыялістаў з Польшчы і Партугаліі. Большасць роляў можна выконваць дыстанцыйна або ў гібрыдным фармаце. Для ключавых пазіцый разглядаем рэлакацыю ў Нідэрланды і дапамагаем з ёй. Галоўная патрабаванне — гэта свабодная англійская, таму што нашыя інжынеры кожны дзень працуюць з кліентамі наўпрост.

— Ці ёсць жорсткія абмежаванні па seniority?

— Асноўны фокус у нас на Lead-спецыялістах. Моцных Senior-спецыялістаў мы таксама разглядаем, асабліва тых, хто ўжо актыўна выкарыстоўвае AI-інструменты ў працы. Junior-пазіцый цяпер няма, але мы не выключаем іх у будучыні.

— За кошт чаго расце ENDGAME і што стварае такі попыт на кадры?

— ENDGAME — кансалтынгавая кампанія новага тыпу, якая з першага дня будуецца паводле агентнай мадэлі. Кампанію заснавалі вопытныя тэхнолагі, якія самі пішуць код і гадамі будавалі інжынерныя практыкі ў буйных сервісных кампаніях. Фармальна нам каля года, і за гэты час каманда вырасла прыблізна да 75 чалавек.

Рост тлумачыцца зрухам на рынку. Яшчэ нядаўна CTO буйных кампаній казалі нам, што агентная распрацоўка — гэта справа паўтара года, не раней. Цяпер яны пераводзяць яе ў прадакшн, без пілотаў. Кліенты кажуць, што традыцыйныя падрадчыкі не справляюцца з ШІ, ды м трэба сапраўды AI-native партнёр.

Асноўны попыт ідзе па двух напрамках:

• Агентная трансфармацыя распрацоўкі. Мы дапамагаем enterprise-камандам перабудаваць працэсы пад працу з AI-агентамі.
• Мадэрнізацыя legacy-сістэм. Напрыклад, аднаму кліенту ў Вялікабрытаніі мы за 6 тыдняў зрабілі тое, на што ў папярэдняга падрадчыка сышло 12 месяцаў.

Таму мы запускаем новыя напрамкі, адкрываем офісы і актыўна наймаем людзей. Будзем рады, калі гэты расказ дапаможа хлопцам і дзяўчатам з PandaDoc знайсці новае месца.


* — імя суразмоўніцы змененае на ейную просьбу

PandaDoc звольніў частку каманды
PandaDoc звольніў частку каманды
Па тэме
PandaDoc звольніў частку каманды
«Сеньёраў таксама». Экс-супрацоўніца PandaDoc аб звальненнях і нечаканай хвалі салідарнасці
«Сеньёраў таксама». Экс-супрацоўніца PandaDoc аб звальненнях і нечаканай хвалі салідарнасці
Па тэме
«Сеньёраў таксама». Экс-супрацоўніца PandaDoc аб звальненнях і нечаканай хвалі салідарнасці

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.