Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Месяц і Марс — ад $100 да $2К за грам». Нашто бізнэсвумен з Беларусі збірае метэарыты

У заснавальніцы і СЕО кампаніі Laava Tech Таццяны Зарэцкай рэдкае хобі — яна збірае метэарыты. Цяпер у яе калекцыі 18 штук, сярод якіх — унікальныя экзэмпляры. dev.by распытаў Таццяну пра незвычайнае захапленне. А яшчэ: ці варта бліжэйшым часам чакаць падзення вялізнага астэроіда на Зямлю і ці ў стане агратэх-стартапы прадухіліць глабальны голад, які можа справакаваць (у тым ліку) вайна ва Украіне.

4 каментарыя
«Месяц і Марс — ад $100 да $2К за грам». Нашто бізнэсвумен з Беларусі збірае метэарыты

У заснавальніцы і СЕО кампаніі Laava Tech Таццяны Зарэцкай рэдкае хобі — яна збірае метэарыты. Цяпер у яе калекцыі 18 штук, сярод якіх — унікальныя экзэмпляры. dev.by распытаў Таццяну пра незвычайнае захапленне. А яшчэ: ці варта бліжэйшым часам чакаць падзення вялізнага астэроіда на Зямлю і ці ў стане агратэх-стартапы прадухіліць глабальны голад, які можа справакаваць (у тым ліку) вайна ва Украіне.

Хто такая Таццяна Зарэцкая

Калі коратка, Таццяна Зарэцкая — выхадзец з мінскай Чыжоўкі, доларавы мільянер і СЕО стартапа Laava Tech, які займаецца аўтаматызацыяй і скарачэннем энергаспажывання ад святлодыёдных лямпаў (да 88%) для раслін у цяпліцах. Нядаўна Таццяна заснавала сваю другую кампанію — Meliora — платформу для кампенсацыі выкідаў вугляроду.

Таццяна нарадзілася і вырасла ў Мінску, паступіла на факультэт міжнародных адносін, але ў выніку з’ехала ў Эстонію і працягнула вучобу ў Таліне. У 2017-м яна з цікаўнасці прыйшла на ўніверсітэцкі конкурс стартапаў STARTERtech. Спачатку думала далучыцца да ўжо сфармаванай каманды, але ніводная з ідэй ёй не спадабалася. Таму дзяўчына вырашыла запусціць уласны праект. Таццяна згадала, як яе бабуля садзіла памідоры дома — спачатку ў пластыкавыя кубачкі, потым у цяпліцу, дзе іх трэба было правяраць двойчы на тыдзень. І ў галаве ў Таццяны нарадзілася ідэя, як можна спрасціць увесь гэты працэс. Гэтая ідэя стала пачаткам Laava Tech.

Сёння кампанія стварае ўмовы для аптымальнага вырошчвання розных культур. Тэхналогія спалучае святлодыёднае асвятленне, машыннае навучанне, штучны інтэлект і інтэрнэт рэчаў. Сярод кліентаў — кампаніі з Еўропы, Кітая і ЗША. За час свайго існавання Laava Tech атрымала больш за тры мільёны долараў фінансавання equity-free, яе падтрымалі Еўрапейская камісія, Міністэрства навакольнага асяроддзя Эстоніі і венчурнае падраздзяленне Sony у Еўропе (пасля ўдзелу ў праграме Sony Startup Acceleration Program у 2020 годзе).

Дзякуючы сваім распрацоўкам Таццяна стала рэзідэнткай спісу Forbes «30 да 30» і ўвайшла ў штогадовы спіс выбітных наватараў да 35 гадоў з усяго свету ад Масачусецкага тэхналагічнага інстытута. У вольны ад бізнэсу час дзяўчына, сярод іншага, калекцыянуе метэарыты.

«Праз пару месяцаў мае прыехаць мой першы Марс»

— Насамрэч я не планавала станавіцца калекцыянерам, — кажа Таццяна. — Адзін з нашых інвестараў, які звязаны з Tesla, збірае метэарыты як хобі. Я вельмі доўга за гэтым назірала і, у рэшце рэшт, вырашыла, што таксама хачу адзін. Мне ў прынцыпе цікавы космас.

Усё пачалося з аднаго асобніка, а потым неяк вельмі хутка эскалявалася. Аказалася, для мяне гэта значна цікавей, чым я планавала. Наогул, я захапляюся мастацтвам, але тыя віды, якія мне цікавыя, цяжка калекцыянаваць, бо трэба падтрымліваць пэўныя ўмовы захоўвання. А з метэарытамі нічога не павінна здарыцца, гэта самыя старыя целы на нашай планеце. Некаторыя з іх нават старэйшыя за Зямлю. 

Гэтае хобі не патрабуе асаблівых затрат часу. І, як можна зразумець з іншых маіх інтэрв’ю, я перфекцыяністка. А метэарыты — якраз тое хобі, дзе ты можаш стаць найлепшым з пэўным, так бы мовіць, настроем. Бо колькасць метэарытаў на нашай планеце абмежаваная.

Калі казаць агулам пра метэарыты, то яны звычайна настолькі маленькія, што іх нават не відаць, або згараюць у атмасферы, не далятаючы да зямлі. А калі і падаюць, то часцей за ўсё ў акіян (паколькі ён займае большую частку нашай планеты) або ў недаступныя раёны.

Ёсць тры тыпы метэарытаў:

  • Каменны — самы распаўсюджаны. На мой погляд, каменныя метэарыты даволі сумныя ў плане складнікаў або гісторый, якія стаяць за імі.
  • Жалезныя — іх прыкладна 3% ад агульнай колькасці падзенняў. У мяне язык не паварочваецца назваць іх сумнымі, плюс яны суперпрыгожыя — і з вонкавага боку, і ў разрэзе. Калі іх вытручваюць хімічнымі рэчывамі, у кожнага з’яўляецца свой індывідуальны малюнак.
  • Самыя рэдкія — паласіты, жалезна-каменны тып, метэарыты з украпінамі крышталя алівіна. Іх усяго 0,2% ад агульнай колькасці тых, што ўпалі на Зямлю. Класіфікавана прыкладна 80 штук, прычым большая частка з іх — вельмі маленькія, і іх немагчыма разрэзаць. Частка — нестабільная, гэта значыць, іх няма сэнсу захоўваць у калекцыі, бо яны будуць пакрывацца карозіяй, і алівіны пачнуць губляць свае ўласцівасці — яркасць, празрыстасць і гэтак далей.

Суперкалекцыйных асобнікаў цяпер — прыкладна 30-40. У мяне на гэты момант — 8 паласітаў. Я спецыялізуюцца на іх, паколькі лічу іх эстэтычна больш прыгожымі. Гэтакая сумесь мастацтва і навукі.

Другі паводле ўпадабання асобнік у маёй калекцыі — гэта кавалачкі Месяца, месячныя метэарыты. І праз пару месяцаў мае прыехаць мой першы Марс. Месяц і Марс таксама неверагодна рэдкія і вельмі ўнікальныя паводле складу.

Я пачала збіраць метэарыты дзесьці год таму ці крыху менш, і цяпер у мяне — 18 асобнікаў. Мая калекцыя ўжо ўнікальная: ёсць метэарыт Fukang, знойдзены ў гарах Кітая, і Esquel, які ўпаў у Аргентыне. Плюс у мяне ёсць Gadamis 004, паводле складу ідэнтычны асобнікам, якія сабраў Апола 16.

Дзе наогул можна купіць метэарыт? Хутчэй за ўсё, не на Amazon.

На Amazon якраз і можна купіць, але толькі даступныя і невялікія кавалачкі. Я ж купляю ў асноўным на аўкцыёнах. Плюс ёсць дылеры, якія шукаюць метэарыты прафесійна і ведаюць, як іх правільна разрэзаць, як іх даглядаць. Такіх людзей не вельмі шмат, усяго некалькі рускамоўных і невялікія кам’юніці ў ЗША, Азіі і на Сярэднім Усходзе.

Метэарытная тусоўка даволі маленькая і ветлая. Усе вельмі адно аднаго падтрымліваюць і радыя дзяліцца інфармацыяй.

Колькі ўвогуле каштуе калекцыйны метэарыт?

Калі мы гаворым пра каменны — гэта ад 30 цэнтаў да 2 долараў за грам. Калі пра жалезны — звычайна ад 5 да 20 долараў за грам. Калі пра паласіты, то гэта ад 20 і да 400 долараў за грам. Месяц і Марс звычайна пачынаюцца ад 100 і да пары тысяч долараў за грам.

А калі гаворым па вазе, то гэта, зноў жа, у каго якія прыярытэты. Мне падабаюцца кавалачкі пабольш, а некаторыя пачынаюць калекцыянаваць ад 3-4 грамаў. Цяпер самы буйны ўзор у маёй калекцыі важыць 4 кілаграмы 370 грамаў.

Ці можна назваць гэта інвестыцыямі?

Так, насамрэч гэта вельмі добрая інвестыцыя. Кошт метэарытаў расце штогод на 20% мінімум. І, як я казала, гэта абмежаваны рэсурс. Выключэнні рэдкія. Напрыклад, у Солт-Лэйк-Сіці выпаў адзін — але ён каменны і не вельмі цікавы для мяне. Або метэарыт, які выпаў у Чэлябінску некалькі гадоў таму, і ўсе пра гэта казалі. Але падобнае адбываецца рэдка.

Усё, што з’явілася ў нас на планеце, выпадала на працягу мільёнаў гадоў. Не будзе такога, што налета з’явіцца ў дзесяць разоў больш метэарытаў. Калі ж так здарыцца, то людзей менш за ўсё будзе хваляваць кошт чаго-небудзь.

А якая, на вашую думку, верагоднасць сутыкнення Зямлі з велізарным астэроідам?

Ніякай у агляднай будучыні.

«Чалавек да ўсяго прыстасоўваецца, проста якасць жыцця будзе іншай» 

У сваім інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву вы казалі, што «глабальнае пацяпленне даб’е планету ўжо ў гэтым стагоддзі». Ці можаце патлумачыць, чаму змены клімату — не выдумка, а рэальнасць?

Самы просты спосаб — гэта паглядзець на сярэднія тэмпературы за апошнія 50 гадоў, і як усе цяпер некамфортна сябе адчуваюць — як мінімум улетку. Я ўжо не закранаю пытанняў забруджвання паветра, зямлі, акіяна і не згадваю, наколькі бяднейшым робіцца біялагічны свет нашай планеты.

Ніякіх добрых перспектыў у нас няма. Нават калі мы пачнем, скажам так, добра сябе паводзіць сёлета або налета, спынім забруджванне і зменім стратэгію, то ў любым выпадку сітуацыя будзе пагаршацца на працягу 10-20 гадоў толькі праз назапашвальны эфект.

Атрымліваецца, што ўжо ў гэтым стагоддзі мы ўсе знікнем праз высокія тэмпературы?

Мы будзем жыць добра, але нядоўга. Не, насамрэч чалавек да ўсяго прыстасоўваецца, проста якасць жыцця будзе іншай. Паглядзіце, колькі людзей памерла ў кавід — і што? Гэта ніяк не паўплывала ні на кавід, ні на чалавецтва ў цэлым. 

Гэта, вядома, вельмі сумная статыстыка, але як бы будуць людзі з багацейшых рэгіёнаў, якія змогуць сабе дазволіць не звяртаць увагі на змены клімату. А людзі з бедных рэгіёнаў, такіх як, напрыклад, Афрыка, або Пакістан, дзе, дарэчы, зусім нядаўна адбылася велізарная паводка, будуць пакутаваць і паміраць.

Ёсць меркаванне, што сартаванне смецця і адмова ад трубачак не асабліва дапамогуць палепшыць сітуацыю.

Гэта ні на што не паўплывае ў глабальным сэнсе. 

У нас насамрэч дастаткова рэсурсаў і тэхналогій, каб прадухіліць наступствы змены клімату. Проста цяпер гэтыя грошы ідуць у іншыя сферы, напрыклад, ваенную.

Ну і ў кожным разе пазітыўныя змены ўжо адбываюцца. Маладое пакаленне значна больш свядома падыходзіць да пытанняў экалогіі. Калі гэтыя людзі зоймуць высокія пасады ў дзяржаве або прыйдуць на пасаду кіраўніка завода, скажам, па нафтаздабычы, думаю, яны будуць прымаць трохі іншыя рашэнні.

Але выхоўваць у сабе экалагічную самасвядомасць трэба адназначна. Як мінімум пастаянна сачыць за сваімі дзеяннямі і паказваць уласны прыклад. Калі ўсе людзі стануць сачыць за сабой — ад гэтага ўсім будзе лепш.

«Канкрэтна зараз праблем са збожжам няма, хутчэй за ўсё, яны паўстануць увосень»

Ці могуць агратэх-стартапы дапамагчы прадухіліць глабальны голад, які нас чакае праз вайну? Бо цяпер пастаўкі збожжа з Украіны ідуць не ў тых аб’ёмах, што раней.

Ежы на Зямлі вырабляецца дастаткова. Проста тыя рэсурсы, якія сыходзяць на яе вытворчасць, надта затратныя для нашай планеты і людзей. Канкрэтна зараз праблем са збожжам няма, хутчэй за ўсё, яны паўстануць увосень. І тут галоўнае пытанне хутчэй з парушэннем лагістыкі, чым з вытворчасцю самога збожжа.

Агратэх-стартапы спрыяюць і вырашэнню лагістычных пытанняў таксама. Напрыклад, дапамагаюць вырабляць ежу бліжэй да пакупніка, а не на іншым канцы планеты. Таксама яны спрыяюць захаванню і памяншэнню колькасці спажываных рэсурсаў. Дапусцім, калі мы гаворым пра фермерства на адкрытай зямлі, трэба, каб яно не моцна пагаршала стан глебы і мы мелі магчымасць выкарыстоўваць яе і праз 20 гадоў.

А як ацэньваеце сельскую гаспадарку ў Беларусі? Ці трэба ўкараняць там інавацыі?

Я не магу зараз правесці аналіз сітуацыі па Беларусі, бо не знаёмая з гэтай тэмай. Не люблю тыкаць пальцам у неба.

Інавацыі — ужо іншае пытанне. Але сродкаў на інавацыі ў сельскай гаспадарцы Беларусі няма, такім чынам і казаць няма пра што.

Ці ўскладніла вайна прыцягненне фінансавання агратэх-стартапаў? 

Угоды заключаюцца ў любы час. Цяпер кампаніі проста трохі памянялі стратэгію. Агратэх-сфера якраз не пацярпела. Бо ўсе разумеюць, асабліва ў часе вайны, яе важнасць.

Калі казаць канкрэтна пра ваш стартап, ці выйшлі вы на самаакупнасць?

Так, цяпер мы даволі добра і камфортна адчуваем сябе на рынку, працягваем выпускаць новыя прадукты. Распрацавалі два напрамкі — індустрыяльны, які ў нас быў першапачаткова, і кансьюмерскі, дзе мы прапаноўваем новыя прадукты для малых прадпрыемстваў або прыватных асоб.

Індустрыяльны напрамак — гэта ў асноўным прадукты для аўтаматызацыі, кантролеры, драйверы, розныя ІТ-дэвайсы. Плюс воблачны сэрвіс, дата-аналітыка і гэтак далей. Тое, што мы прапаноўваем вялікім фірмам.

Калі казаць пра кансьюмерскі бок, то гэта такая міні-ферма з цалкам інтэграванай аўтаматыкай, дзе любы чалавек, выкарыстоўваючы нашыя праграмы і нашую аўтаматыку, можа вырошчваць даволі вялікую колькасць раслін — больш за 70 відаў — без нейкіх ведаў у біялогіі або аграсферы.

Ці назавяце канкрэтныя лічбы абароту кампаніі?

Не, гэта закрытая інфармацыя.

Тады — ці выйшлі вы на запланаваныя паказчыкі?

Так, некаторыя паказчыкі вышэйшыя, некаторыя ніжэйшыя. Цяпер у нас ёсць прадукты, якіх мы ў прынцыпе не планавалі, як, напрыклад, ужо згаданыя прадукты для кансьюмераў. Так атрымалася, што мы знайшлі ў гэтым выгадную для сябе нішу.

Агратэх-стартапы якіх напрамкаў сёння самыя перспектыўныя?

Агратэх — зручная ніша для новых стартапаў, бо людзі маюць патрэбу ў гэтай сферы больш за ўсё. Я за тыя стартапы, якія сапраўды здольныя стварыць штосьці добрае для чалавецтва, а не новыя сістэмы дастаўкі ежы або новы браўзер. 

Я люблю інавацыі і імі карыстаюся, але калі казаць пра тое, што яны маюць прасоўваць свет наперад і быць карыснымі людзям, то гэта як мінімум — захаваць Зямлю для будучых пакаленняў. Як максімум — паспрабаваць змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

Тут шмат напрамкаў. Не толькі вытворчасць ежы, але і павелічэнне яе колькасці і якасці (у плане ўтрымання пажыўных рэчываў), тая ж тэма фермерства і гэтак далей. У якім напрамку варта адкрываць агратэх-стартапы? У тым, у якім вы маеце экспертызу. Не трэба адкрываць стартап толькі дзеля самога адкрыцця. Трэба працаваць там, дзе ў вас ёсць або цікавасць, або вялікая колькасць ведаў.

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

Anonymous
Anonymous
-2

Раю пашукаць больш інфы па дадзенай асобе, шмат цікавага знойдзецца. І пра стартап яе таксама.

alekseyrr
alekseyrr Дегустатор смузи в ООО "Смузи-много-не-бывает"
3

Искать нужно по фразе ФИО + интриги, расследования? :)

Anonymous
Anonymous
1

Гэта вы ўжо самі вырашыце як ацэньваць інфармацыю.

radrad
radrad CEO в душе
0

Ржака, почитайте последние новости на Зеркале, что про эту любительницу метеоритов пишут. Ну или в гугле по запросу Just Diligence Zaretskaya.
Видимо, толкала очередную AI-мишуру инвесторам и доверчивым грантодателям. Но да, можно позавидовать, успела заработать и во все возможные списки попасть, судя по всему))