«Не вашая мама». HRD патлумачыў, чаму кампанія не абавязаная даваць фідбэк
У LinkedIn абмяркоўваюць пост HRD пра тое, чаму кампанія наогул не абавязаная даваць разгорнуты фідбэк кандыдатам. Яго пазіцыя: у рэкруцёраў задача — «наняць чалавека», а не «імпульс у жыцці» суіскальнікам даваць. Але не ўсе з гэтым згодныя.
«Кампанія не вінная вам фідбэку (калі вы за яго не заплацілі)»
Вось што напісаў у сябе ў пасце топікстартар (прыводзім са скарачэннямі):
— З чаго вы, дарагія кандыдаты, узялі, што кампаніі абавязаныя даваць вам фідбэк у разгорнутым выглядзе пасля сумоўя? Вы стварылі такую дамоўленасць перад сумоўем і кампанія ў яўным выглядзе вам паабяцала разгорнуты фідбэк? Тады пытанняў няма, вядома! Ах, не?
Вам проста так хацелася б? Каб разумець… Каб удасканальвацца… Акей, разумею вас. Але гэта вашыя задачы, а «кампанія вінная» тут пры чым?
Ах, «супрацоўніцтва»? А хто вам сказаў, што вы ўжо супрацоўнічаеце? Не. Сумоўе — да супрацоўніцтва. Кампанія вам супрацоўніцтва таксама яшчэ не абяцала — нават больш за тое, адмовіла ў ім. Кампанія не вінная вам (пакуль) супрацоўніцтва. Кампанія не вінная вам фідбэку (калі вы за яго не заплацілі). А калі заплацілі, то гэта не сумоўе, а тэсціраванне — святая справа.
Выдаткаваны час? Вы яго ўклалі ў атрыманне будучай працы. Калі яна вам не патрэбна была, нашто вы пудрылі кампаніі мозг?
Ці падумалі вы, што на тым баку запараныя рэкруцёр і менеджар наймання разграбаюць тоны прыхарошвання і адкрытай хлусні ў рэзюмэ? А ў іх задача — наняць чалавека, каб працэс ішоў, а не вам імпульс у жыцці даць. Ці разумееце розніцу?
Давайце паважаць мэты і задачы адно аднаго — тады ўсім будзе лягчэй.
Ах, кампаніі «добра было б» даваць фідбэк? Ну, добра б. Можа быць. Але ўжо сапраўды не «вінная». Асабліва ў тым выглядзе, у якім хочаце вы. Гэта не вашая мама ля стойкі з жуйкамі. Калі вы не дамовіліся пра гэта да пачатку і ў яўным выглядзе.
«Калі ты мяне не любіш, то я таксама не?». Гэта на здароўе, вядома. Кампанія, напэўна, перажыве, — напісаў топікстартар у сваім пасце.
«У цывілізаваным свеце больш прынята пра win-win — і працаўнік здольны выбіраць з заказчыкаў»
Пад пастом — 120+ каментароў. Першы і галоўны пасыл аўдыторыі: даць фідбэк — гэта «добры тон», гэтак жа, як і завяршыць камунікацыю ветлівым «Дзякуй, усяго добрага!» А яшчэ кампаніі самой ад гэтага карысць: кандыдат можа ў будучыні вярнуцца або прывесці ў кампанію кагосьці яшчэ са сваіх знаёмых. Ну і «зваротная сувязь кажа пра статус кампаніі».
— Вы лічыце, што аказваеце паслугу, запрашаючы кандыдата на сумоўе і потым адбіраючы лепшага. Яшчэ большай паслугай будзе ўзяць яго на працу (а калі і заробак яму плаціць — наогул скакаць ад радасці мусіць). Усё па Марксу: эксплуататар-капіталіст выкарыстоўвае працу працоўнага ў сваіх мэтах.
Вымушаны вас здзівіць, але Маркс памёр больш як 100 гадоў таму, а «савок» на карце (але не ў галовах) знік больш за 30 гадоў таму. А ў цывілізаваным свеце больш прынята пра win-win — і ў рамках гэтай стратэгіі не толькі капіталіст бярэ працаўніка, але і працаўнік здольны выбіраць з заказчыкаў. Дык вось у гэтай парадыгме не толькі вы зрабілі ласку, каб халопа на сумоўе паклікаць, але і высокакваліфікаваны працаўнік выдаткоўвае свой час на тое, каб адказваць на ўсякія «кім вы бачыце сябе праз 5 гадоў» ды іншыя «якая вы машына ў дадзены момант». Таму ён мае права як мінімум на адэкватнага чалавека з таго боку (на жаль, далёка не заўсёды) і тым больш на тое, каб кампанія выдаткавала 15 хвілін свайго каштоўнага часу на фідбэк.
— Ёсць запыт ад 90% і больш кандыдатаў рознага прафесійнага ўзроўню атрымліваць фідбэк. Далей ужо той, хто валодае дастатковай гнуткасцю, эмпатыяй, рэсурсамі, — робіць, хто не валодае — не робіць, а хтосьці проста не хоча. Але нельга адмаўляць таго факта, што 90% кандыдатаў хочуць мець фідбэк. А словы «вінныя» і «абавязаныя» — дык гэта часцей за ўсё эмоцыі. Зноў жа для разумення патрэбная хоць бы эмпатыя.
Але ёсць і тыя, хто згаджаецца з аўтарам паста — без патрэбы гэтыя фідбэкі, абмяжуемся ветлівай адмовай, не будзем марнаваць час (ён жа — грошы).
— Разгорнуты фідбэк — гэта рызыка быць уцягнутым у непатрэбную перапіску як з прэтэндэнтам, так і з трэцімі асобамі. Напрыклад, да вас прыходзяць два кандыдаты. У абодвух аднолькавыя скілы (вось проста аднолькавыя). Толькі аднаму — 30 гадоў, а другому — 59. Вы каго возьмеце на працу, толькі шчыра?
І пасля такога ж сумленнага фідбэку атрымлівайце ад адхіленага скаргу на дыскрымінацыю па ўзросце (незалежна ад таго, каго з іх узялі).
Або такі варыянт: а вось мы фідбэк даем, але далёка не ўсім.
— Я звычайна імкнуся даваць фідбэк тым, у каго бачу зону росту. Ну ці калі досвед не рэлевантны — таксама шчыра кажу. Астатнім, якія не пасуюць праз сваю вырашчаную «карону» — [які] сэнс [даваць]? Каб цябе потым яшчэ і абвінавачвалі, што не разгледзела «такога цудоўнага мамчынага піражочка»?
Яшчэ адная пазіцыя ад некаторых падпісчыкаў топікстартара: мне, уласна, ваш фідбэк і не патрэбны.
— Сваіх тараканаў у галаве падзець няма куды, навошта мне чужыя? Таму, заўсёды было начхаць на фідбэк. Калі я бачу, што эйчар «свядомы», загадзя прашу: «Калі не падыду — не трэба мне нічога паведамляць, я і так усё зразумею».
А калі даводзіцца наймаць, тлумачу: «Нават не парся. Можа ў цябе тапачкі не таго колеру або нумералогія не дазваляе цябе ўзяць на гэтую пасаду (не ў тую дату ты нарадзіўся). Ты хочаш да наступнага працадаўцу прыйсці ў іншых тапачках? Ты ўпэўнены?»
А некаторыя карыстальнікі выказваюцца ў духу: так, ніхто нікому не вінны, але «я вас у кніжачку запісаў».
— Цалкам згодны, што не вінныя. Але для мяне гэта «чырвоны сцяг» — штосьці сярэдняе паміж інфантыльнасцю і эканоміяй на дробязях.
— На работных сайтах трэба зрабіць метрыку, даступную для суіскальнікаў, якая будзе адлюстроўваць паказчык фідбэкаў ад кампаніі/эйчараў/рэкруцёраў. Я з вамі згодны, што ў працадаўцы няма абавязку даваць зваротную сувязь пасля інтэрв’ю. Але было б справядліва, калі б гэтыя даныя бачылі кандыдаты перад сумоўем або лепш перад адпраўкай водгуку.
А хто ў гэтай дыскусіі мае рацыю, як на вас? Пішыце ў каментарах.
Читать на dev.by