У самазанятых — апошні шанец атрымаць бонус у 200 рублёў. Але ёсць нюанс. Як пры гэтым не стаць дармаедам?
Ці сапраўды вылік у 2000 BYN асуджае навічкоў-самазанятых на статус «дармаеда» і што з гэтым рабіць?
З 2026 года падатковы вылік для самазанятых на ППД скасуюць, гэта прадугледжана ў Падатковым кодэксе год таму. Але яшчэ месяц навічкам «раздаюць» па 2000 BYN (хто плануе рэгістравацца, паспяшайцеся), а ў некага «падарунак» не выбраны з мінулага года.
З гэтым вылікам было шмат блытаніны. Увосень у медыя было шмат гісторый пра тое, як беларусы знаходзяць сябе ў спісах «дармаедаў» нягледзячы на тое што зарэгістраваліся самазанятымі ў аплікацыі «Прафдаход», афіцыйна атрымліваюць і дэкларуюць даход. Хутка яны сыдуць у мінулае. Але пакуль вылік працуе, а батарэі распальваюць жыроўкі, зробім кароткую тлумачалку, як правільна выкарыстаць падатковы падарунак.
Што за вылік?
Стандартны падатковы вылік памерам 2000 BYN, які надаецца кожнаму самазанятаму пры рэгістрацыі ў аплікацыі. Ён азначае, што першыя заробленыя 2000 BYN не абкладваюцца 10-працэнтным падаткам на прафдаход. Такі сабе вэлкам-бонус навічку ад падатковай памерам у 200 BYN.
У чым падвох?
Ніякага падвоху, калі вы не знаходзіцеся ў спісах не занятых у эканоміцы — напрыклад, у вас ёсць афіцыйная праца/вы пенсіянер/маці з дзіцём да 7 гадоў/вучыцеся на дзённым у ВНУ/здаяце нерухомасць/жывяце ў вёсцы і займаецеся агародам etc. Або нават калі вы «дармаед», але бескватэрны, так што «ганебны статус» вашу кішэню не дзярэ.
Таксама не хвалюйцеся, калі ў вас ёсць нармальны заказчык, які ў першы ж месяц працы на ППД заплаціць 2000 BYN і больш.
Астатнім варта памятаць, што для падатковай ваш статус занятага ў эканоміцы вызначаецца не тым, працуеце вы ці атрымліваеце даход, а тым, ці плаціце вы падатак. Так што да тых часоў, пакуль не пачнеце плаціць у казну рэальныя грошы, вы — «дармаед».
Што рабіць?
Самае відавочнае — зарабіць хоць на рубель больш за 2000 BYN, задэклараваць грошы (гэта значыць выпісаць чэк) у аплікацыі «Прафдаход», з сумы, якая перавышае 2000 BYN, заплаціць 10% ППД і аўтаматычна пакінуць спісы не занятых у эканоміцы. Для айцішнікаў гэта нібы не праблема.
Калі ж гэта ўсё-ткі праблема (заказу на такую суму няма/плацёж адтэрмінаваны па часе, а батарэі ўжо ўключылі і хутка ад камуналкі стане балюча), то вы маеце поўнае права адмовіцца ад падатковага выліку.
Для гэтага нават хадзіць нікуды не трэба. Дастаткова ў асабістым кабінеце падаткаплацельшчыка на сайце МПЗ адправіць адпаведную заяву праз функцыю «прадастаўленне інфармацыі і дакументаў інспекцыі МПЗ». Пасля гэтага плаціце ППД з рэальна заробленага і пакідаеце спісы незанятых.
Па логіцы, такі ж вынік будзе, калі задэклараваць яшчэ не заробленае. Але раіць гэты спосаб мы не будзем, таму што ёсць афіцыйны і дакладна легальны шлях — адмова ад выліку.
З якога часу з самазанятага здымуць статус «дармаеда»?
Як толькі ён пачне плаціць рэальны падатак. Але тут варта памятаць, што падатак выстаўляецца ў дадатку толькі 10-га чысла месяца, які ідзе за месяцам атрымання даходу, а цягнуць з яго аплатай можна да 22-га. Гэта значыць ёсць рызыка апынуцца ў сітуацыі, калі вы упарта працавалі і парог у 2000 BYN ужо пераадолелі, але з чорных спісаў за папярэдні месяц вас яшчэ не выключылі.
У такім выпадку ёсць сэнс папярэдзіць раённую камісію па садзейнічанні занятасці, што вы ўжо сумленны самазаняты і падаткаплацельшчык. Некаторыя камісіі прапануюць даслаць ім па е-мэйле чэк аб выплаце падатку, каб ужо ў бягучым месяцы прыбраць вас са спісаў «дармаедаў». На любую суму.
А так можна? Падатак жа яшчэ не падлічаны
Плаціць ППД да афіцыйнага выстаўлення рахунку не забаронена. Гэта можна зрабіць праз АРІП — калі памылiцеся з дакладным разлікам, выплачаную суму вам залічаць, а розніцу даплаціце пасля 10-га чысла.
Калі аплата падатку на папярэджанне па нейкіх прычынах не спрацавала і за месяц, у якім мы упарта працавалі і дэкларавалі даход, такі прыйшла конская камуналка, можна звяртацца ў камісію за пераразлікам.
Акей, з вылікам разабраліся. А як быць далей, калі заказы і даход нерэгулярныя?
Спісы не занятых у эканоміцы пакуль абнаўляюцца раз у квартал. Каб іх пазбягаць, важна атрымліваць даход і плаціць падатак хаця б раз у квартал. Але так доўжыцца нядоўга — з новага года для ППДшнікаў плануюць ўвесці новыя правілы, згодна з якімі трэба будзе плаціць 45 BYN у месяц мінімум.
Читать на dev.by