«Яны перашкаджаюць іншым знайсці працу». Польскія айцішнікі скардзяцца на аўтсорс і буткэмпы
Польская газета «Wyborcza» апублікавала размову з мясцовымі айцішнікамі, якія скардзяцца на тэндэнцыю апошняга часу: іх калегі часта працуюць адначасова на некалькіх праектах у розных кампаніях (часта ў рамках аўтсорсінгавай мадэлі). Гэта дрэнна ўплывае на працэсы ў камандах. Урыўкі артыкула цытуе канал Dzik Pic.
«Гэта вельмі несправядліва і ў той жа час дэмабілізуе, — кажа ў інтэрв’ю Wyborcza Магда, праграмістка з 7-гадовым стажам. — Пяцёра з 12 чалавек нашай каманды адначасова працуюць над двума-трыма праектамі ў некалькіх кампаніях. Гэта вялікая нагрузка для астатніх і сур’ёзна псуе рынак».
Прыкладна таго ж меркавання прытрымліваецца і Марцін, які ўжо некалькі гадоў займаецца распрацоўкай інтэрфейсаў праграм. У яго ёсць два сябры, якія працуюць у некалькіх кампаніях адначасова і атрымліваюць у кожнай аднолькавую зарплату.
Што не так?
На думку ўжо згаданай Магды, людзі, якія працуюць па B2B, могуць працаваць у дзвюх, а то і трох кампаніях адначасова: «Для іншых людзей у камандзе гэта вялікая праблема, бо такія супрацоўнікі не ўдзельнічаюць у бягучых праектах, на іх нельга спадзявацца, а горш за ўсё, калі яны займаюць кіроўныя пасады і камандзе даводзіцца ў іх вучыцца і разлічваць на іх».
Калега Магды расказаў ёй пра знаёмую з працы, якая працавала ў некалькіх месцах і прыходзіла ў офіс з двума ноўтбукамі. А яшчэ адзін праграміст удзельнічаў у трох сустрэчах адначасова. А каб здавалася, што ён уцягнуты адразу ва ўсе, выкарыстоўваў макрас для імітацыі руху курсора.
Акрамя таго, кажа Магда, «у ІТ прапаноў менш, а людзі, якія працуюць адначасова ў некалькіх месцах, перашкаджаюць іншым знайсці працу». Плюс якасць працы ў іх ніжэйшая, чым калі б яны працавалі толькі ў адной кампаніі.
Працаўнікі ці аўтсорс?
А вось Марцін лічыць, што рынак псуюць не толькі работнікі з некалькімі праектамі, але і галоўным чынам аўтсорсінгавыя кампаніі, якія адпраўляюць аднаго і таго ж праграміста працаваць у некалькі кампаній, у кожную на пастаяннай аснове.
У выніку, як паказвае досвед знаёмых Марцына, такія працаўнікі ўсё роўна выбіраюць нейкую адную кампанію прыярытэтнай і прысвячаюць ёй больш часу (але атрымліваюць падвойную або патройную зарплату).
Марцін таксама крытыкуе так званыя буткэмпы па праграмаванні, то-бок курсы для людзей, якія толькі збіраюцца выйсці на гэты рынак. Ён кажа, што парог уваходу ў галіну стаў вышэйшы, чым да пандэміі.
«Курсы каштуюць да 12-15 тысяч злотых (прыкладна 3100-3880$), не дзіва, што іх удзельнікі чакаюць высокіх ставак на пачатку сваёй працы, — кажа Марцін. — Між тым пачатковец зарабляе прыкладна 6000 злотых (прыкладна 1550$). Вядоўцы рыхтуюць, напрыклад, 40-хвілінныя вэбінары, закліканыя заахвочваць удзел у курсе. У працэсе згадваюцца стаўкі, на якія вы можаце разлічваць пасля завяршэння, але яны нерэальныя. Я ведаю, бо сам глядзеў такі вэбінар і працую ў гэтай галіне ўжо шмат гадоў».
Колькасць прапаноў зменшылася?
Фабіян П’етрас, спецыяліст Antal IT Services, адзначае, што ІТ-рынак усё яшчэ не цалкам стабільны. Некаторыя кампаніі прыпыняюць набор персаналу, пакуль рынкавыя тэндэнцыі не стануць зразумелымі. Ён дадае, што назірае зніжэнне колькасці найманняў і прапаноў працы, а таксама высокую цякучку кадраў.
Падлікі спецыялістаў кампаніі No Fluff Jobs паказваюць, што агульная колькасць ІТ-вакансій у Польшчы за год скарацілася амаль на чвэрць. Яны падкрэсліваюць, што пагаршэнне ІТ-сітуацыі назіраецца ўжо каля года.
Читать на dev.by