«У нас мала часу»: OpenAI, Anthropic і яшчэ 100 кампаній папярэдзілі пра хвалю ШІ-атак
OpenAI, Anthropic, Microsoft, Google, Amazon і больш за 100 іншых кампаній заклікалі бізнес і дзяржавы тэрмінова ўзмацніць кіберабарону. Паводле іх ацэнкі, ужо ў бліжэйшыя месяцы атакі з выкарыстаннем ШІ стануць значна больш масавымі і складанымі.
OpenAI, Anthropic, Microsoft, Google, Amazon і больш за 100 іншых кампаній заклікалі бізнес і дзяржавы тэрмінова ўзмацніць кіберабарону. Паводле іх ацэнкі, ужо ў бліжэйшыя месяцы атакі з выкарыстаннем ШІ стануць значна больш масавымі і складанымі.
«У бліжэйшыя месяцы кібератакі з выкарыстаннем ШІ стануць значна больш распаўсюджанымі і складанымі па меры таго, як мадэлі па ўсім свеце будуць станавіцца ўсё больш магутнымі», — гаворыцца у сумесным адкрытым лісце кампаній.
Сярод падпісантаў таксама AMD, Broadcom, Cloudflare, CrowdStrike, IBM, Mastercard, Oracle, Perplexity, Shopify, Visa, Hugging Face, Cisco, Palo Alto Networks ды іншыя тэхналагічныя і фінансавыя кампаніі.
Аўтары ліста лічаць, што часу на падрыхтоўку застаецца няшмат. Пад пагрозай, паводле іх, знаходзяцца ў тым ліку бальніцы, сістэмы водазабеспячэння ды інфраструктура, ад якой залежыць праца інтэрнэту. «У нас ёсць абмежаванае акно магчымасцяў, каб умацаваць кіберабарону», — папярэджваюць кампаніі.
Пры гэтым аўтары ліста прапануюць выкарыстоўваць ШІ не толькі як крыніцу новых рызык, але і як інструмент абароны. На іх думку, сучасныя мадэлі ўжо могуць дапамагаць спецыялістам шукаць уразлівасці, правяраць сістэмы і хутчэй ліквідаваць слабыя месцы.
Кампаніі заклікалі арганізацыі «зрабіць кіберабарону неадкладным прыярытэтам для кіраўніцтва», хутчэй выпраўляць найбольш небяспечныя ўразлівасці і павышаць патрабаванні да бяспекі праграмнага забеспячэння, у тым ліку да кода, створанага з дапамогай ШІ.
Асобны заклік адрасаваны дзяржавам. Ім прапануюць пашыраць праграмы давернага доступу, каб спецыялісты па кібербяспецы і аператары крытычнай інфраструктуры маглі раней атрымліваць доступ да найбольш магутных мадэляў і выкарыстоўваць іх для абароны.
Распрацоўшчыкам перадавых ШІ-сістэм, у сваю чаргу, прапануюць прадастаўляць абаронцам доступ да мадэляў, фінансаванне, навучанне і інструменты маніторынгу. «Мы заклікаем лідараў індустрыі і дзяржавы задзейнічаць увесь патэнцыял сваіх тэхналогій, рэсурсаў і экспертызы», — гаворыцца ў лісце.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.