OpenAI хоча адкупіцца ад некамерцыйнага падраздзялення, каб стаць прыбытковым бізнэсам
Кампанія вядзе барацьбу за перавагу ў галіне штучнага інтэлекту з такімі гігантамі, як Google і Meta, і ў той жа час імкнецца пакласці канец кантролю з боку некамерцыйнай арганізацыі.
Кампанія вядзе барацьбу за перавагу ў галіне штучнага інтэлекту з такімі гігантамі, як Google і Meta, і ў той жа час імкнецца пакласці канец кантролю з боку некамерцыйнай арганізацыі.
Крыніцы Тhe New York Times паведамляюць, што пасля няўдалай спробы некамерцыйнай рады дырэктараў звольніць Сэма Альтмана мінулай восенню бізнэсовец спрабуе адхіліць некамерцыйную арганізацыю ад кантролю над кампаніяй. Паводле слоў ананімных крыніц, Альтман і яго калегі працуюць над планам, які прадугледжвае кампенсацыю існай радзе дырэктараў.
Усярэдзіне каманды вядуцца дэбаты пра тое, якая цана справядлівая за адмову ад кантролю над тэхналогіяй. Сума кампенсацыі некамерцыйнай арганізацыі можа скласці мільярды долараў. Пры гэтым рада дырэктараў OpenAI мае рэструктураваць арганізацыю. Новая структура неабходная ў тым ліку для прыцягнення інвестыцый і падтрымання тэмпу канкурэнцыі з тэхнагігантамі.
У снежні 2015 года Альтман заснаваў OpenAI як некамерцыйную арганізацыю разам з некалькімі даследчыкамі і прадпрымальнікамі ў галіне АІ, уключаючы Ілана Маска. Іх турбавала тое, што Google, якая лідзіравала ў гонцы за стварэнне штучнага інтэлекту, можа атрымаць занадта вялікі кантроль над будучыняй чалавецтва і не заўважыць патэнцыйнай шкоды, імкнучыся да вышэйшых прыбыткаў.
У 2018 годзе заснавальнікі OpenAI усвядомілі, што для стварэння магутных тэхналогій АІ спатрэбіцца значна больш грошай, чым яны маглі б сабраць праз некамерцыйную арганізацыю. Затым Маск пакінуў раду дырэктараў, Альтман заняў пасаду генеральнага дырэктара і стварыў камерцыйную кампанію, здольную прыцягваць інвестараў і абяцаць ім фінансавую аддачу, па-ранейшаму падпарадкоўваючыся некамерцыйнай радзе дырэктараў.
У выніку ў 2023 годзе некамерцыйная рада дырэктараў паспрабавала скінуць Альтмана з пасады, але пасля пратэсту інвестараў і супрацоўнікаў яго вярнулі, а большая частка рады дырэктараў была замененая. Гэтай восенню OpenAI прыцягнула $6,6 мільярда ад многіх кампаній і інвестыцыйных фондаў, уключаючы Microsoft, Nvidia, японскі тэхналагічны кангламерат SoftBank і інвестыцыйную фірму ААЭ MGX.
Інвестыцыі былі атрыманыя з умовай, што OpenAI зменіць сваю карпаратыўную структуру на працягу двух гадоў. Гэта паставіла кампанію ў значна рызыкоўнейшую сітуацыю, праз што каманда Альтмана спяшаецца з рэструктурызацыяй. Супраць яе выступае Маск, які падаў пазоў у суд супраць кампаніі. Аналагічную просьбу выказала Meta генеральнаму пракурору Каліфорніі Робу Бонту, каб той заблакаваў змены.
Перамовы ўскладняюцца ўдзелам іншых інвестараў, у прыватнасці Microsoft. Для ўнясення канчатковых змяненняў можа спатрэбіцца адабрэнне карпарацыі, асноўнага інвестара. Перамовы таксама ўскладняюцца ўдзелам самога Альтмана, які займае пасаду ў радзе дырэктараў некамерцыйнай арганізацыі і з’яўляецца генеральным дырэктарам камерцыйнай кампаніі. Гэта фактычна ставіць яго па абодва бакі гэтых перамоў. Аднак ён не заявіў пра самаадвод.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.