«Нават кароткага сазвону для знаёмства не было!» Бэт-кампанія адмовіла кандыдатцы па галасавых
Піяршчыца, якая працуе ў ІТ, напісала пост у LinkedIn: ёй адмовілі па адказах на пытанні галасавымі паведамленнямі (на этапе, які яна сама разумела, як перадсумоўе) — то-бок наогул без сумоўя.
Дзяўчына расказала, што яна пакуль працы актыўна не шукае, бо «сякія-такія задачы» ў яе ёсць, але калі рэкруцёры клічуць на інтэрв’ю — не адмаўляецца.
І вось ёй напісала эйчарка з бэт-кампаніі і прапанавала разгледзець вакансію. Аўтарка паста ўступіла ў перапіску, прачытала апісанне вакансіі і на прапанову эйчаркі накідала спіс з 8-9 пытанняў, на 7 з якіх атрымала адказы — але самыя важныя засталіся не закрытыя, удакладняе яна.
Гэта крыху напружыла топікстартарку, але яна вырашыла, што высветліць усё, што яе хвалюе, на наступным этапе — то-бок на сазвоне (а гэты этап дзяўчына для сябе разумела як перадсумоўе).
— Потым яна мне даслала пералік сваіх пытанняў з 12-13 штук. Адкажыце! З пазнакай: калі хочаце, дасылайце галасавым адказы. Я прыкінула, што пісаць будзе доўга, і адказы нагаварыла — адправіла. І наўздагон яшчэ адправіла спасылку на [профіль у] LinkedIn. Адзначу, што з майго рэзюмэ цалкам ясна, калі вывучаць не «па вярхах», што ў igaming мяне пакуль не было, — расказвае піяршчыца.
Праз суткі кандыдатка атрымала адказ, што ўсё гэта яе суразмоўніца «адправіла калегам». А яшчэ праз суткі — паведамленне, што аўтарка паста кампаніі не пасуе.
«Не і не, без крыўд! — аднак топікстартарка не хавае, што методыкі правядзення інтэрв’ю яе ўсё ж здзівілі. — Бо нават кароткага сазвону для знаёмства не было!» Таму яна вырашыла высветліць у эйчаркі кампаніі, як яны вядуць адбор — толькі па галасавых, без размовы са спецыялістамі аддзела, куды патрабуецца супрацоўнік?
Дзяўчына выклала скрын сваёй перапіскі з эйчаркай, прыбраўшы ўсю асабістую інфармацыю. Ёй адказалі, што адбор праводзіўся па CV, профілі ў LinkedIn, партфоліа і «разгорнутых удакладняльных пытаннях пра вопыт у рамках цікавых нам блокаў». Галасавое паведамленне — гэта проста спосаб удакладнення інфармацыі.
— Мы (як працадаўца) пакідаем за сабой права па выбары метаду адбору кандыдатаў. Шкада, што вам дадзены падыход не пасуе, — так заканчваецца перапіска.
Аўтарка паста дадала, што яна тэму развіваць не стала, бо гэта немінуча прывяло б да сваркі, але высновы зрабіла. «Звычайна я прашу дэталёвы фідбэк для працы над памылкамі на будучыню. А тут, прызнацца, моцна расчаравалася падыходам. Вельмі спадзяюся, што такія сумоўі не паўсюдныя».
А ці былі ў вас падобныя сітуацыі і адмовы? Пішыце ў каментарах.
Читать на dev.by