«Папросту жах». Да 2022 года Wargaming, EPAM і іншыя мелі свае адмысловыя курсы англійскай. А што цяпер?
«Вялікі сыход» беларускай ІТ-галіны адчулі на сабе не толькі распрацоўшчыкі і QA-спецыялісты. Пагаварылі з выкладчыцай англійскай мовы, якая гадамі дапамагала будаваць кар’еру сваім студэнтам-айцішнікам і ў якой пасля 2022 года ўсё змянілася.
«Вялікі сыход» беларускай ІТ-галіны адчулі на сабе не толькі распрацоўшчыкі і QA-спецыялісты. Пагаварылі з выкладчыцай англійскай мовы, якая гадамі дапамагала будаваць кар’еру сваім студэнтам-айцішнікам і ў якой пасля 2022 года ўсё змянілася.
Аліса* — цудоўная, паводле словаў былых калег, выкладчыца англійскай мовы, якая працавала ў мінскім офісе буйной беларускай ІТ-кампаніі да 2022 года.
«Узнікла такое ўяўленне: ІТ — гэта нешта вельмі крутое, і было б вельмі крута туды трапіць»
— Дзе вы працавалі да ІТ?
— Я працавала выкладчыцай у дзяржаўных ВНУ. Вяла заняткі па некалькіх прадметах адразу: розныя мовы, розныя спецыялізацыі і розныя ўзроўні студэнтаў.
З англійскай мовай у ІТ, атрымліваецца, я рабіла тое ж самае. У мяне там былі групы розных узроўняў, у якіх займаліся розныя людзі з зусім рознай падрыхтоўкай.
— Вы памятаеце, як упершыню сутыкнуліся з ІТ?
— Працуючы ў ВНУ, ты ўсё роўна падпрацоўваеш рэпетытарам. Сярод кліентаў у мяне былі хлопцы з бізнес-асяроддзя, адзін з іх — якраз айцішнік. Для мяне ён проста ўзор такога, вельмі крутога айцішніка. Ён схопліваў усё на лёту, што б я яму ні давала — ён да ўсяго ставіўся: «ні фіга сабе, як крута!» Плюс ён мэтанакіраваны, у сваім маладым узросце, да 28 гадоў, ужо зарабіў на добрую машыну, будаваў кватэру. Было вельмі класна з ім займацца.
Ведаеце, бывае, што людзі жмуцца па цане. Кажуць, што заняткі для іх дарагія. Мне гэта здаецца дзіўным, але сярод айцішнікаў гэта часта сустракаецца. Не, не ўсе, але некаторыя з іх вельмі гандлююцца, хоць заробкі ў іх значна вышэйшыя за сярэднія. А вось з гэтым кліентам ніколі такога не было. Ён быў проста ідэальным студэнтам.
І дзякуючы яму ў мяне сфармавалася вельмі станоўчае ўяўленне пра ўсю ІТ-галіну. Такое, ідэалізаванае: ІТ — гэта нешта вельмі крутое, і было б вельмі крута туды трапіць.
— Мяне вельмі доўга ўгаворвалі падаць дакументы на вакансію ў ІТ-кампанію. Я адкладвала падачу гэтага рэзюмэ, напэўна, паўгода. І ў рэшце рэшт мяне ўгаварыў адзін з маіх студэнтаў, які ўжо працаваў у гэтай кампаніі. У іх дзейнічала рэферальная сістэма: «Аліса, ну давайце, проста спрабуйце, я вам напішу рэкамендацыю». Думаю — добра, проста трэба схадзіць і паспрабаваць. Калі я прыйшла на сумоўе, ні на што не спадзявалася, на самай справе. Памятаю, як выйшла — і думаю: «Ну добра, галоўнае, спрабавала».
Праз пару дзён мне пазванілі, сказалі «прыходзь з дакументамі, мы цябе наймаем». Я была шакаваная: «Ого, значыць, я прайшла!» Там жа ў апісанні вакансіі патрабаванні былі, як для касманаўта. Я іх чытаю і думаю: у мяне няма гэтага сертыфікату, і гэтага, досведу працы вобмаль… Гэта цяпер, пасталеўшы, я разумею, што ў шмат якіх вакансіях патрабаванні завышаюць, каб адсекчы людзей, якія наогул для іх не падыходзяць. І сама студэнтам пра гэта расказваю, калі рыхтую іх да сумоўяў.
Спачатку мы з дзяўчатамі, якія прыйшлі ў адзін час са мной, сутыкаліся з «сіндромам самазванца». І толькі з часам пачалі разумець: «вось гэта мы ўмеем, з гэтымі практыкаваннямі працуем, гэтымі тулсамі валодаем».
Потым паступова пачалі разумець, як гэта ўсё выглядае збоку. Памятаю, на нейкім семінары ці вэбінары адна з старонніх удзельніц сказала: «Дзяўчаты, вы не разумееце, якія вы класныя спецыялісты! Такіх яшчэ пашукаць трэба, вы на тым узроўні, на якім у нас адзінкі». І памятаю, як я ў гэты момант падумала: «Сур’ёзна?» Таму што да гэтага пастаянна думала, што мне чагосьці не хапае, нейкіх ведаў недастаткова.
«Сярод топ-менеджараў былі і „пачаткоўцы“ па ўзроўні валодання англійскай»
— У якіх кампаніях у Беларусі былі ўласныя буйныя моўныя школы?
— Наколькі я ведаю, такія сістэмы былі ў EPAM і ў Wargaming. Верагодна, што абедзве кампаніі выбудоўвалі гэтыя сістэмы прыкладна аднолькава.
Выкладчыкі з розных кампаній усе адно аднаго ведаюць, кантактуюць, абменьваюцца інфармацыяй, ідэямі. І туды, і туды прыходзілі дзяўчаты з «Стрымлайна», і сертыфікаты CELTA [Certificate in English Language Teaching to Adults, распрацаваны Кембрыджскім універсітэтам] ёсць, напэўна, ва ўсіх. Таму ў тым, што тычыцца арганізацыі ўрокаў — напэўна, усе рабілі іх па CELTA, выбудоўвалі ў адпаведнасці з камунікатыўным падыходам.
У плане менеджарскай арганізацыі працэсы ў гэтых кампаніях, напэўна, таксама былі падобнымі. Імаверна, у абедзвюх кампаніях былі таксама метадысты ці старшыя выкладчыкі, якія больш займаліся падрыхтоўкай навучальных матэрыялаў, чым самімі заняткамі. Хаця падрыхтоўкай матэрыялаў займаліся і астатнія — напрыклад, калі трэба было распрацаваць якісь летні курс.
Як мне здаецца, ужо ад Wargaming і ЕPAM гэта ўсё пайшло далей (але, паўтаруся, гэта толькі мае ўяшленні, я не сцвярджаю, што так было насамрэч). У кампаніях, дзе такія сістэмы падрыхтоўкі з’явіліся пазней, людзі, верагодна, ужо не стваралі штосьці нанова, а паўтаралі ў неабходных маштабах тое ж самае.
Вядома, усё залежыць ад маштабаў. Невялікім кампаніям такія буйныя сістэмы не трэба. Ім трэба проста, каб хтось вёў урокі па агульнай англійскай, крыху з ухілам у айцішную тэрміналогію.
— Ці ўсе супрацоўнікі маглі хадзіць на вашыя курсы?
— У кампаніі, дзе я працавала, у пачатку быў нейкі перыяд, калі заяўкі на навучанне падавалі ўсе каму не лень: я хачу падкачаць англійскую — я іду на англійскую. У выніку студэнтаў стала шмат, а выкладчыкаў было не так шмат.
Сярод усіх гэтых «я хачу» потым аказвалася шмат «я хачу, але я не хаджу». Казаць можна рознае, але па факце англійская мова для працы патрэбна не кожнаму. А хтосьці і проста не мог сябе арганізаваць. Можа, яму і патрэбна англійская, ён запісаўся, заняў чыёсь месца — але на заняткі проста не ходзіць з нейкіх прычын.
Таму пазней заяўкі сталі дзяліць на групы, у залежнасці ад таго, наколькі чалавеку насамрэч патрэбна англійская мова для працы. Прыярытэтаў было тры:
тыя, каму англійская прама вельмі патрэбна для іх business needs;
тыя, каму яна патрэбна крыху менш;
тыя, каму яна не асабліва патрэбна.
І першыя дзве групы вучыліся на курсах кампаніі, а трэцяму прыярытэту прапаноўвалі ісці на анлайн-курсы Skyeng і кампенсавалі частку кошту.
Цікава, што калі гэтая сістэма з прыярытэтамі стала працаваць, гэтым бэнефітам сталі карыстацца і выкладчыкі англійскай. Займаліся са Skyeng, каб пракачаць сабе наступныя ўзроўні.
— Вы вялі толькі групавыя заняткі?
— Сістэма была так пабудавана, што ў кожнага з выкладчыкаў былі асноўныя групы. Плюс былі індывідуальныя студэнты, нейкія топ-менеджары. Іх англійская магла быць абсалютна рознага ўзроўню. Былі нейкія «пачаткоўцы», якім паводле працы спатрэбілася для чагось з’ездзіць у замежны офіс кампаніі, злятаць на нейкую канферэнцыю.
Звычайна гэта людзі, якія разумеюць маштаб сваіх задач і сваёй адказнасці. З імі мы праводзілі індывідуальныя заняткі пад пэўныя мэты. Калі людзі разумеюць, што ім трэба падрыхтавацца да нейкай канкрэтнай канферэнцыі, дзе трэба адэкватна выступіць, каб іх зразумелі — з імі вельмі класна працаваць.
Вядома, тут таксама бывалі нейкія складанасці. Таму што ўзровень мовы ў такой асобы таксама можа быць не вельмі высокі, а табе трэба яго сур’ёзна пракачаць, каб на канферэнцыі ці прэзентацыі ўсе яго правільна зразумелі.
Ты ставіш фанетыку, інтанацыю, пракачваеш слоўнікавы запас, вучыш яго неяк рэагаваць на той выпадак, калі нешта пойдзе не так або з залы зададуць нейкія пытанні. Увогуле, за кароткі тэрмін табе трэба з невысокага ўзроўню падняць гэта да чагосьці прыстойнага, каб усё было прыгожа і добра. І плюс яшчэ дапамагчы чалавеку пераадолець страх, які часта блакуе чалавека, — страх усведамлення, што яго ўзровень валодання мовай дрэнны.
Такое таксама было, але ў любым выпадку гэта цікавая праца, вельмі прыкольная. Я такое люблю.
«Большасць айцішнікаў вельмі здольныя»
— Чым вам запомніліся студэнты ў ІТ-кампаніі?
— Большасць айцішнікаў вельмі здольныя. У некаторых бываюць праблемы з мовамі, але калі ты паказваеш яму для параўнання нейкую аналогію ў кодзе… Я ў праграмаванні не вельмі разбіраюся, але мяркую: «вы, хутчэй за ўсё, для такой аперацыі робіце вось гэта». І звычайна яны хутка гэта схопліваюць.
Іншы момант. У ІT народ добра матываваны. Не ўсе, але большасць — лепш матываваная. Але гэтая якасць выразней стала праяўляцца, калі нашых студэнтаў у кампаніі сталі ранжыраваць. То бок не адпраўляць на курсы ўсіх, хто захацеў, а адбіраць тых, у каго была патрэба ў англійскай. Тады стала менш вось гэтага «хачу хаджу на заняткі, хачу — не хаджу, таму што ў мяне нейкія задачы вісяць». Людзі сталі ставіцца да заняткаў сур’ёзней, і заняткі давалі больш істотны вынік.
Вядома, ў ІТ былі розныя групы. Моцныя групы, студэнты ў якіх «заточаны» пад мовы, ім цікава капацца ў нейкіх дэталях, усё хутка засвойваюць. І слабенькія групы, дзе ты са студэнтамі ўжо змагаешся. Ведаеш, што трэба больш часу надаць нейкаму пытанню, даць больш нейкіх практыкаванняў.
Заўсёды ёсць матываваныя людзі, якім цікавая мова, яны будуць «цягнуць» у любы момант. А ёсць тыя, хто вешае на сябе ярлыкі кшталту «я не магу, у мяне не атрымліваецца, у мяне няма здольнасці да моваў». Вядома, яны будуць бачыць толькі гэта, і табе як выкладчыку трэба дапамагчы ім пераадолець гэты страх, прыбраць гэтыя забабоны. Паказаць на нейкіх нават невялікіх прыкладах і сітуацыях, што ў іх атрымліваецца, каб неяк зрушыцца з месца. У гэтых адносінах айцішнікі ад астатніх мала адрозніваюцца.
Мне здаецца, айцішнікі проста больш амбіцыйныя, у іх запыты вышэйшыя. І стаўленне да вучобы больш сур’ёзнае.
— Але «складаныя» студэнты і ў айцішцы ж былі?
— Часам траплялі нейкія адносна складаныя студэнты. Дапусцім, у групу прыходзіў чалавек, які да гэтай групы не вельмі падыходзіць. Напрыклад, яны сярэднія, а ён па ўзроўні крыху вышэй. Адпаведна, прыходзіцца або надаваць яму больш увагі, або неяк так рассаджваць людзей, каб ён знаходзіўся побач з тымі, хто мацнейшы.
Часам яшчэ траплялі вельмі актыўныя студэнты. Напрыклад, хлопцы з маркетынгу, якім у працы трэба шмат размаўляць. І яны, прывыклыя да пастаяннай камунікацыі, пачынаюць вяшчаць на ўсю групу і забіраюць сабе частку ўвагі іншых студэнтаў.
А яшчэ былі хлопцы з QA. Яны ўедлівыя да кожнай дэталі. Затое яны будуць сядзець і скрупулёзна выконваць усе практыкаванні, рабіць усе хатнія заданні.
Усё гэта не мінусы, а рознае стаўленне да вучобы праз адрозненняі у спецыфіцы працы.
Мне было важна ўсё гэта разумець і навучыцца з гэтым працаваць. У сілу асаблівасцяў характару я стараюся ладзіць заняткі такім чынам, каб на іх было цёпла, душэўна, каб усім у групе было камфортна. Ніхто не павінен нічога баяцца, ніхто нікога не павінен асуджаць, усіх павінны аб’ядноўваць нейкія агульныя жарты. Так вучыцца прасцей, навучанне ў такіх умовах дае максімальны вынік.
«Я чула пра такое правіла: калі калегі абмяркоўваюць заробак адно з адным — усім удзельнікам дыскусіі заробак „раўняюць“ па тым супрацоўніку, у якога ён меншы»
— Калі вы працавалі ў ІТ, уяўлялі, колькі зарабляюць людзі, якіх вы вучыце?
— Я ведаю, што там быў вельмі вялікі разбег, усё ў залежнасці ад пазіцыі.
Але ў кампаніі былі вельмі строгія нормы пра неразгалошванне памераў уласнага заробку.
Я чула пра такое правіла: калі раптам пачынаюцца нейкія размовы пра заробкі, параўнанні, хто больш, а хто менш зарабляе — усім удзельнікам гэтай дыскусіі заробак «раўняюць» па тым супрацоўніку, у якога ён меншы за астатніх. Магчыма, гэта чуткі. Неяк гэтую тэму пачалі абмяркоўваць на адным з заняткаў, хтось са студэнтаў расказаў пра гэтае правіла, і размова сціхла.
Зразумела, што частка нашых студэнтаў атрымлівала ў разы больш за нас. Але не ўсе. Напрыклад, лакалізатары маглі атрымліваць ненамнога больш, а можа і столькі ж. Супрацоўнікі сапарта таксама. Людзі на менеджарскіх пазіцыях, распрацоўшчыкі, QA — мяркую, што яны атрымлівалі нашмат больш.
— Калі вы выкладчык у ВНУ, вы чалавек небагаты. Але вы вучыце студэнтаў, якія атрымліваюць зусім невялікія стыпендыі. А тут вы пастаянна вучылі людзей, якія зарабляюць намнога больш за вас. Гэта не выклікала нейкага псіхалагічнага дыскамфорту?
— Не памятаю, каб я з чымсьці такім сутыкалася. Яшчэ падчас працы ў ВНУ ў мяне быў досвед выкладання на вячэрніх курсах, дзе былі вельмі розныя людзі з вельмі розным статусам. І прадпрымальнікі, і кіраўнікі аддзелаў, цэхаў якой-небудзь фабрыкі. І ў іх адназначна заробак быў вышэй за мой выкладчыцкі. Заўсёды так было.
Мне наадварот было прыкольна ўсведамляць, што я дапамагаю такім людзям рабіць кар’еру, павялічыць свой заробак. Ды і я таксама, у прынцыпе, у гэтым зацікаўлена. Калі гаворка ідзе пра рэпетытарства, ты разумееш, што калі дасі чалавеку магчымасць больш зарабіць, ён, адпаведна, зможа больш плаціць табе. Далёка не ўсе так робяць. Але бывае. Рэдка, але бывае.
Таму такі стан рэчаў мяне, хутчэй, не раздражняў, а матываваў. Я проста разумею, што яны ўмеюць нешта рабіць, а я не.
«Зразумела, што змагу ўвайсці ў ІТ — але адчуваць сябе свабоднай і задаволенай на такой працы не буду»
— Вы не думалі пра тое, каб самой пайсці ў ІТ?
— Думала. Нават спрабавала, унутры кампаніі аднойчы ўзнік момант, калі я спрабавала перайсці. Але я хутка зразумела, што табліцы, лічбы — гэта не маё. На такой працы будзе мала зносін, гэта не па мне.
Я глядзела на розныя пазіцыі, паседзела, павывучала, рабіла тэставыя. І, робячы тэставыя, зразумела, што, напэўна, я пацягну. Але адчуваць сябе свабоднай і задаволенай на такой працы не буду.
Быў яшчэ момант, калі я думала пайсці ў ІT-школу, адвучыцца на QA. Быў у EPAM бясплатны курс. Я нават пачала вучыцца, дастала кніжкі, знайшла нейкага ментара, зарэгістравалася на GitHub. Спрабавала вучыць HTML, усю гэтую гісторыю. Але праз нейкі час зразумела, колькі гэта забірае часу. Якога ў мяне як бы і няма.
Які яшчэ плюс быў у нашай працы: я не павінна была сядзець увесь дзень у офісе. Для мяне гэта быў вельмі важны фактар: я магла паехаць з офіса ў той момант, калі ў мяне заканчваліся заняткі. Правяла свае гадзіны — і магла застацца да вечара там, каб рыхтавацца да наступных. Або магла паехаць дадому, нешта там прыгатаваць, неяк арганізаваць дзень пад свае патрэбы. Паходы да дактароў ці штось з гэтай серыі. А потым ужо ўвечары сесці і рыхтавацца да заўтрашніх заняткаў. Атрымліваецца, што ў мяне быў перапынак на адпачынак, на хатнія справы.
Часам мне было зручна, нават калі заняткі планаваліся ў розных офісах. Зранку былі ўрокі ў адным, пазней у другім. Тады я планавала свой дзень так: выканаю свае задачы тут, потым выберуся на абед або нейкую прагулку, і пасля яе еду ў іншы офіс і вяду заняткі.
«Мы як быццам вярнуліся на шмат гадоў назад»
— Што здарылася з унутранымі моўнымі курсамі буйных кампаній пасля таго, як Wargaming пайшоў з Беларусі, а EPAM моцна скараціў сваю прысутнасць?
— Нашы паслугі сталі непатрэбнымі. Я трапіла пад скарачэнне пасля лютага 2022 года.
Чаму так атрымалася? Возьмем тую ж «Лесту», якая заняла месца Wargaming. У іх проста няма патрэбы ў такім спецыялізаваным навучанні: калі вы працуеце з рускамоўным рынкам, англійская ў такім аб’ёме вам не патрэбна. Думаю, калі хтось там зараз скажа, што яму патрэбна англійская, яму проста адкажуць: калі табе трэба — калі ласка, ідзі і сам займайся. Прынамсі, я не чула, каб там арганізавалі нейкія падобныя курсы.
Не скажу, што ляснулася зусім усё. Ёсць менш буйныя кампаніі, якія засталіся ў Беларусі і ў якіх ёсць свае моўныя курсы. Некаторыя з маіх калег пайшлі туды. Некаторыя — у моўныя школы накшталт ULC, якія хутка развіваюцца пасля закрыцця «Стрымлайна». Частка выкладчыкаў працуе з ІТ-кампаніямі на аўтсорсе.
Але тое, што цяпер адбываецца на рынку працы ўнутры Беларусі… І на Rabota.by, і на сумоўях выкладчыкам англійскай прапануюць вельмі невялікую стаўку. Калі я бачу гэтыя лічбы, я прама адчуваю, як мяне абясцэньваюць. Мы як быццам вярнуліся на шмат гадоў назад. На некаторых пазіцыях гатовы плаціць столькі, колькі плацілі, калі я была яшчэ студэнткай. Прама жудасна становіцца, шчыра скажу.
І, як я разумею, на такія ўмовы хтосьці згаджаецца. Можа быць, гэта проста моладзь, якая толькі выходзіць з універсітэту. Можа быць, хтосьці, хто ў сабе не ўпэўнены. Але факт застаецца фактам: нават у папулярных анлайн-школах стаўкі ненамнога большыя за зарплаты школьных настаўнікаў.
Значная частка маіх былых калег пайшла ў рэпетытарства. Хтосьці з’ехаў, на сябе працуе ў Беларусі. Складаней за ўсё ў пачатку, а калі ты ўжо арганізаваў свае працэсы, неяк палягчэй. Ёсць яшчэ прыклад выкладчыцы, якая перакваліфікавалася і пайшла ў продажы. Як Sales manager у беларускай ІТ-кампаніі. Яна выкарыстоўвае сваю англійскую як інструмент, і ў цэлым вельмі паспяхова. І зарабляе добра, і па кар’ернай лесвіцы паднялася. Усё за кошт мовы і ўмення кантактаваць, выбудоўваць дыялог.
Яшчэ ёсць людзі, якія пайшлі выкладаць ва ўніверсітэты. І паралельна займаюцца нейкімі сваімі праектамі.
— Вы б параілі зараз іншаму выкладчыку пайсці працаваць у ІТ, калі раптам з’явіцца такая магчымасць?
— Я б параіла паглядзець, якая там стаўка і колькі гадзін у дзень прапануецца працаваць. Але калі гэта ІT-кампанія, якая да заробку прапануе табе бэнефіты, бярэ цябе ў штат з усімі гэтымі медстрахоўкамі і іншымі плюшкамі, якія ў айцішнікаў сталі нормай, напэўна, цяпер варта пагадзіцца і не на вельмі высокі заробак. Крыху вышэйшы сярэдняга па рынку. З бэнефітамі і нармальнай нагрузкай гэта, напэўна, мае сэнс.
Плюс усё роўна ў ІТ ёсць класныя кампаніі і цікавыя праекты, дзе ты можаш расці. Таму што зараз усё хутка мяняецца, патрэбны новыя навыкі. І калі ёсць перспектыва, ёсць імавернасць, што ты не будзеш сумаваць на гэтай працы, а будзеш развівацца, то чаму б і не.
Моўныя школы, на мой погляд, выглядаюць не так цікава. І нізкая стаўка, і групы, у якіх намяшаны абсалютна розныя студэнты — і дзеці, і дарослыя. Увогуле, калі б падвярнулася што-небудзь у ІТ з больш-менш годным па аплаце, я б і сама туды пайшла, і іншым бы параіла. Але ў апошні час штосьці я такіх прапановаў не бачыла. Мне здаецца, цяпер такія вакансіі «раздаюцца» проста па знаёмстве.
— Сумуеце пра час, калі працавалі ў ІТ-кампаніі?
— Я разумею, што час, калі я там працавала, быў і залатым часам і для беларускай айцішкі ў цэлым, і для маёй кампаніі. Заўсёды, калі сустракаю былых калег, мы ўспамінаем гэты час з цеплынёй. Неяк усё гэта было вельмі душэўна.
І нават цяпер, калі дзе-небудзь у падарожжах бачу людзей у «нашых» байках або з «нашым» рукзаком, нешта такое адчуваецца… «Сваё», «роднае».
«Калі ты не разумееш, што табе патрэбна і як гэта патрэбнае дастаць, ШІ табе нічым не дапаможа»
— Вы адчулі на сваёй працы ўплыў ШІ? Не прыходзілася яшчэ пакрывацца гусінай скурай праз ўсведамленне таго, што ён вас падседжвае?
— Быў перыяд, калі з’явілася адчуванне кшталту «Ай-ай-ай, што мы будзем рабіць». Але зараз ужо такога няма. Зараз я, хутчэй, навучылася яго выкарыстоўваць для сваіх патрэб, накшталт падрыхтоўкі курсаў і матэрыялаў. Напрыклад, мне трэба нейкае спецыялізаванае заданне са спісам нейкіх рандомных словаў. Замест таго, каб сядзець і прыдумляць гэтыя заданні, я проста заганяю гэты спіс у чат і прашу: «Зрабі мне вось столькі вось такіх практыкаванняў». Ён робіць, я праглядаю, нешта прыбіраю, нешта карэктую — і адпраўляю студэнту.
Яшчэ ў мяне ёсць студэнтка, якая не хацела рабіць ніякіх хатніх заданняў. Але ў размове з ёй я даведалася, што яна любіць дзіцячы мультсерыял. Яна дарослая, але вось падабаецца ёй. І я папрасіла чат сабраць вакабуляр і зрабіць некалькі практыкаванняў па матывах гэтага серыялу. І студэнтцы добра, і для мяне эканомія часу.
Цяпер я бачу, што ШІ усё роўна не заменіць выкладчыкаў, не заменіць жывыя зносіны. Затое мы можам выкарыстоўваць яго ў сваіх мэтах.
— Ці заўважылі вы зніжэнне попыту на вашыя паслугі са з’яўленнем шырокадаступных LLM?
— Не. Можа быць, хтось імі карыстаецца для навучання. Але не ўсе да гэтага гатовыя, і не ўсе разумеюць, як ім карыстацца. Трэба ўмець «даставаць» з яго патрэбную інфармацыю, інакш ён павядзе цябе зусім у іншы бок. Калі ты не разумееш, што табе патрэбна і як гэта трэба дастаць, ШІ табе нічым не дапаможа. Мяркуючы па ўсім, не кожны студэнт умее гэта рабіць.
Учил английский с 5 лет ещё до школы, затем всю школу и в старших классах углубленно. Всё как-бы знал нормально, словарный запас хороший, но свободно общаться всегда мешал какой-то неосязаемый барьер: ни поговорить нормально, ни фильмы посмотреть в оригинале, ничего подобного.
Тогда именно на внутренних курсах WG продвинулся очень сильно: без вонючей домашки и нудятины, только живая практика, харизма препода и ее невероятная лёгкость объяснения без лишних задротских подробностей. После нее прогресс пошёл дальше, как по маслу. Жаль что не получилось продолжать с ней и дальше, потому что с ее коллегой опять все стало по старому: домашка, непонятный упор на теорию, перестал ходить почти сразу.
Сейчас учу другой язык, школьные флешбеки один за одним, и это такая боль, особенно в сравнении, зная, как оно могло бы быть относительно легко с хорошим преподом.
Ну и вклад английской цивилопедии civ3 в детстве был по истине огромным. Русификатора и интернета не было, сидел играл с бумажным словариком, так сильно хотелось)))
grover
Deputy Cleaner, Timemanager, AgileBuddy в SoftUyiss
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.
C ужондом бы разобраться и сокращениями - какой язык
самі ж сабе праблемы зрабілі) навошта?
вунь хлопцы на майлру працуюць: усё размаўляюць на зразумелай мове і ў калег тая ж ментальнасць
хлопцы з рэвалюта и банка plata памшыемне
зы: а яшщэ и у пейсерэ сядзяць пра сыркi мараць
Пользователь отредактировал комментарий 20 марта 2026, 19:09
Учил английский с 5 лет ещё до школы, затем всю школу и в старших классах углубленно. Всё как-бы знал нормально, словарный запас хороший, но свободно общаться всегда мешал какой-то неосязаемый барьер: ни поговорить нормально, ни фильмы посмотреть в оригинале, ничего подобного.
Тогда именно на внутренних курсах WG продвинулся очень сильно: без вонючей домашки и нудятины, только живая практика, харизма препода и ее невероятная лёгкость объяснения без лишних задротских подробностей. После нее прогресс пошёл дальше, как по маслу. Жаль что не получилось продолжать с ней и дальше, потому что с ее коллегой опять все стало по старому: домашка, непонятный упор на теорию, перестал ходить почти сразу.
Сейчас учу другой язык, школьные флешбеки один за одним, и это такая боль, особенно в сравнении, зная, как оно могло бы быть относительно легко с хорошим преподом.
Ну и вклад английской цивилопедии civ3 в детстве был по истине огромным. Русификатора и интернета не было, сидел играл с бумажным словариком, так сильно хотелось)))
Женился на ней ?