«У 40 гадоў стаў паштальёнам». Менеджарам складана перавезці скілы на Захад — плюс крызіс. Абмяркоўваем лёс PM

Скарачэнне менеджараў і ўшчыльненне кампаній — яшчэ адна прыкмета крызіснага перыяду ў ІТ.

23 каментарыя

Тэхналагічныя кампаніі актыўна звальняюць праектных менеджараў, імкнучыся скараціць бюракратыю і павысіць эфектыўнасць. Як гэты трэнд закранае беларусаў? А тых праектных менеджараў, хто пераехаў?

Даведаліся, як справы ў РМаў, якія цяпер жывуць і працуюць па спецыяльнасці (альбо не).

Гісторыя першая. Працаваў піэмам — цяпер паштальён

Аляксандру 41 год, у ІТ ён ужо амаль 20 гадоў, значную частку з іх — у ролі менеджара распрацовак праектаў ці прадуктаў. Вясной 2022 года ён пераехаў у Германію і спачатку працаваў адтуль дыстанцыйна праектным і прадуктовым менеджарам на ўкраінскую кампанію з офісам у ЕС, якая сумяшчала аўтсорс і прадукт. Праз год кампанію накрыў крызіс, новая прапанаваная зарплата і ўмовы працы Аляксандра не задаволілі.

— Паўтара года я працаваў як фрайбэруфлер (ІП без рэгістрацыі кампаніі), але гэта было балюча з пункту гледжання падаткаў (іх даводзілася цалкам аплачваць самастойна). Акрамя таго, статус фрайбэруфлера дазваляў мне мець толькі экспат/студэнцкую медстрахоўку, якая пакрывае толькі экстранныя выпадкі, кшталту наезду аўтамабіля. За ўсю астатнюю медыцыну трэба плаціць самому.

Пасля развітання з украінцамі я ў лайт-рэжыме шукаў працу — без асаблівага поспеху, бо трохі выгарыў. Але навыкі камунікацыі і добрага менеджменту прывялі да таго, што былы калега запрасіў у праект каліфарнійцаў, якім быў патрэбны таннейшы продакт. Там была цудоўная каманда, але, на жаль, праект выкупілі канкурэнты і імгненна закрылі. Раніцай у мяне яшчэ быў званок з планаваннем, а ўжо ўвечары адключылі ўсе доступы: «Прабач, мужык, ты кантрактар».

Знаёмыя пераконвалі, што для паспяховага працаўладкавання ў Германіі дастаткова добрай англійскай. Аказалася, не. Германія — краіна не толькі «realpolitik», але і «рыал прамысловасць». Стартапаў мала, пазіцыі ў іх — для таленавітых тэхнароў, а ўсё астатняе — у спрадвечна нямецкіх канторах з часоў Бісмарка. Ну, і SAP — як асобная ніша.

Любая менеджарская пазіцыя прадугледжвае камунікацыю не толькі ў камандзе, але і са стэйкхолдарамі. Таму тут важны адзін просты софтскіл — выдатная нямецкая мова, без яе тваё CV адразу ляціць у сметніцу. На любым сабесе з эйчарам ад любога камунікатара будуць чакаць свабоднае валоданне нямецкай. Не на ўзроўні B1 — B2. Нават калі патрэбны чалавек для працы ў англамоўнай камандзе. Магчыма, у аднарогаў дзесьці ў Берліне сітуацыя іншая, але мой досвед вось такі.

Ну і ўвогуле PM у любой краіне павінен адчуваць каманду. Таму важны нават не сертыфікат C1 — у той жа англійскай можна забіць на граматыку (у нямецкай — не), важна знаходзіць словы, каб не проста праводзіць скрамы і колы, а шукаць шляхі да вырашэння задач.

Германія да таго ж краіна «зваротнага эйджынгу»: калі ў Беларусі ці ва Украіне каса глядзяць на людзей 40+, то тут менеджару лёгка можа быць пад 70 (пры гэтым выглядае ён на 50), бо гэта прамысловыя карпарацыі або ІТ-канторы, заснаваныя ў незапамятныя часы пад мясцовыя патрэбы. Адпаведна, менеджарскіх пазіцый вельмі мала, усім патрэбныя тэхнары.

Тут і так максімальна эканомяць на персанале (напрыклад, булачная працуе з 6:00 да 13:00), так што ўшчыльняцца кампаніям далей няма куды. А дзякуючы «алдовым» менеджарам месцаў і зусім не застаецца. Ды і прасторы для росту таксама, калі ўжо заняў вакансію.

Дадайце да гэтага нямецкую маруднасць: усе твае запыты нібыта сыходзяць у пустэчу. Нават калі табе самі напісалі ў LinkedIn, і ты адгукнуўся, то адказу можна чакаць дзве тыдні.

У выніку варыянтаў працы на менеджарскіх пазіцыях, якія прадугледжваюць камунікацыю, за тры месяцы актыўнага пошуку я для сябе ў Германіі не знайшоў.

Варыянты дыстанцыйнай працы піэмам на аўтсорс я адкінуў, бо фрайбэруфлер не можа трапіць у дзяржаўную сістэму страхавання, а нармальныя прыватныя страхоўкі каштуюць шалёныя грошы.

А галоўнае — піэмаў/продактаў з Беларусі/Украіны/Польшчы за 3,5K еўра (пасля падаткаў застаецца не больш за 1,7K) цяпер хоць залейся.

Паводле майго статусу ў Германіі я не магу прэтэндаваць на дапамогу ад дзяржавы і абавязаны мець працу. З’ехаць з краіны па асабістых абставінах я не магу — ды і не хачу. Таму, калі на паштовым дэпо побач са сваёй крамай я ўбачыў аб’яву «шукаем цуштэлераў», доўга не раздумваў і напісаў ім ліст.

Мне адказалі, я прыйшоў у бюро, дзе рэкрутарка бадзёра праінструктавала мяне па-нямецку. Я зразумеў працэнтаў 40, але гэтага хапіла. Пасля «пробен таг» (тэставага дня, каб пераканацца, што ты не ідыёт) мяне ўзялі.

Праца — круці педалі чыгуннага ровара, на якім тры скрыні лістоў, разнасі пошту з 7:00 да 15:00. За дзень можна прайсці 1500 прыступак угару-ўніз. Гэта нармальна качае ногі + кардыё. Часам раптоўна дождж у твар. Затое над табой ніхто не вісіць, едзеш, слухаеш спаціфай — своеасаблівы даўншыфтынг.

Уся нізкакваліфікаваная праца ў Германіі аплачваецца +1–3 еўра ў гадзіну да мінімалкі (цяпер мінімальная зп — 12,82 еўра брута ў гадзіну — devby). У дарагіх гарадах надбаўка большая, але я кажу пра свой досвед. То-бок што круціць педалі, што сядзець на касе — атрымаеш аднолькава. Затое да такой працы прыкладаецца дзяржаўная страхоўка. Яна дае доступ да цудоўнай нямецкай медыцыны і прадугледжвае, што калі ты ўпадзеш і ўдарышся ілбом, табе на ўсялякі выпадак зробяць яшчэ і МРТ жопы. І гэта будзе бясплатна, а так адзін толькі выклік «хуткай» каштуе 700 еўра.

Працаваць паштальёнам я планую не больш за год. Мэта — пацвердзіць мой легальны статус плюс пацягнуць за гэты час нямецкую. У сваю будучае піэмства ў Германіі я не веру, але збіраюся пракачацца як дата-аналітык з Python\R, каб не проста круціць гатовыя выкладкі і выдаваць інсайты (для гэтага таксама патрэбна нямецкая на ўзроўні C, бо давядзецца камунікаваць з C-левелам), а працаваць болей на тэхнічным узроўні.

Гісторыя другая. Знайшоў працу PM’а ў Берліне і пераехаў

Рома Кавалеўскі 10 гадоў працаваў менеджарам у аўтсорсінгавых і прадуктовых кампаніях у Мінску, а ў 2023 годзе пераехаў у Берлін (з англійскай мовай), атрымаўшы офер ад кампаніі «ХэлоўФрэш».

Свой досвед пошукаў і сумоўяў ён апісаў у канале «Менеджар ад Божанькі». Праўда, пошукі былі яшчэ ў 2022 годзе, але Рома сцвярджае, што прынцыпы пошуку працы з таго часу не змяніліся.

Праз год працы ён падзяліўся ўражаннямі і патлумачыў, чым праца ў Еўропе адрозніваецца ад СНД. Маўляў, шмат свабоды, але «нельга пукнуць без дакумента і даных», выпрабавальны тэрмін — 6 месяцаў, затое потым ніхто не выганіць (а калі выганяць, то з грашыма), усе знаёмыя менеджары — суперкрутыя спецы («Палова з іх у нашым рэгіёне лёгка былі б на пазіцыі дырэктара па прадукце ці распрацоўцы ў невялікай кампаніі на 50–200 чалавек»), а распрацоўшчыкі моцна пагружаныя ў бізнес-кантэкст.

Пры гэтым змест менеджарскай працы такі ж, як і на радзіме: «Няма такога, што „забудзьце ўсё, што вы ведалі раней“. І праблемы плюс-мінус тыя ж: продакты не хочуць рабіць тэхнічную запазычанасць, інжынеры не хочуць абнаўляць задачы ў джыры, топы не хочуць чакаць фічу яшчэ цэлы месяц. Нічога новага».

Нягледзячы на аптымізм у пастах, Раман згодны з тым, што піэму перавезці скілы ў новую краіну значна складаней.

«Праграміста бяруць на працу найперш па хардскілах, — кажа ён. — На іх рэлакацыя ўплывае менш: калі ў Беларусі ты моцны праграміст, то і ў Еўропе ты моцны праграміст. Софтскілы, канечне, таксама важныя, але не так крытычна, як харды.

У працы менеджара значна большы ўхіл на софтскілы. А яны якраз не вельмі добра пераносяцца пры пераездзе. У кожнай культуры свае асаблівасці камунікацыі, зваротнай сувязі, стаўлення да планаў і мультызадачнасці. Гэтыя рэчы вельмі адрозніваюцца ад таго, што было ў РБ. Таму пры рэлакацыі менеджары губляюць у скілах. Асабіста я, здаецца, больш-менш адаптаваўся праз год-паўтара».

Рома цяпер працу не шукае, ён па-ранейшаму ў той жа кампаніі, таму шчаслівы не ведаць сітуацыю на рынку. Арыентуецца толькі на лісты ад рэкрутараў.

«У гэтым годзе мне пішуць прыкладна 2–3 чалавекі на месяц, у мінулым годзе было менш. То бок праца ёсць, не ўсе кампаніі закрылі найм», — кажа ён і выказвае ўпэўненасць, што «добры спецыяліст пакуль што працу знойдзе».

У той жа час прызнае, што «выйсці на рынак цяпер было б стрэсава — найперш праз карціну ў медыя і ў LinkedIn: усюды скарачэнні».

Unsplash

Надзея Ручанава: «Нізкакваліфікаваных PM больш не наймаюць»

Так, трэнд на ўшчыльненне структур кампаній сапраўды існуе, пацвярджае Надзея Ручанава, якая пераехала ў 2019 годзе ў Латвію як праектны менеджар і дарасла да пазіцыі Release Train Engineer у Accenture Baltics.

Гэты трэнд рэалізуецца ў двух накірунках: звальненне PM’аў у выніку агульнага скарачэння штату і адбор найбольш кваліфікаваных менеджараў з павелічэннем нагрузкі на іх.

Надзея Ручанава
— Гэта простая матэматыка. PM — гэта заўсёды нейкі працэнт ад вытворчага персаналу. Калі вы скарачаеце 10% штату, то скарачаеце і менеджара.

Ручанава ўзгадвае 2020–2021 гады, калі на хвалі выбуховага попыту ў ІТ мог трапіць любы ахвотны, тады і ў праектны менеджмент маглі патрапляць выпадковыя людзі. Цяпер, паводле яе слоў, кампаніі не гатовыя разглядаць кандыдатаў з нізкай кваліфікацыяй. За тыя ж грошы яны наймаюць людзей, якія могуць выконваць больш працы.

«Калі некалькі гадоў таму існавала ўяўленне, што Scrum-майстар вядзе толькі адну каманду і яна не перавышае 10 чалавек, то цяпер я бачу ўсё больш прыкладаў, калі і ў камандзе больш за 10 чалавек, і каманд на аднаго Scrum-мастара не адна, а дзве», — дзеліцца назіраннямі Надзея.

Яшчэ адна цудоўная згадка з мінулага — пра «ідэальны праект з ідэальнай камандай, дзе былі рэгулярныя one-2-one».

«У мяне было столькі часу на „павольныя танцы“, забаўкі, індывідуальны коўчынг! Цяпер такога лакшэры няма», — згадвае Надзея.

Тым часам, ідэальны PM, па яе словах, гэта чалавек з ІТ-адукацыяй, які атрымаў сертыфікат PMP (Project Management Professional).

«PM — гэта сфармаваная акадэмічная дысцыпліна. Няма такога, што ў Латвіі PM — адно, у Германіі — другое, у Беларусі — трэцяе. Зразумела, з якіх ведаў і кваліфікацый складаецца гэтая спецыяльнасць. У першую чаргу мы кіруемся дакументамі Project Management Institute, бо атрымалі ў спадчыну амерыканскую традыцыю праектнага менеджменту».

У Беларусі, на думку Ручанавай, PM часта маюць тэхнічны бэкграўнд, бо звычайны шлях у менеджмент — з распрацоўкі. І гэта добра, асабліва ўлічваючы, што тэхнічная адукацыя ў РБ традыцыйна моцная. А вось з гуманітарна-кіраўніцкімі дысцыплінамі ў краіне праблема, лічыць Надзея. Таму пасля кавіднага ўсплёску ў ІТ-галіне выжылі найперш тыя піэмы, якія працягвалі развівацца пасля пераезду.

А вось мова новай краіны, паводле Ручановой, наогул не з’яўляецца перашкодай для працы — дастаткова англійскай.

«Гэта надуманыя праблемы, — кажа яна. — Сёння любы буйны ІТ-праект — гэта Індыя і англійская мова. Калі мы гаворым пра міжнародныя кампаніі з пераліку Fortune 500, ва ўсіх будуць падраздзяленні ў Індыі. Але, вядома, калі вы робіце нешта „на каленцы“ для мясцовага бізнесу ў Германіі, то нямецкая вам спатрэбіцца».

Асабісты досвед Ручановой: праца ў Латвіі над нямецкімі і шведскімі праектамі — і нулявыя праблемы з нямецкай, шведскай і латышскай мовамі.

У канцы 2024 года многія айцішнікі заўважалі прыкметы будучага паляпшэння, ды і EPAM пацвярджаў, што справы ў першай палове 2025-га пайшлі лепш. Дык, можа, і для піэмаў часы сталі (ці вось-вось стануць) лягчэйшымі?

Надзея Ручанава пацвярджае, што на пачатку 2025 года здавалася, быццам рынак ажывае і вакансій стала больш. Яна схільная звязваць гэта з перамогай Трампа і надзеямі на магчымае спыненне вайны, што крыху разварушыла адкладзены попыт.

«Быў момант, калі здавалася, што нарэшце прыйшоў час для рэалізацыі адкладзеных бізнес-планаў. Гэта быў нібы часовы глыток надзеі. Але цяпер я гэтага не бачу», — рэзюмуе яна.

Адзіны рост, які яна прадбачыць, датычыць SAP-праектаў, прычым ён абумоўлены тэхналагічнымі прычынамі.

«У SAP я магу прагназаваць павышэнне попыту на функцыянальных кансультантаў увосень у сувязі з тым, што завяршаецца змена тэхналагічных платформаў, і кампаніі будуць вымушаныя запусціць трансфармацыйныя праекты, адкладзеныя на фоне геапалітычнай няпэўнасці», — кажа Ручанава.

«Гэта маё». Былы топ-менеджар у 55+ піша код на фрылансе і шчаслівы
Па тэме
«Гэта маё». Былы топ-менеджар у 55+ піша код на фрылансе і шчаслівы
Пасля 12 гадоў у ІТ стаў кур’ерам. Айцішнік шукае працу — просіць супольнасць дапамагчы
Па тэме
Пасля 12 гадоў у ІТ стаў кур’ерам. Айцішнік шукае працу — просіць супольнасць дапамагчы

Читать на dev.by