Польшча збіраецца адкрыць яшчэ два пагранпункты ў панядзелак — ёсць праект распараджэння
Польшча можа адкрыць пункты пропуску Баброўнікі (Бярэставіца) і Кузніца (Брузгі) ў панядзелак, 17 лістапада. Пра гэта піша Польскае агенцтва друку са спасылкай на праект распараджэння, які быў падрыхтаваны польскім Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі і апублікаваны ў чацвер на сайце ўрадавага цэнтра заканадаўства.
Паводле плана, Кузніца будзе адкрыта для пасажырскага транспарту акрамя аўтобусаў. Праз Баброўнікі змогуць праехаць пасажырскія і грузавыя транспартныя сродкі, але апошнія павінны быць зарэгістраваны ў краінах ЕС, Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, Еўрапейскай эканамічнай зоны або Швейцарыі.
У абгрунтаванні праекта пазначана, што ён накіраваны на аднаўленне патоку людзей і тавараў у адказ на чаканні польскіх прадпрымальнікаў, перавозчыкаў і грамадзян, якія ездзяць на працу з Беларусі ў Польшчу.
Пра гатоўнасць Польшчы адкрыць два пункты пропуску яшчэ ў кастрычніку казаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Ён адзначаў, што гэта адбудзецца ў пробным рэжыме і пасля кансультацыі з Літвой.
Читать на dev.by