Польшча скараціла за 2024 год колькасць выдадзеных беларусам ДНЖ. Атрымальнікаў міжнароднай абароны таксама стала менш

Упраўленне ў справах замежнікаў у Польшчы апублікавала даныя аб прадастаўленні грамадзянам іншых краін ДНЖ і міжнароднай абароны.

17 каментарыяў

ДНЖ

Паводле звестак ведамства, у 2024 годзе 48 тысяч беларусаў паспелі падаць заявы аб прадастаўленні ДНЖ. Станоўчыя рашэнні былі вынесеныя ў дачыненні да 42 тысяч грамадзян. Для параўнання: па выніках 2023 года польскі ДНЖ атрымала больш за 59,6 тысячы беларусаў, то-бок амаль на 30% больш, чым летась.

Беларусы — на другім месцы сярод замежнікаў, якія атрымліваюць ДНЖ. Больш за ўсё «карты побыту» атрымалі грамадзяне Украіны — 218 тысяч чалавек. Таксама ў топе грамадзяне Індыі (10 тысяч), Грузіі (8 тысяч) і Турцыі (5 тысяч).

Усяго замежнікі, якія пражываюць у Польшчы, падалі за мінулы год больш за 510 тысяч заяў на ДНЖ. Станоўчыя рашэнні былі вынесеныя ў дачыненні да 347 тысяч грамадзян.

Міжнародная абарона

За 2024 год па міжнародную абарону ў Польшчы звярнуліся 3,9 тысячы беларусаў. У параўнанні з 2023 годам колькасць зваротаў вырасла на 5,5% (было 3,7 тыс. зваротаў).

Але станоўчых рашэнняў стала менш. Калі ў 2023 годзе міжнародную абарону атрымалі 2,9 тысячы грамадзян Беларусі, то па выніках 2024 года на 10% менш — 2,6 тысячы.

Сярод усіх замежнікаў, якія атрымалі міжнародную абарону, беларусы на другім месцы. На першым месцы грамадзяне Украіны — 3,9 тысячы. Таксама ў топе-3 грамадзяне Расіі — 0,2 тысячы. 

Усяго за мінулы год па міжнародную абарону ў Польшчы звярнулася больш за 17 тыс. замежнікаў. Гэта на 79% больш, чым за 2023 год.


Читать на dev.by