Карыстальнік спаліў крыпту на мільёны долараў, каб заявіць пра «зброю ўздзеяння на мозг»
Карыстальнік «спаліў» буйную суму ў Ethereum, каб папярэдзіць астатніх пра існаванне зброі, якая «ўздзейнічае на мозг». Іншыя скарысталіся момантам, каб дзякуючы шумісе стварыць мемкойны.
Карыстальнік «спаліў» буйную суму ў Ethereum, каб папярэдзіць астатніх пра існаванне зброі, якая «ўздзейнічае на мозг». Іншыя скарысталіся момантам, каб дзякуючы шумісе стварыць мемкойны.
Кітайскі карыстальнік выдаткаваў 500 ETH ($1,38 мільёна) на распаўсюд паведамлення пра кампанію Kuande Investments, абвінавачваючы яе кіраўнікоў у выкарыстанні тэхналогій кантролю над розумам супраць супрацоўнікаў. У заяве ён сцвярджаў, што кіраўнікі Kuande Фэн Сінь і Сюй Юйчжы выкарыстоўваюць гэтую «зброю» нават супраць былых супрацоўнікаў.
«Я, Ху Лэчжы, звычайны праграміст і прадпрымальнік. У кастрычніку 2022 года я зразумеў, што ад самага нараджэння падвяргаўся кантролю і маніпуляцыям з боку арганізацыі, якая кантралюе свядомасць. Калі я ўсвядоміў існаванне гэтай арганізацыі, яны яшчэ больш узмацнілі сваё ўздзеянне на мяне. І па меры развіцця інтэрфейсаў „мозг-камп’ютар“ і тэхналогій чытання думак з’яўляецца новы від злачыннасці, у якім нават дзікія жывёлы становяцца марыянеткамі або поўнымі рабамі лічбавай машыны», — напісана ў паведамленні.
Адзін з гаманцоў Ethereum здзейсніў незвычайную транзакцыю, даслаўшы буйную суму на «нулявы» адрас, які выкарыстоўваецца для спальвання манет, то-бок іх беззваротнага выдалення з абароту. Kuande Investments — малавядомая кампанія, звязаная з ёй WizardQuant займаецца зборам даных, штучным інтэлектам і аналізам бізнэс-кейсаў. Некаторыя карыстальнікі выказалі здагадку, што для спалення ETH былі выкарыстаныя крыптагаманцы кампаній.
Паведамленне прыцягнула ўвагу крыптасупольнасці, і гаманец, які адправіў паведамленне, быў пазначаны «крыптавалютным пылам» для адсочвання яго далейшых дзеянняў. Гэтая гісторыя не толькі выклікала шок, але і прывяла да з’яўлення мем-токенаў на блакчэйне Solana. Практычна адразу ж быў створаны мем-токен Kuande Investments, а затым і WizardQuant. Нягледзячы на асцярогі з нагоды псіхічнага стану аўтара заявы, мем-токен Kuande Investments неўзабаве набраў папулярнасць.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.