«Веру ў кампанію, працую тут». Купілі акцыі EPAM — колькі зарабілі і страцілі
Мінулага тыдня акцыі EPAM патаннелі за адзін дзень адразу на 27%.
Айцішнікі, у якіх былі/ёсць акцыі кампаніі, расказалі пра свой досвед.
Змест
Акцыі для супрацоўнікаў EPAM
Акцыі EPAM маюць многія супрацоўнікі кампаніі. Паводле іх слоў, кампанія дала работнікам два спосабы стаць акцыянерамі.
Першы — купіць акцыі са зніжкай у рамках унутранай праграмы EPAM. Паводле слоў супрацоўнікаў, праграма працуе наступным чынам.
Кожны супрацоўнік, які хоча інвеставаць у акцыі кампаніі, штомесяц пералічвае на выбар ад 1% да 10% сваёй зарплаты (грос). Грошы акумулююцца ў банку-правайдары гэтай праграмы. Раз на паўгода на гэтыя грошы купляюцца акцыі са зніжкай у 15% ад рынкавай цаны на дзень пакупкі.
Даты пакупкі строга фіксаваныя. Супрацоўнік-інвестар не можа выбіраць іх самастойна. Звычайна ўгоды адбываюцца прыкладна за месяц да выхаду квартальнай справаздачы. Набытыя акцыі пасля залічваюцца на спецыяльна адкрыты брокерскі рахунак. Паводле слоў супрацоўнікаў, у выпадку з EPAM акцыі залічваюцца на рахунак UBS. Прадаць акцыі можна ў любы момант па рынкавым курсе.
Другі спосаб стаць акцыянерам — атрымаць ад кампаніі акцыі ў выглядзе гадавога бонусу. Гэта адзін са складнікаў бонуснай сістэмы ў EPAM.
Напрыклад, супрацоўніку належыць гадавы бонус у памеры 10 тысяч долараў. На момант выдавання бонусу акцыі кампаніі каціруюцца па цане 250 долараў. На ўсю суму бонусу для супрацоўніка купляецца 40 акцый кампаніі, якія становяцца яго ўласнасцю.
Усе акцыі залочаныя на 4 гады. Кожны год супрацоўніку становіцца даступная толькі ¼ частка акцый (з імі можна здзяйсняць угоды куплі/продажу). «Гэта такі від бонусу, які ўтрымлівае людзей у кампаніі».
Але такі бонус даступны не ўсім, адзначаюць супрацоўнікі кампаніі: «Ёсць шэраг крытэраў, па якіх вызначаецца выдаванне такога бонусу».
Напрыклад, актыўнае развіццё праекта, акаўнта, на якім працуе чалавек. То-бок актыўнасць звыш responsibilities альбо выдатная праца ў рамках responaibilities. Далей ідуць non project activities і ўнёсак у іх, улічваючы дасягнутыя вынікі.
Напрыклад, presales, learning and development training creation, community driving. То-бок тыя, хто ўносіць істотны ўнёсак у кампанію, у большасці атрымліваюць бонусы і акцыі. Гэта не проста чытанне лекцыі на 100 чалавек адзін раз на год
У цэлым шмат дэталяў, у тым ліку ўлічваюцца дыяпазоны бонусаў і акцый для супрацоўнікаў розных узроўняў і тое, як чалавек працуе ў кампаніі, водгукі ад супрацоўнікаў.
Даведаліся пра супрацоўнікаў, як яны ўкладваліся ў акцыі і колькі зарабілі/страцілі.
«Кошт партфеля на піку быў $4000 пры інвестыцыях $2500»
У акцыі кампаніі вырашыў укласціся з некалькіх прычын.
Лёгка ўвайсці (проста паказваецца працэнт адлічэнняў ад заробку, і забываеш). Усё ў аўтаматычным рэжыме. Як падаткі, толькі для сябе.
Салодкія ўмовы пакупкі для супрацоўнікаў і адсутнасць абмежаванняў на далейшае распараджэнне пасля набыцця.
Цяпер у мяне 12 акцый кампаніі, у якія я ўклаў каля 2,5 тысяч долараў. На бягучай прасадцы кошт партфеля — 2,2 тысячы долараў.
Пры гэтым тры месяцы таму, калі цана на піку была каля 315 долараў, кошт партфеля складаў каля 4 тысяч долараў. Гэта прыбытковасць прыблізна на ўзроўні 40% гадавых. Як на мяне, вельмі годны вынік.
Планую і далей трымаць акцыі, бягучая прасадка мяне не палохае. Купляць акцыі з гарызонтам меншым за тры гады — гэта дзіўная ідэя, лепш трымаць ад 5 гадоў. Тады выгады будуць адчувальнымі.
Для мяне ўкладанне ў акцыі — гэта проста яшчэ адзін інструмент накапленняў. Буду звальняцца — прадам. Або, можа быць, прадам, калі ў найбліжэйшыя паўгода цана скокне назад на ўзровень 300+ долараў.
«Партфель патаннеў на $10 000»
Купляў акцыі кампаніі ў рамках унутранай праграмы адразу пасля вялікага абвалу пасля пачатку вайны. У 2023 годзе перастаў купляць праз сітуацыю ў кампаніі. Прадаваў па 280 долараў у снежні 2023 года і зарабіў прыкладна тысячу долараў. Гэта была больш спекуляцыя, чым інвестыцыя.
Таксама ўсё яшчэ трымаю акцыі, якія атрымаў у рамках прэмій. Усяго ў мяне больш за 100 акцый, сярэдняя цана пакупкі — вышэйшая за 300 долараў. І вось па гэтых акцыях вялікая прасадка. Пасля апошніх падзенняў партфель патаннеў на 10 тысяч долараў.
Але ў цэлым я стаўлюся да акцый як да інвестыцыі ўдоўгую. Нягледзячы на дрэнны перыяд, я веру ў кампанію, калі казаць пра доўгатэрміновую перспектыву (таму і працую тут). З такім падыходам такія прасадкі ўспрымаць лягчэй.
«Хацеў паглядзець, як гэта працуе»
Акцыі EPAM у мяне ад пачатку 2022 года. Купляў двойчы па 225 і 245 долараў праз праграму ўнутры кампаніі.
Ніякай фінансавай прычыны браць акцыі менавіта EPAM не было. Хацелася паглядзець, як гэта працуе, калі валодаеш акцыямі ўласнай кампаніі. Укладваў грошы з разлікам, што потым магу нічога не вярнуць, бо памятаю гэтыя акцыі і па 17 долараў, і па 700 долараў. Пару разоў мог выгадна прадаць, атрымаўшы даходнасць каля 100%. Але так як гэта больш эксперымент, чым інвестыцыі, то пакуль не прадаю.
Больш назіраю за сітуацыяй: як і якія падзеі ў свеце або ўнутры кампаніі ўплываюць на кошт на рынку. А калі сам маеш акцыі «на руках», гэта дадае рэалізму і нейкай інтрыгі.
«Пакуль працую ў EPAM, буду трымаць акцыі»
Вырашыў купляць акцыі кампаніі, бо ў мяне не самая вялікая зарплата, а гэта выдатны спосаб накапленняў. Таксама я даволі лаяльны супрацоўнік: поспехі кампаніі цяпер і мае.
Купляю па ўнутранай праграме выкупу акцый. Пару акцый купіў па 240 долараў. Апошнія акцыі купляліся па 185 долараў. Нават з улікам апошніх падзенняў страты мінімальныя.
Я пакуль не прадаваў акцый, таму механізм продажу не абкатваў. Збіраюся трымаць акцыі, пакуль буду працаваць у кампаніі. А потым буду дзейнічаць у залежнасці ад рынкавай сітуацыі.
Чакаю вяртання цаны да 650 долараў.
«Прадаў акцыі, бо справы ў кампаніі не надта»
Я адпрацаваў у EPAM больш за 13 гадоў. Акцыі купляў прыкладна за 220 долараў, перад звальненнем у кастрычніку мінулага года прадаў за 248 долараў. Разумеў, што справы ў кампаніі не вельмі: замарозілі рэлакацыю і павышэнне заробкаў, шмат звальненняў. Напэўна, можна было пакінуць і разлічваць, што пасля стабілізацыі рынку цана акцый падрасце.
Акцыі прыватных інвестараў
+Кейсы акцыянераў EPAM, якія на працуюць у кампаніі.
«Зарабіў на акцыях $1500»
У акцыі EPAM вырашыў укласціся, бо гэта кампанія з беларускімі каранямі. Купляў і прадаваў акцыі на Revolut і UBS на працягу апошняга года. Вось такія атрымаліся вынікі ўгод:
- Revolut: купля двух акцый за 241 долар, продаж — за 258 долараў.
- UBS: купля 10 акцый да 250 долараў, продаж — за 299 долараў.
- UBS: купля 11 акцый да 270 долараў, продаж — за 299 долараў.
Угоды прынеслі даход каля 1,5 тысячы долараў.
Прадаваў акцыі ў асноўным перад квартальнымі справаздачамі, глядзеў на цану, прагнозы, чытаў артыкулы пра кампанію. Але нейкай стратэгіі няма. Больш разглядаю ўкладанні ў акцыі як абарону ад інфляцыі, чым як спосаб заробку.
Цяпер у мяне ёсць 3 акцыі кампаніі, набытыя на Revolut за 185 долараў. Збіраюся купіць яшчэ, як толькі прадам іншыя актывы (акцыі Amazon, NVidia), а потым зноў прадаць. Наступная квартальная справаздача кампаніі будзе для мяне вызначальнай.
«Я ў мінусе на 1800 еўра»
Купляў акцыі EPAM прыкладна ў лістападзе-снежні 2021, якраз перад падзеннем усяго Tech-сектара. Па якой цане, дакладна не памятаю, але практычна па максімуму.
Проста гуляўся, купіў трохі акцый розных кампаній, у прыватнасці, NVIDIA, Microsoft, у тым ліку EPAM. Кампанія паказвала сур’ёзны рост апошнія гады. Да таго ж шмат знаёмых і сяброў працуюць у кампаніі, таму і рост акцый быў на слыху.
З пачаткам вайны здавалася, што ў найбліжэйшай будучыні ў кампаніі будуць праблемы, але я своечасова не прадаў акцый.
У выніку ад моманту куплі кошт маіх акцый зваліўся на 72%. З улікам укладанняў у акцыі і іх бягучай цаны я ў мінусе на 1,8 тысячы еўра. Але вырашыў, што не буду прадаваць, а буду трымаць да лепшых часоў у надзеі на цуд і ўзровень 400 еўра за акцыю, каб потым прадаць.
Нягледзячы на страты на акцыях EPAM, агульны партфель пакуль што ў плюсе. Больш за ўсё прынеслі акцыі NVIDIA і Microsoft — каля 2 тысяч еўра ў чыстым выражэнні.
З усёй гісторыі я зрабіў пэўныя высновы, якіх правілаў варта прытрымлівацца.
- Дыверсіфікацыя партфеля.
- Stop loss (даручэнне для брокера аўтаматычна прадаць акцыі, калі каціроўкі ўпадуць да пэўнага ўзроўню).
- Кіраванне капіталам (не рызыкаваць вялікай часткай партфеля).
- Дакладны план трэйдынгу.
- Пастаяннае сачэнне за рынкам.
«Перспектыў няма, буду неўзабаве прадаваць»
Купіў акцыі EPAM на пачатку 2021 года (адначасова з NVIDIA) на 8 тысяч долараў. У кампаніі былі добрыя фінансавыя паказчыкі, плюс я ведаў, што кампанія расце і зарабляе ўсё больш і больш.
У 2022 годзе, да вайны, акцыі выраслі ў 2 разы — былі самай буйной пазіцыяй у партфелі. Потым усё пайшло не па плане. Пасля падзення ў 2022 годзе я думаў, што кошт адскочыць і зноў вырасце, але не атрымалася. Цяпер усе акцыі каштуюць прыблізна 4 тысячы долараў.
Перспектыў няма, чаканняў ніякіх няма. Буду неўзабаве прадаваць. EPAM выглядае цяпер не вельмі прывабна.
Мне здаецца, што (тэарэтычна) перспектывы ў кампаніі ёсць, але я не займаўся фінансавым аналізам і не магу дакладна сказаць, як яны маюцца. Мне здаецца, што з развіццём AI патрэба ў аўтсорсерах можа знізіцца, (але, магчыма, я проста не разумею епамаўскіх кліентаў). Плюс недахоп новых распрацоўшчыкаў не дадае надзей у адраджэнне аўтсорс-бізнэсу.
«Даходнасць склала 30% гадавых»
У 2023 годзе я купіў акцыі розных ІТ-кампаній (у іх ліку NVIDIA, Apple, Microsoft, Intel) сумарна на 6 тысяч долараў, з якіх 3 тысячы долараў уклаў у акцыі EPAM. Увесну гэтага года пасля росту прадаў палову акцый кампаніі і атрымаў прыбытак каля тысячы долараў. Даходнасць склала 30% гадавых.
Трохі дыверсіфікаваў партфель і купіў акцыі іншых кампаній, таксама ў асноўным з ІТ-сектара. Акцый EPAM заставалася дзесьці на 2 тысячы долараў. Але цяпер пасля апошніх падзенняў кошт акцый упаў да 1,1+ тысячы долараў. Профіт ёсць, але зусім невялікі.
Наконт бягучай сітуацыі я асабліва не хвалююся, бо купляў акцыі на доўгатэрміновую перспектыву — 2-3 гады.
Ёсць «гарызонт інвеставання». Скажам, у цябе ёсць 5 тысяч долараў зімой, ты хочаш у адпачынак гэтым летам на 3 тысячы долараў, а астатнія 2 тысячы долараў адкласці. Дык вось няможна на ўсю суму купляць акцыі, бо яны валацільныя. Ты можаш аказацца ў вялікім мінусе на той час. Лепш іх укласці ў валюту ці зрабіць невялікі ўклад на паўгода, грошы гарантавана будуць на руках.
У маім выпадку я купляю і прадаю як прыйдзецца. Вырасла цана — прадаў, упала — купіў. Мне грошы ў моманце не патрэбныя. Галоўнае, каб даходнасць была вышэйшай за інфляцыю.
«Прадам, калі цана будзе вышэйшая за цану пакупкі»
Купляў акцыі EPAM зімой 2021 — вясной 2022 гадоў. Уляпаўся на самым піку. Купляў па 697 долараў, потым дакупляў па рознай цане, мінімальная была 210 долараў. Спадзяваўся на далейшы рост, але на дадзены момант у мяне прыбытковасць мінус 1000 еўра.
Усяго ў мяне 5 акцый EPAM. Можа быць, дакуплю на прасадцы, можа быць, не, пакуль не вырашыў. Жаданне прадаць акцыі ёсць заўсёды, але праз нежаданне марнаваць шмат часу на аналіз прасцей чакаць некалькі гадоў, пакуль акцыі вырастуць у цане. Прадам, калі цана будзе вышэйшая за цану пакупкі, але відавочна, што гэта здарыцца не скора.
Цяпер акцый бігтэху не бяру, так як перагледзеў стратэгію. Купляю акцыі кампаній, якія плацяць дывідэнды. Перавага — не трэба марнаваць час на аналіз, плюс пастаянны грашовы паток.
У двух словах мая стратэгія такая: забяспечыць максімальны перыядычны грашовы паток за кошт дывідэндаў, але не прадаваць акцый у мінус. Раней спрабаваў таргаваць на навінах, займацца аналізам справаздачнасці, але гэта патрабуе шмат ведаў, часу, вопыту і рэсурсаў. Таму пераключыўся на атрыманне даходу з дывідэндаў. І паступова пазбаўляюся ад акцый, якія не прыносяць дывідэнтнага даходу.
«Буду чакаць лепшых часоў»
Купляў акцыі незадоўга да таго, як EPAM уключылі ў S&P500. Потым яшчэ дакупляў. На дадзены момант у мяне 7 акцый кампаніі і прыбытковасць мінус 53,88%.
Укласціся ў акцыі EPAM было хутчэй эмацыйнае рашэнне — купіць тое, што знаеш. Але, рашэнне, напэўна, няправільнае. У найбліжэйшыя гады не планую прадаваць акцыі, буду трымаць да лепшых часоў.
Читать на dev.by