Як адрэагавала ІТ-індустрыя на пажары ў Каліфорніі

У Каліфорніі працягваецца самы разбуральны пажар у гісторыі Лос-Анджэлеса. Цяпер вядома пра пяцярых загінулых, больш за 100 тысяч людзей былі эвакуяваныя.

1 каментарый

Што вядома пра стыхійнае бедства на 17:00 9 студзеня:

  • Маштабныя разбурэнні. Звыш 2000 будынкаў знішчаныя або пашкоджаныя, асабліва ў раёнах Пасіфік-Палісейдс і Ітан-Каньён.  Сваіх дамоў пазбавіліся многія жыхары Лос-Анджэлеса, у тым ліку галівудскія знакамітасці Пэрыс Хілтан і Леанарда Дзі Капрыа.
  • Пажар не ўдаецца лакалізаваць. Пажары распаўсюдзіліся на галівудскія пагоркі, пагражаючы знакавым месцам, такім як Алея славы. Барацьбу з агнём ускладняюць моцныя вятры і сухое надвор’е. Агульная плошча ўзгаранняў перавышае 100 квадратных кіламетраў.
  • Улады рэагуюць на бедства. Эвакуацыя закранула больш за 130 тысяч чалавек, дзясяткі тысяч ужо пакінулі свае дамы. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў пра буйное стыхійнае бедства, што забяспечвае федэральнае фінансаванне для пацярпелых.
    Пажары ў Каліфорніі — навіна нумар адзін у амерыканскіх СМІ. На падзеі адрэагавалі таксама прадстаўнікі ІТ-індустрыі.

Генеральны дырэктар Apple Цім Кук назваў «разбурэнні, выкліканыя пажарамі ў Лос-Анджэлесе, жахлівымі».  Паводле яго слоў, Apple зробіць ахвяраванне ў падтрымку ахвяр і аднаўленчых работ у горадзе.

Ілан Маск пракаментаваў пост кансерватыўнага журналіста Чарлі Кірка. Той заўважыў, што толькі ў сацсетцы X можна знайсці актуальную сітуацыю па канкрэтных вуліцах у горадзе і мясцовыя СМІ «не маюць ані найменшага ўяўлення ні пра што». Маск адказаў: «Цяпер вы — СМІ. Апублікуйце, што адбываецца. Гэта дапаможа людзям».

Маск абвясціў, што SpaceX дасць бясплатныя інтэрнэт-тэрміналы Starlink у раёны, якія пацярпелі ад лясных пажараў у Лос-Анджэлесе. Сетка нізкаарбітальных спадарожнікаў Starlink забяспечвае падключэнне да інтэрнэту ў аддаленых раёнах і ўсё часцей выкарыстоўваецца ў часе стыхійных бедстваў.

Мільярдэр раскрытыкаваў каліфарнійскія ўлады і звярнуў увагу на затрымкі ў будаўніцтве дамбаў і размеркаванні рэсурсаў. Затрымку ён назваў «вар’яцтвам». «Губернатар засяроджаны на абароне людзей, а не на палітычных гульнях, і на забеспячэнні пажарных усімі неабходнымі рэсурсамі», — заявіла прэс-служба губернатара Каліфорніі Гэвіна Ньюсама.

Скандал выклікалі словы сузаснавальніка Gelt Venture Partners Кіта Васермана, які прапанаваў заплаціць «любую суму» пажарным службам за ахову яго асабняка, які знаходзіцца ў раёне Пасіфік-Палісейдс, найбольш пацярпелым ад пажару.

Airbnb актывізавала сваю палітыку «буйных разбуральных падзей» для раёнаў, якія пацярпелі ад лясных пажараў у Лос-Анджэлесе і яго ваколіцах. Праграма дазваляе гаспадарам скасоўваць рэзервацыі без штрафных санкцый, а гасцям — скасоўваць і атрымліваць поўнае вяртанне сродкаў. Госці, якім давялося перарваць паездку праз пажары, таксама могуць прэтэндаваць на частковае вяртанне сродкаў.

Артыкул дапаўняецца.

Змяненне клімату не перамагчы да 2030 года: на шляху стаяць АІ і Трамп
Па тэме
Змяненне клімату не перамагчы да 2030 года: на шляху стаяць АІ і Трамп
Meta адмовіцца ад фактчэкінгу ў сацсетках. Наўзамен з’явяцца заўвагі карыстальнікаў
Па тэме
Meta адмовіцца ад фактчэкінгу ў сацсетках. Наўзамен з’явяцца заўвагі карыстальнікаў
Сонечныя панэлі на дахах дамоў мяняюць клімат у гарадах — дні становяцца цяплейшымі, а ночы халаднейшымі
Па тэме
Сонечныя панэлі на дахах дамоў мяняюць клімат у гарадах — дні становяцца цяплейшымі, а ночы халаднейшымі

Читать на dev.by