Што вы ведаеце пра роспач? Калонія, двухгадовыя пошукі працы, штрафы за выкананую працу, заробак у $500 плюс траплянне ў «чорны спіс».
Леанід* — распрацоўшчык, які жыве ў адным з абласных цэнтраў. Яму давялося пісаць «дзясяткі тысяч радкоў кода» адразу на некалькіх мовах за 1700 рублёў у месяц. Праграміст вярнуўся ў Беларусь з Кіева, прайшоў цяжкі шлях, апынуўся на мяжы роспачы і, здаецца, мае патрэбу хоць у маральнай падтрымцы.
Куды ўдалося ўладкавацца. «У курылцы я пазнаёміўся з дворнікам і даведаўся, што ён атрымлівае больш за мяне»
— Я пішу код на пяці мовах, і раблю гэта нядрэнна. Думаю, на JavaScript і PHP я магу зрабіць увогуле ўсё што заўгодна. Раней былі сумневы, але цяпер яны зніклі. Прыйшло разуменне: магіі няма, ёсць толькі праца.
Апошняя мая праца на аднаго з найбуйнейшых працадаўцаў у нашым рэгіёне выглядала так. Мне давялося распрацаваць складаную шматаконную праграму на JavaScript для прамысловага прадпрыемства. За пяць месяцаў я напісаў 60 тысяч радкоў кода — 40 тысяч на JavaScript і 20 тысяч на 1С. Прычым зрабіў гэта амаль у адзіночку: калегі рабілі падказкі (за што ім вялікі дзякуй), але не больш. Гэта была праграма з двума дзясяткамі стораў, 40 мадэлямі і API-бэкэндам на 1С. І гэта пры тым, што напачатку я нават не ведаў, як гэтую 1С запусціць.
Дадам, што і само заданне было вельмі «спартанскім». Ёсць праграма, якая працуе марудна — зрабі з ёй штось, а ТЗ выцягні са старога кода». У выніку мне давялося рэверс-інжынірыць софт, які пісалі дзесяць гадоў на мове, якую я ведаў усяго пару тыдняў.
Фактычна я напісаў свой фрэймворк замест бібліятэкі стандартных падсістэм, каб сістэма рабіла тое, што трэба. Напісаў усё гэта, каб у канцы пачуць: «Ты абяцаў зрабіць гэта за два месяцы, а рабіў цэлых шэсць — атрымліваецца, падмануў? Мы цябе доўга цярпелі, і наша цярпенне лопнула».
На гэтую апошнюю працу я ўладкаваўся праз тое, што апынуўся ў безвыходнай сітуацыі. Мяне туды ўзялі па прынцыпе «раз табе так моцна трэба, мы цябе возьмем». Але пры гэтым аднаму даручылі працу, якую трэба было рабіць цэлай камандай. Так, калі мяне бралі на працу, я сказаў, што магу выканаць задачу за два месяцы. Але чакаў, што мяне падтрымаюць, а не прымусяць выконваць яе ў адзіночку і пры гэтым яшчэ будуць штурханамі ганяць з кута ў кут.
Я забраў адтуль дакументы пасля блакавання ў працоўным чаце — заблакіравалі праз тое, што я асудзіў чарговы мем пра «лянівых зумераў». Жарты пра «кучаравых маладых мужчын з бігудзямі, якія не хочуць працаваць» усплывалі ў працоўных чатах рэгулярна, хоць у нашым калектыве не было ніводнага зумера [сам Леанід належыць да пакалення міленіялаў]. Мяне гэтае глумленне над маладым пакаленнем, якое нібыта «не хоча працаваць», не весяліла. І калі я выказаўся ў чаце пра гэта, мяне выключылі з яго, «каб не нагнятаў тугу».
Нагадаю, што гэта адбылося пасля таго, як я напісаў 60 тысяч радкоў кода ў сола, зрабіў, каб усё гэта неяк працавала на чатырох мовах. Выглядала ўсё гэта так, быццам у гэты перыяд мне дазвалялі дыхаць, а потым раптам перадумалі.
Я не магу так працаваць. Я вучыўся тварыць. І я не гатовы ўсё жыццё даказваць «вялікаму босу», які нават не купіў мне новую клавіятуру замест старой зношанай, што я вельмі добрая малпачка, якую трэба пахваліць.
З астатнім «жалезам», дарэчы, была тая ж гісторыя. Мой працоўны камп’ютар рабіў зборку фронту за 20 секунд, а хатні — за проста секунды. Уяўляеце, пасля кожнага CTRL+S чакаем 20 секунд!
У першыя тры месяцы працы я працаваў за $500 у месяц — такая сума тлумачылася выпрабавальным тэрмінам і фразай «Ты ж сам сказаў, што пойдзеш працаваць за столькі, колькі дамо». Іронія ў тым, што ў курылцы я пазнаёміўся з мясцовым дворнікам і даведаўся, што ён атрымлівае трохі больш за мяне. Потым заробак павысілі да $700. І гэта з senior skills у PHP, JavaScript, SQL, напамяць HTML і джун ведамі ў Python. А пасля гэтай працы я яшчэ і мідл у 1С.
Зразумейце мяне правільна: я не лічу, што я чымсь лепшы за дворніка. Ён таксама робіць важную і патрэбную працу. І таксама займаецца ёю увесь дзень. Але здаецца, усё гэта не зусім правільна.
Я думаю: добра, раз у маім горадзе і іншым людзям нічога не плацяць, значыць, з заробкам зміраемся. Але мірыцца з тым, што пры гэтым я ў дадатак яшчэ павінен прызнаць сябе нейкім усім абавязаным адкідам, я не згодны. Гэта ўжо зусім адкрыты сорам. Чым так працаваць, лепш проста піць піва на накапленні. Усё роўна ў канцы прызавуць, як ваеннаабавязанага, і адправяць на фронт.
2 гады пошукаў
— Разумееце, на гэтую пазіцыю, з якой я нядаўна звольніўся, я пайшоў пасля двух гадоў пошукаў працы. Чаму так доўга?
Маленькія прыватныя гаспадарчыкі упісваюць у NDA адказнасць на $50 тысяч. Мне гэта здаецца падазроным, я не згаджаюся, на што яны мне паведамляюць, што гэта «я сам не хачу працаваць». Дзякуй, хоць зумерам не называюць.
Вялікія гаспадары ў РБ патрабуюць наяўнасці мяне ў офісе. Але ў маёй мамы інваліднасць першай групы, ёй патрэбны пастаянны догляд. Таму цяпер я проста не магу сабраць рэчы і зваліць у Мінск.
Вялікія гаспадары ў РФ, згодныя на дыстанцыйную працу, з ходу патрабуюць схлусіць. Ім трэба, каб я сказаў, што, раз я сеньёр, я ўмею ўвогуле ўсё адразу ва ўсіх галінах. Такі «Стыў Джобс з беларускага гаража». Я шчыра паведамляю, што не ведаю ўсяго на свеце, пасля чаго дыялог тут жа спыняецца.
Зрэшты, некаторыя расійскія канторы ўвогуле не завуць на інтэрв’ю, таму што яны не ведаюць, як беларусаў афармляць. Уяўляеце? Цэлыя аддзелы ў іх працуюць над тым, каб толькі чытаць законы. Але як толькі даходзіць справа да таго, каб мяне наняць, мяне самога пытаюцца, як гэта зрабіць. Быццам у мяне ў кватэры сваё юрыдычнае бюро. Калі я кажу, што не ведаю, яны цягнуць час, а ў рэшце кажуць: мы таксама не ведаем, значыць, працягваць супрацу не можам.
Дзеля працы на адну расійскую кампанію я нават спецыяльна адкрываў ІП. Але як толькі аформіў усе патрэбныя паперы, мяне тут жа скарацілі.
Я ўжо столькі падобных рэчаў пабачыў, што ў мяне склалася ўражанне, быццам у РФ ІТ-бізнесы адкрываюцца толькі для таго, каб «распілаваць» нейкі грант ці крэдыт і самым абвесціць пра банкруцтва. А я ім патрэбны хіба што для прыгажосці.
Праз такія доўгія і працяглыя пошукі працы я звярнуў увагу на тое, што ў мяне пачала змяняцца свядомасць. Я пачынаю верыць, што ўвесь гэты сюр, уся гэта лухта — гэта такая норма. Але я ўсё яшчэ хачу пакінуць свет, у якім «пакутаваць — гэта лёс», і трапіць у свет, дзе «працаваць — гэта ганарова».
«Раней мая кар’ера развівалася паводле іншага сцэнару»
Я ж не адразу апынуўся ў такой сітуацыі. Раней мая кар’ера развівалася паводле іншага сцэнару. Асабліва мне падабалася стаўленне да мяне падчас працы на ўкраінскую кампанію. Пасля падзей 2020 года я быў вымушаны з’ехаць ва Украіну. Зрэшты, з’ехаў туды не толькі таму, а яшчэ і таму, што праблемы з пошукамі працы ў РБ былі ўжо тады.
І ва Украіне я са здзіўленнем выявіў, што рэкрутар чамусьці цікавіўся маімі поглядамі на жыццё, маёй матывацыяй, маім меркаваннем пра тое, чым я магу быць карысны для кампаніі. У Беларусі, наколькі памятаю, гэта скончылі рабіць недзе ў 2016 годзе. Прыкладна з гэтага моманту ўсім раптам стала абыякава, што ты з сябе ўяўляеш: калі ў цябе няма «карачкі», то ты дакладна недачалавек [Леанід скончыў адзін з палітэхнічных каледжаў, але забраў дакументы з БДУІРа пасля першага курса].
Але з працай у Кіеве давялося развітацца прыкладна за месяц да лютага 2022 года. Магчыма, праз ваенную пагрозу кантракт са мной тады і закрылі. Вядома, можна было паспрабаваць зноў знайсці працу, але я вярнуўся назад. Бацькі ўжо пажылыя, мелі патрэбу ў доглядзе. Я думаў, што гэта годны шлях — быць побач з сям’ёй у цяжкі час.
А насамрэч пасля вяртання дадому замест оферу я атрымаў год калоніі. З распрацоўшчыка з планамі на будучыню я ператварыўся ў чалавека з «кляймом», якога здымаюць з цягніка. Гэты момант і стаў пунктам незвароту, пасля якога «чорная паласа» стала маёй паўсядзённасцю.
Пасля выхаду з калоніі ўсё гэта і пачалося. Нейкія халтуркі па пару тыдняў — месяцу. Яно і зразумела: як цяпер рэкрутарам тлумачыць, чаму замест новага стажу і досведу ў мяне нейкае балота ў рэзюмэ з дзіркамі, дзе «я сам ва ўсім вінаваты»? Уся папярэдняя кар’ера адправілася ў сметніцу.
Так я і апынуўся на апошнім месцы працы. На сумоўі з імі так і сказаў: дома вар’яцею без працы. Яны, відаць, успрынялі гэта так, што я прашу іх мяне выратаваць. Ну і выратавалі, як умелі. Вядома, пасля $3000 у Кіеве $450 дома выглядалі вельмі кантрасна. Але давялося змірыцца з гэтым, як з непазбежнасцю.
Цяпер, пасля апошняга звальнення, калекцыя «рэд флагаў» у маім рэзюмэ папоўнілася. Няма «вышкі»? Сядзеў? Часта змяняе працу? Занадта шмат кіравалі ці занадта мала кодзіў? Колькі ўсяго цікавага можна прыдумаць, гледзячы на «дзіркі» у маёй кар’еры.
А тут яшчэ і AI. «Я ўжо падумваў пра тое, каб перайсці ў зваршчыкі»
— Я хачу працаваць. Але ўвесь час трапляю ў пастку «зноў дваццаць пяць». Вось цяпер мы назіраем шалёны ўзлёт нейрасетак. Як з імі працаваць, што рабіць? Спрабую ў гэтым разабрацца, цяпер вось падсунулі спасылку на кнігу 900-старонкавую па гэтым пытанні. Але я ж разумею, што, у выпадку чаго, не дакажу рэкрутару, што я ў гэтым разбіраюся, што я гэта ўмею. Мне трэба трапіць у кантору, у якой людзі пакажуць і раскажуць, што і як.
Ва ўсёй гэтай сітуацыі мне тупа шкада свайго жыцця. Я вучыўся, каб рабіць у ім нешта карыснае, каб ведаць, што я жыву не проста так. Але не. Тое, што я лічу карысным, раптам ужо не патрэбна. Я ўвесь час вучыўся, каб быць карысным і эфектыўным.
Але раптам высветлілася, што вынайдзена цудаштука. Якая, праўда, «часам памыляецца». Але, нягледзячы на гэта, на яе ўсе моляцца. А мяне за непатрэбнасцю проста выкінуць на сметнік.
Я ўжо падумваў пра тое, каб перайсці ў зваршчыкі, як гэты… як яго, Пратасевіч? Былі думкі паспрабаваць заняцца бізнесам — але я нічога ў бізнесе не разумею. Я не разумею, што і дзе можна купіць танней, каб прадаць даражэй. Я ўмею пісаць код. Сайт добры магу зрабіць. Магу стварыць складаны і карысны софт, які палегчыць чалавечую працу.
Здаецца, што з такімі навыкамі не прападзеш. Можна рабіць тыя ж сайты на фрылансе. Але мне і тут не шанцуе.
Калісь я тры месяцы «пілаваў» сайт для аднаго заказчыка. Уладальнік выглядаў як увасабленне надзейнасці: салідны чалавек, сур’ёзная справа. Ён нават вазіў мяне на завод, дзе з гонарам паказаў зборачную лінію і абяцаў, што я буду яго галоўным праграмістам.
Я ўзяў сімвалічны задатак у $100 і сеў за код. Сайт атрымаўся ўдалым, хутка трапіў у топы пошуку паводле ключавых запытаў. Я ўжо паціраў далонькі, чакаючы грошы, што засталіся, каб, нарэшце, выдыхнуць. Але дачакаўся толькі адгаворак: «грошай няма», «я заняты», «кліенты-моманты».
На трэці раз я зайшоў на хостынг і дропнуў сайт. Развязка была імклівай: мяне выклікалі ва УУС, пагражалі тэрмінам за хакерства і «крадзеж сайта» — давялося і сайт аддаць, і заплаціць $1000 штрафу. А да таго ўладальнік сайта паведаміў у падатковую, што я ўзяў $100 задатку без касавага апарата, а гэта — незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць. Атрымалася, што гэты сайт я зрабіў быццам на грамадскіх пачатках.
Цікава, што заказчык гэтага сайта па выніку кінуў некалькіх беларусаў на грошы, а сам з’ехаў за мяжу. Пацярпелыя засталіся без грошай і з разбітымі надзеямі. Мяне пакаралі за сумленна зробленую і неаплачаную працу. А сам гэты усурыйскі тыгр паехаў жыць у ЕС. Малайчына які.
Я ўжо не ведаю, што жыццё спрабуе мне паказаць ці даказаць. Але хутка ўжо нават у туалет будзе хадзіць страшна, калі хтосьці не прыкрые са спіны.
Часам хочацца з кімсь падзяліцца ўсім гэтым болем. Асабліва зводзіць з розуму тое, што ў яе як быццам няма ніякага прызначэння. Вельмі хочацца зразумець, што ж творыцца, знайсці адказ на пытанне «што трэба рабіць інакш, калі ўсё абярнулася вось так». Але пакуль ніякай прыстойнай стратэгіі сфармуляваць не ўдаецца. Акрамя «крычы гучна, раптам заўважаць». А старыя, яшчэ савецкія тэхнікі ўзроўню «проста прыйдзі і ўладкуйся», па-мойму, больш нічога не даюць, акрамя кляйма «яшчэ адзін, які вырашыў пацярпець».
Дзякуй, што згадзіліся пагутарыць. Як кажуць, маглі б паслаць, але не паслалі. Гэта хутка стане даражэйшым за любыя грошы.
«Вы назвалі лішні нулік?». Распрацоўшчык распавядае, як шукаў працу ў Польшчы (і знайшоў за месяц!)
Кажуць, у ІТ моцны крызіс і цяжка знайсці працу. Але мой досвед абсалютна іншы — мне ўдалося за месяц атрымаць офер, у кастрычніку 2025 года. Я адправіў 135 рэзюмэ, праходзіў па 3–4 сумоўі кожны дзень і ў выніку трапіў у выдатную нямецкую кампанію.
Раскажу, як сёння выглядае рынак для full-stack-распрацоўшчыкаў.
«Пытаюць: як жыць без некалькіх тысяч еўра за душой?» Golang-распрацоўшчык жыве ў Познані, зарабляе філалогіяй (беларускай!) і больш не хоча ў ІТ
Восем гадоў таму ў Аляксандра Клюева быў план — вывучаць штучны iнтэлект. Хлопец паступiў у БДУIP, зрабiўся Golang-распрацоўшчыкам. Але лёс склаўся так: зараз ён жыве ў Познанi, вывучае беларускую фiлалогiю i зарабляе перакладамi на беларускую мову.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.