Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Людзі сталі трывожнейшымі». Як змяняецца рынак праграм для сну і што думаюць дактары

Праз стрэс, кавід, новыя тэхналогіі і дрэнныя навіны апошнія некалькі гадоў праграмы, якія абяцаюць палепшыць ваш сон, сталі набіраць папулярнасць. Але ці ёсць у іх сэнс? Ці выгадна цяпер пачынаць свой «сонны» стартап, ці ніша ўжо занятая? dev.by пагутарыў з інвестарамі, самнолагам і фаўндарам праграм для сну і рэлаксацыі, — каб разабрацца.

Пакінуць каментарый
«Людзі сталі трывожнейшымі». Як змяняецца рынак праграм для сну і што думаюць дактары

Праз стрэс, кавід, новыя тэхналогіі і дрэнныя навіны апошнія некалькі гадоў праграмы, якія абяцаюць палепшыць ваш сон, сталі набіраць папулярнасць. Але ці ёсць у іх сэнс? Ці выгадна цяпер пачынаць свой «сонны» стартап, ці ніша ўжо занятая? dev.by пагутарыў з інвестарамі, самнолагам і фаўндарам праграм для сну і рэлаксацыі, — каб разабрацца.

Змест

Колькі грошай на рынку праграм для сну?

Толькі ў ЗША прыкладна 30-35% насельніцтва час ад часу адчуваюць бессань, а 10% пакутуюць ад яе на рэгулярнай аснове. Што прыводзіць да страты прадукцыйнасці працы прыкладна ў 63 мільярды долараў штогод.

Адсюль — поле магчымасцей для стартапаў: ад праграм для рэлаксацыі да разумных будзільнікаў і ўцяжараных коўдраў. Паводле даследавання Acumen Research and Consulting (ARC), аб’ём сусветнага рынку прылад для сну да 2030-га дасягне амаль $61 мільёна, у сярэднім павялічваючыся на 16,8% штогод. І чакаецца, што глабальны рынак праграм для адсочвання сну вырасце да 2030 года ў 1,8 разу (з сярэднегадавым тэмпам у 35,2%). 

Сусветныя інвестыцыі ў стартапы на рынку mental health tech у 2021 годзе склалі 5,5 мільярдаў долараў. Прычым 68% з іх былі на ранняй стадыі, то-бок галіна будзе і далей расці.

Канкурэнцыя, праблема канфідэнцыйнасці даных, бяздоказнасць

Адваротны бок грашовага рынку — канкурэнцыя.

Кірыл Валошын, інвестар і бізнэс-анёл
— Рынак праграм для сну перанасычаны прапановамі (і софтвернымі, і «жалезнымі»). У тым жа App Store ёсць праграмы, умоўна кажучы, на 10 мільёнаў інсталяцый, і ёсць — на 5 тысяч. І тут пытанне — як не патрапіць у кагорту тых, у каго ўсталяванняў мала, — каментуе прадпрымальнік, інвестар і бізнэс-анёл Кірыл Валошын. — Не раю заходзіць на гэты рынак, калі ў вас няма досведу, у першую чаргу, у маркетынгу мабільных праграм. Таксама калі ў вас няма добрага інвестыцыйнага пляча, каб укладвацца ў прасоўванне, я б нават не пачынаў.

Калі вы прыходзіце ў гэтую сферу з нуля, вашая асноўная кампетэнцыя мае быць не пра сон, цыклы, трывогу і нават не пра распрацоўку. А пра прасоўванне мабільных прадуктаў. У ідэале вы ўжо маеце быць дасведчаным паблішарам з паўнавартасным штатам супрацоўнікаў, — кажа ён.

Яшчэ адная праблема — пошук рэлевантныя кліентаў.

Юрый Мельнічак, ІТ-прадпрымальнік і венчурны інвестар

— Здаецца, у свеце, дзе мы жывем, становіцца больш трывогі, і попыт на sleep improvement узрастае, — кажа Юрый Мельнічак. — Аднак многія subscription based apps цяпер перажываюць крызіс, у тым ліку праз тое, што таргетынг рэкламы значна пагоршыўся са з’яўленнем iOS 14.5 і потым iOS 16. 

Чаму? Гэта назіранне. Далей — гіпотэзы, якія незразумела як праверыць. Хтосьці лічыць, што вінаваты глабальны эканамічны спад. Я асабіста думаю, што ў большай ступені — розныя опцыі канфідэнцыйнасці на iOS: і «Ask App Not to Track», і абмежаванні на IDFA (ідэнтыфікатар IDFA для прылад iOS дазваляе распрацоўшчыкам і маркетолагам адсочваць актыўнасць карыстальнікаў у рэкламных мэтах — заўв. devby), і ўзмацненне прыватнасці ў Safari і як следства ў web view. 


Каб пацвердзіць гэтую тэорыю, мы паглядзелі на Sensor Tower, як змянялася выручка ў асноўных праграм галіны, а менавіта: Calm, Headspace і BetterSleep: Relax and Sleep (праграма з расслабляльнымі гукамі, якая цяпер набірае папулярнасць).

Прыкладна ад лета гэтага года назіраецца некаторае падзенне:

  • выручка Calm у кастрычніку 2022 года склала 6,5 мільёнаў, для параўнання, у студзені 2022-га гэты паказчык быў 9,4 мільёна;
  • выручка Headspace за той жа перыяд — 4,8 мільёна (6,1 мільёна ў студзені гэтага года);
  • рост назіраецца толькі ў BetterSleep: Relax and Sleep — больш за 1 мільён долараў выручкі супраць менш як 500 тысяч долараў на пачатку года.

У даследаванні брытанскага навукоўца, апублікаваным на сайце Нацыянальнага цэнтра біятэхналагічнай інфармацыі ЗША, адзначаюцца таксама наступныя праблемы праграм для сну:

  • недахоп доказнай медыцыны: толькі 32,9% праграм для сну, даступных у краме Google Play, прадэманстравалі эмпірычныя даныя, якія пацвярджаюць іх заявы, і 15,8% былі распрацаваныя з удзелам дактароў. Толькі 3 з 73 праграм прайшлі валідацыйныя даследаванні з выкарыстаннем палісамнаграфіі. Усе тры прадэманстравалі слабую карэляцыю, уключна з вызначэннем стадый сну;
  • праблема канфідэнцыйнасці даных. У палітыцы асобных праграм прапісана, што даныя карыстальнікаў могуць перадавацца трэцім асобам;
  • выкарыстанне праграм можа павысіць нагрузку на медыцынскіх спецыялістаў.

Якія прадукты для рэлаксацыі і сну стварылі беларусы?

Loóna — для лёгкага засынання

Праграма для лёгкага засынання, якую прыдумала каманда распрацоўшчыкаў MSQRD: Андрэй Янчурэвіч, Зміцер Дорын, Сяргей Ганчар і Яўген Неўгень. Яна станавілася найлепшай у катэгорыі Health & Fitness конкурсу Golden Kitty Awards ад Product Hunt і выйграла прэмію Apple за найлепшы дызайн у 2021 годзе.

Каманда апісвае прадукт як «камбінацыю візуальнага і гукавога шэрагаў, гульні, размалёўкі, медытатыўнай музыкі і аўдыягісторый». Усё гэта мусіць дапамагчы карыстальніку наладзіцца на спакойны лад і хутка заснуць. 

У праграме працуе сістэма падпісак: штомесяц — ад 2 да 13 долараў (у залежнасці ад плана і рэгіёна), гадавы план — прыкладна 25-40 долараў.

Сярод інвестараў Loóna — самі сузаснавальнікі, шэраг венчурных фондаў з Даліны і бізнэс-анёлаў, уключна з мадэллю Наталляй Вадзянавай. Год таму, паводле слоў Яўгена Неўгеня, у праграмы ўжо былі «сотні тысяч карыстальнікаў», і праект пачаў генераваць выручку. Аднак дакладных лічбаў не раскрыў. 

Некаторыя крыніцы лічаць, што меркаваны гадавы даход Loóna можа складаць 27,8 мільёна долараў на год. І платформа аналітыкі Sensor Tower сцвярджае, што за апошнія 30 дзён праграму спампавалі больш за 200 тысяч разоў, а выручка за кастрычнік склала каля 180 тысяч долараў (пры гэтым у студзені 2022-га яна была большай за 400 тысяч долараў).

У цэлым, калі верыць даным Sensor Tower, то за ўвесь час існавання праграмы яе спампавалі больш як 3,1 мільёна разоў, а выручка склала больш як 6 мільёнаў долараў.

Hypnopedia — афірмацыі ў сне

Праграма ад нейраанатама, неўролага і кандыдата медыцынскіх навук Андрэя Сокала. Hypnopedia станавілася фіналістам у намінацыі «Здароўе і фітнэс» Golden Kitty Awards 2020 і прызнавалася прадуктам дня на Product Hunt.

Праект прызначаны для карыстальнікаў, якія маюць праблемы з матывацыяй і псіхічным здароўем. Як сцвярджаюць стваральнікі, ён заснаваны на навуковых публікацыях, дзе, у прыватнасці, сцвярджаецца, што мозг чалавека падчас сну можа ўспрымаць частку інфармацыі, якая паступае звонку.

Hypnopedia выкарыстоўвае распрацаваны праграмны алгарытм, дапоўнены кароткімі матывацыйнымі фразамі (афірмацыямі). З дапамогай датчыкаў Apple Watch праграма вызначае «правільную фазу сну», і ў патрэбны момант прайграе афірмацыі. Затым карыстальніка будзіць разумны будзільнік. 

У 2020-м СЕО кампаніі казаў у інтэрв’ю bel.biz, што праграма платная — 2,99 долара на месяц (бясплатна — толькі разумны будзільнік). Інвестар быў на праекце «ад самага пачатку», але ў будучыні стартап плануе «прыцягваць грошы».

Выручка прадукту цяпер невядомая. Sensor Tower называе вельмі маленькія лічбы, меншыя за 500 долараў на месяц, але ці адпавядае гэта рэчаіснасці, незразумела.

Sleepagotchi — віртуальная спальня і NFT за рэжым сну

Праграма выйшла на ProductHunt улетку гэтага года. Як апісвае яе стваральнік Аляксей Караткоў, Sleepagotchi — гэта праграма, «якая ўзнагароджвае карыстальнікаў за захаванне рэжыму сну бясплатнымі NFT і крыптатокенамі пад назвай SHEEP». 

Карыстальнікі атрымліваюць 1 бясплатны NFT кожную раніцу і 2 бясплатныя NFT, калі яны добра выспаліся (яны самі ўводзяць час адыходу да сну і час абуджэння). Сон адсочваецца дзякуючы інтэграцыі з iOS Apple Health, у далейшым плануецца версія для Android.

Таксама карыстальнік стварае ў праграме сваю віртуальную спальню пад назвай MetaRoom — з ложкам, дываном, шпалерамі і іншай мэбляй. Кожны прадмет, уключна з персанажам у MetaRoom, з’яўляецца NFT і можа быць прададзены іншым карыстальнікам. 

У верасні гэтага года Аляксей пісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ў праекта ўжо актыўнае Discord community (41,5 тысяча). Каманда запусціла альфа тэст, і ў іх 4,5 тысяч DAU (колькасць унікальных карыстальнікаў, якія наведалі праект за дзень) на iOS. 

Самнолаг: «Калі ў чалавека сапраўды парушэнні, праграмы не дапамогуць»

Ці нясуць праграмы для сну практычную карысць? Гэтае пытанне мы задалі Аляксею Малкаву — доктару-неўролагу, самнолагу, кандыдату медыцынскіх навук.

— Звычайна дактары раяць не глядзець перад сном у тэлефон. Ці карысна ў такім выпадку выкарыстоўваць праграму, якая абяцае лёгкае засынанне?

— Мы просім прыбіраць гаджаты перад сном, каб пазбегнуць пераўзбуджэння кары галаўнога мозга. Калі чалавек, прыкладам, глядзіць у экран і гартае стужку пальцамі, гэта падвойная актыўнасць — сэнсарная і маторная. Гэта пераўзбуджае кару і абцяжарвае засынанне. 

Акрамя таго, ёсць асацыятыўнае мысленне сноў. Прыкладна 80% таго, што чалавек бачыць у снах, звязана з тым, што ён убачыў беспасярэдне перад сном. То-бок перад сном можна паслухаць прыемную музыку. Але не варта чытаць навіны, глядзець перадачы, якія павышаюць узровень сератаніну, або выконваць нейкія дзеянні.

Але ёсць і плюсы. Калі чалавек увесь дзень працаваў над адной справай, а потым яму даюць абсалютна новую задачу, ён пераключаецца і расслабляецца. Але толькі для людзей без сапраўдных паталогій сну.

— Ці працуе музыкатэрапія, колератэрапія, тэхнікі дыхання для паляпшэння якасці сну?

— Пра колератэрапію, прызнацца, не чытаў. Музыкатэрапія — даказаная методыка. Яе выкарыстоўвалі і раней, у Савецкім Саюзе, калі ніякіх гаджатаў не было. Праслухоўванне спакойнай музыкі пасля цяжкага працоўнага дня дапамагае чалавеку расслабіцца — як элемент рэлаксацыі. Хтосьці расслабляецца з дапамогай музыкі, хтосьці — з дапамогай дыхання.

Напрыклад, калі ў чалавека трывожнае разладдзе, у яго можа пачацца тахікардыя, з’явіцца пачуццё трывогі, — і ён не зможа заснуць. Замест таго каб лічыць авечак, ён пачынае правільна дыхаць. За кошт правільнай рэгуляцыі, уплыву на блукальны нерв, тахікардыя сыходзіць, і чалавек лепш засынае. 

Але гэта стартавыя методыкі. Калі ў чалавека — сур’ёзнае парушэнне сну, яго стан доўжыцца не тры дні, а тры тыдні або два месяцы і становіцца горшым і горшым, варта звярнуцца да доктара. Лепей за тыдзень прывесці пацыента ў парадак з дапамогай той жа фармакатэрапіі, чым паўгода мучыцца з праграмамі і перайсці ў хранічны стан.

— Як зразумець, што праграма сапраўды дапамагае? Для гэтага трэба сабраць кантрольную групу, правесці паўнавартаснае даследаванне?

— Для ўвядзення любога метаду лячэння ў медыцынскую практыку неабходная маса даследаванняў. Сапраўды, спатрэбяцца кантрольная група і група параўнання. Даследаванні мусяць быць даказаныя і пажадана задакументаваныя для наступнага прымянення. У той жа самналогіі мы ўсё стараемся сертыфікаваць. 

Але калі чалавек карыстаецца біялагічна актыўнымі дадаткамі, якія не трэба сертыфікаваць як лекі, і яму гэта дапамагае, то — на здароўе, хай карыстаецца. Дакладна так сама і з праграмамі. Калі яны дапамагаюць адцягнуцца, супакоіцца, то ў гэтым няма нічога дрэннага. 

Але зноў жа, калі ў чалавека сапраўды сур’ёзныя, складаныя парушэнні, вострая бессань, то праграмы ніякім чынам яму не дапамогуць. 

— А што наконт разумных гадзіннікаў, якія адсочваюць якасць сну? Або разумных будзільнікаў?

— У мяне ёсць пацыенты, якія прыходзяць і кажуць: «У прынцыпе, я сплю нармальна, але гадзіннік паказвае, што я сплю дрэнна, лячыце мяне». Пры гэтым сон мог быць першапачаткова добрым, але — «я пачаў адсочваць сон, і ў мяне з’явіліся парушэнні, я адчуваю, што не высыпаюся». То-бок прысутнічае элемент самаўнушэння.

Аднак гаджаты на руцэ не могуць паўнавартасна адсочваць архітэктоніку сну.

Для гэтага ёсць спецыяльнае абсталяванне, палісамнаграфія, здольнае за адну ноч ацаніць, як працуе сэрца, мозг, грудная і брушная клетка, замераць сатурацыю і гэтак далей. Гэта сапраўды медыцынскае даследаванне, якое дапамагае верыфікаваць розныя віды захворванняў. Тут жа дэвайсы больш перашкаджаюць, чым дапамагаюць.

У прынцыпе, «разумныя будзільнікі», якія адсочваюць вашыя паказчыкі накшталт пульсу і руху і будзяць у хуткай фазе сну, працуюць. У гэтым выпадку трэба ставіць абмежаванні накшталт: «Прачнуцца ад 7 да 8 раніцы». Але дакладна гэтак жа можна ўзяць і звычайны будзільнік і паставіць яго за 10, а лепш, за 8,5 хвілін да абуджэння. За гэты час чалавек паспявае занурыцца і выйсці са сну. У такім выпадку не трэба насіць смарт-гадзіннік.

Мне вельмі падабаюцца новыя гаджаты па абуджэнні, яны сапраўды працуюць, і я сам імі карыстаюся. Напрыклад, светлавыя будзільнікі, якія свецяць у спектры сонца. Мы атрымліваем пазітыўны стрэс за кошт сератаніну, і нам у дзясятак разоў прасцей прачнуцца, чым у поўнай цемры.

А вось да вібруючых будзільнікаў наш мозг вельмі хутка прызвычайваецца, і мы проста перастаём рэагаваць на гэты раздражняльнік. 

— Ці трэба здаровым людзям у прынцыпе карыстацца праграмамі для сну?

— Праграмы падыдуць здаровым людзям альбо з лёгкімі псіхалагічнымі або псіхасаматычнымі кампанентамі. 

Апошнім часам, на тле кавіду і цяперашніх падзей, людзі сталі больш хвалявацца пра сваё здароўе, з’явілася шмат псіхасаматычных праблем. Прасцей кажучы, людзі сталі трывожнейшымі, і ў дактароў, якія працуюць з псіхалагічным складнікам, значна дадалося працы.

Ці варта выходзіць на рынак, калі там столькі праблем?

Яшчэ адзін беларускі прадукт для рэлаксу — праграма KindMind ад студыі Bravocado — атрымаў намінацыю ў катэгорыі «Дызайн» ад Webby Awards. У красавіку гэтага года сузаснавальніцы кампаніі вырашылі разысціся. Адная з іх, Ганна Чабатарова, расказала dev.by, як ствараўся прадукт.

— MVP выйшаў пры канцы мая 2021 года, сам прадукт фіналізавалі да сакавіка 2022-га. У нас не спецыфічная праграма для вырашэння медыцынскіх праблем, тут няма самналогіі або чагосьці такога. Хутчэй, гэта праграма для ўэлнэса. 

Адная з частых прычын, чаму людзі не могуць заснуць — немагчымасць расслабіцца і адпусціць думкі мінулага дня. Таму нашая праграма пабудаваная на расслабляльных практыках. Тут ёсць рухомыя анімацыі з прыемнымі гукамі, якія дапамагаюць расслабіцца, і практыкі, якія дапамагаюць узбадзёрыцца. Дыхальныя практыкаванні, якія насычаюць энергіяй або наадварот расслабляюць.

Вядома, мы чыталі навуковую літаратуру. Прапрацоўвалі з mental health counselor (кансультант па ментальнаму здароўю — заўв. dev.by) усё, што тычыцца гукаў і каляровых схем для розных тыпаў эмоцый. Але не магу сказаць, што за гэтым стаяць проста-ткі навуковыя даследаванні. Нашай мэтай было пераканацца, што мы не зможам нашкодзіць праграмай. 

Так, спецыялісты не раяць глядзець у тэлефон перад сном. Але ў кожным разе нашая праграма працуе ў фонавым рэжыме. Карыстальнік можа ўключыць прыемныя гукі, паставіць таймер сну, і праграма «засне» праз 15, 30, 45, 60 хвілін. А карыстальнік гэтым часам будзе спаць або факусавацца на сабе.

Ці перанасычаны рынак? Любы рынак, які не вазьмі, перанасычаны. Праграм так шмат, што мара знайсці нішу без канкурэнцыі досыць утапічная. Я не спынялася б толькі таму, што хтосьці штосьці ўжо зрабіў. Рынак праграм для сну і рэлаксацыі велізарны і перспектыўны, асабліва ў Штатах, са шматгадовымі гігантамі накшталт Calm і Headspace і сотнямі іншых праграм. Ён расце з кожным годам, бо звяртацца да праграмы за заспакаеннем становіцца нормай. 

Вядома, багацце новых прадуктаў ускладняе працу. Але калі ў нейкай нішы наогул няма канкурэнцыі, значыць, там няма і плацежаздольнага попыту.

Трэба памятаць — падобныя праграмы не акупляюцца адразу. Трэба час, каб яе «вырасціць», і для росту спатрэбяцца інвестыцыі. І толькі калі праграма фіналізуецца, ты акупіш укладзеныя выдаткі.

Почему айтишники плохо спят и как это фиксят
Почему айтишники плохо спят и как это фиксят
По теме
Почему айтишники плохо спят и как это фиксят

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

Каментарыяў пакуль няма.