З паяльнікам і напільнікам. Як беларусы самі сабе камп'ютары збіралі
У познія гады прадпрыемствы Савецкага Саюза выпускалі шмат мадэляў персанальных камп’ютараў — клонаў ZX Spectrum ды іншых мадэляў. Прапанова не задавальняла попыту, таму радыёаматары краіны Саветаў распрацоўвалі такія камп’ютары самі. А хто не мог распрацаваць — той затое мог сабраць сабе такі камп’ютар паводле ўжо гатовай схемы.
dev.by адшукаў некалькіх энтузіястаў, якія самастойна паялі камп’ютары. Як барадаты і голены Стывы ў гаражы, толькі без гаража.
У познія гады прадпрыемствы Савецкага Саюза выпускалі шмат мадэляў персанальных камп’ютараў — клонаў ZX Spectrum ды іншых мадэляў. Прапанова не задавальняла попыту, таму радыёаматары краіны Саветаў распрацоўвалі такія камп’ютары самі. А хто не мог распрацаваць — той затое мог сабраць сабе такі камп’ютар паводле ўжо гатовай схемы.
dev.by адшукаў некалькіх энтузіястаў, якія самастойна паялі камп’ютары. Як барадаты і голены Стывы ў гаражы, толькі без гаража.
У СССР камп’ютары выпускалі дзясяткі розных заводаў і кампаній. Гэта былі клоны ZX Spectrum і IBM PC-сумяшчальныя машыны, а таксама мадэлі, якія не мелі прамых заходніх аналагаў. Ці памятаеце, як называлі кампы ў Саюзе? «Камп’юцер», ЭВМ і нават «дыялогава-вылічальны комплекс»!
«Хабр» сабраў вялікую (але далёка не поўную) падборку савецкіх камп’ютараў, а мы коратка згадаем толькі тыя, што серыйна выпускаліся ў БССР і ўжо незалежнай Беларусі пачатку-сярэдзіны 90-х.
Змест
«Байт»
Байт. Фота з eBay
«Байт» быў распрацаваны (дакладней, кланаваны з ZX-Spectrum, хоць і з адрозненнямі) пры канцы 80–х і паступіў у продаж у 1990 годзе па цане ў 960 яшчэ савецкіх рублёў.
Выпускаў яго Берасцейскі электрамеханічны завод, які ўваходзіў у склад Берасцейскага вытворчага аб’яднання сродкаў вылічальнай тэхнікі, — таму на камп’ютарах можна было бачыць розныя лагатыпы. «Байт» быў вельмі папулярны ў карыстальнікаў, і ў 1996 годзе іх выпусцілі амаль 64 тысячы штук, пасля чаго вытворчасць, мяркуючы з усяго, спынілася (але продаж новых машын ішоў яшчэ гады два). У камп’ютара быў працэсар на 3,5 МГц і 48 Кб аперацыйнай памяці (якую можна было раскачагарыць нават да 1 Мб) і 16 Кб пастаяннай памяці.
«Балтык»
Гэты Spectrum-сумяшчальны камп’ютар цікавы тым, што мінскі кааператыў «Санет» выпускаў яго ў будынку сярэдняй школы № 126 на вуліцы Янкі Маўра.
Адрозніваўся нестандартнай частатой працэсара — 4 МГц (у звычайнага «Спектрума» — 3,5 МГц). Выпускаўся ад 1988 прыкладна да 1995–1996 гадоў у розных мадыфікацыях: з падключэннем да магнітафона, або з дыскаводам, або нават двума, або з друкаркай, або з дыскаводам і друкаркай; таксама адрозніваліся і аперацыйныя сістэмы: TR-DOS або CP/M. Друкаваныя платы «Балтыка» свабодна прадаваліся на радыёрынках, студэнты тэхнічных ВНУ паялі «Балтыкі» ў інтэрнатах.
«Вектар-06Ц»
Вектар. Фота з сайта RareGames.ru
Гэты камп’ютар быў распрацаваны радыёаматарамі з Малдовы ў 1986–1987 гадах, але выпускаўся не толькі на кішынёўскім ВА «Счетмаш», а яшчэ на некалькіх савецкіх заводах, у тым ліку ў Мінску на МВАВТ. Працэсар працаваў на разагнанай да 3 МГц частаце (з арыгінальных 2,5 МГц), пастаяннай памяці — ад 512 байт да 2 Кб.
ЕС-1841
ЕС-1841. Фота з сайта Goha.ru
Сямейства камп’ютараў ЕС, сумяшчальных з IBM PC, было распрацаванае ў НДІ ЭВМ у Мінску і ў асноўным тут жа і выпускалася (хоць у розны час падлучаліся Берасце, Кішынёў, а таксама заводы Балгарыі і Германіі).
Усяго ў сямейства ўваходзіла каля двух дзясяткаў мадэляў, якія выпускаліся ад 1986 да 1997 года агульным накладам каля 130 тысяч штук; найпапулярнейшая мадэль — ЕС–1841: амаль 84 тысячы асобнікаў, усе выпушчаныя ў Мінску. Частата працэсара — 4,77 МГц, аперацыйнай памяці — да 1,5 Мб, можна было падключыць цвёрды дыск, два дыскаводы і матрычную друкарку.
«Інтэр» і «Квант»
Квант
Гэтыя два камп’ютары выглядалі практычна аднолькава і выпускаліся недалёка адзін ад аднаго. «Квант» збіралі на Заводзе прыбораў аўтаматычнага кантролю ў Оршы (як і многія іншыя, цяпер ён выпускае камплектацыю для аўтатрактарнай тэхнікі), а «Інтэр» — на віцебскім НВА «Інбел» (ліквідаванае ў 1997–м). Выпускаліся ад 1989-га мінімум да 1994-га і адрозніваліся клавіятурай, якая хутка рабілася непрыдатнай.
«Інфатон–030»
Інфатон
Як і «Сантака» (гл. ніжэй), выпускаўся на мінскім заводзе імя Леніна, які таго часу (1993 год) ужо атрымаў назву БелВАР. У мадэлі амаль у такім самым корпусе, што і «Сантака», было 128 Кб аперацыйнай памяці, асобны гукавы працэсар, раздым для падключэння дыскавода. Але самое падключэнне камп’ютара да чаго-небудзь або чаго-небудзь да яго было зусім не простай справай праз дзіўную распайку раздымаў.
«Карвет ПК8010/8020»
Карвет
«Карвет» спачатку быў самаробкай 1985 года з Інстытута ядзернай фізікі МДУ, якая паступова вырасла ў вельмі распаўсюджаную мадэль для камплектавання камп’ютарных класаў школ. Працаваў на працэсары з частатой 2,5 МГц і 64 Кб аперацыйнай памяці. Серыйна выпускаўся ад 1987 года на тузіне савецкіх заводаў, у БССР — на Берасцейскім электрамеханічным заводзе.
«Нёман-1К»
Нёман-1К
Гэта не зусім бытавы камп’ютар, але ўсё ж эпахальная мадэль беларускай распрацоўкі.
Комплекс уключаў у сябе персанальны камп’ютар ЕС-1855 і супрацэсар на базе так званага «вырабу» 65с733 — апаратуры спецпрызначэння. Усё гэта выпускалася ў рамках праграмы мадэрнізацыі сістэм кіравання цэнтраў сачэння за касмічнымі лятальнымі апаратамі Расіі. «Нёман-1К» выпускаўся ў 1993–1997 гадах на Берасцейскім электрамеханічным заводзе, пасля чаго завод перастаў займацца камп’ютарамі наогул.
«Няміга ПК588/ПК589»
Няміга
«Няміга» — гэта была не проста ЭВМ, а КВВТ, то-бок камплект вучэбнай вылічальнай тэхнікі. Імі абсталёўваліся кабінеты інфарматыкі. У комплекс уваходзіў выкладчыцкі комп «Няміга ПК589» і да 15 камп’ютараў для вучняў «Няміга ПК588», аб’яднаных у лакальную сетку, ды яшчэ з друкаркай.
Аперацыйнай памяці — 128 Кб, манітор чорна-белы, АС таксама называлася «Няміга». Комплексы выпускаліся ад 1989 года.
«Ратон-9003»
Ратон–9003
Гэта таксама клон ZX Spectrum 48K, але гэтую мадэль называлі «Вучэбна-гульнявая прыстаўка». Яе выпускалі на НВА «Ратон» у Гомелі мінімум ад 1992 года — спачатку на мікрасхемах дробнай логікі, потым на вялікіх інтэгральных схемах. Памяць — адная мікруха на 8 Кб (хаця было месца для дзвюх).
Выпуск працягваўся па меншай меры да 1994-га.
«Сантака-002»
Сантака–002. Фота з сайта Kufar.by
Сантака — гэта такая чыгуначная станцыя ў Літве, у перакладзе — «зліццё».
Чаму раптам Літва? камп’ютар Santaka першага пакалення (клон ZX Spectrum 48K) выпускаўся літоўскай фабрыкай RMT яшчэ ў 1988-м; паводле некаторых даных, і софт на касетах да «Сантакі» распрацоўваўся тамсама.
А «Сантаку-002» выпускалі ўжо на Мінскім прыборабудаўнічым заводзе імя Леніна (пазней ВА «Белвар») ад 1990 года. Працэсар — Zilog, памяць — на васьмі мікрасхемах па 2 Кб. У камп’ютара быў найвелізарнейшы блок сілкавання з вонкавым радыятарам ахалоджвання, а надпіс на корпусе быў выкананы такім дзіўным шрыфтам, што ў першую чаргу чыталася «Сантана» — і толькі на кніжачках з інструкцыямі выразна было надрукавана «Сантака».
«Этон»
Этон
Клон камп’ютара «Інтэр» з усімі яго фірмовымі «касякамі». Як і «Інтэр» і яшчэ адзін яго клон «Квант», таксама выпускаўся ў Віцебскай вобласці: у Новалукомлі, на заводзе «Этон». Адметная асаблівасць — плоская плёначная клавіятура, нязручная ў працы.
Разам: прадпрыемствы Беларусі выпускалі тузін мадэляў камп’ютараў. А каму і гэтай разнастайнасці не ставала, маглі паспрабаваць сабраць яго самастойна. Схемы друкавалі ў часопісах «Радыё», «Радыёаматар», «Юны тэхнік», «Мадэліст-канструктар» і прадавалі на рынках. У гэтых жа часопісах друкавалі і коды праграм.
Праграма ў часопісе
Двое такіх радыёаматараў расказалі, як пры канцы васьмідзясятых і сярэдзіне дзевяностых збіралі камп’ютары з нуля — дома і ў інтэрнаце, з паяльнікам і напільнікам у руках.
Расказвае Эрык
— Гэта быў дзесьці 1987 або 88-ы год. Датуль я практычна не бачыў персанальных камп’ютараў і нічога пра іх не ведаў. У нас на заводзе быў вылічальны цэнтр, дзе стаялі камп’ютары, зробленыя на заводзе Арджанікідзэ. На іх разрахоўвалі заробкі, падлічвалі дэталі і наогул выконвалі ўсякія падлікі.
Дык вось, камп’ютараў было штук 15, яны займалі цэлы паверх даўжынёй у дзясяткі метраў, а для іх ахалоджвання працавалі бакінскія кандыцыянеры БК-1500 і БК-2000, іх былі сотні. Во такія вось камп’ютары, вылічальныя машыны, я бачыў і знаў.
А тут раптам табе замест такой найвелізарнейшай машыны прапаноўваюць персанальны, практычна партатыўны камп’ютар. Вядома, мне было цікава яго сабраць.
Наогул сваю самую першую камп’ютарную праграму я напісаў яшчэ на другім курсе інстытута. На Фартране. Ну, «аэскашнікі» (студэнты спецыяльнасці «аўтаматызаваныя сістэмы кіравання») штосьці ў гэтым разумелі, а нам, радыётэхнікам, гэта наогул было невядома. Нам прачыталі дзве лекцыі і сказалі «Пішыце праграму».
Тэлевізар я ўмеў рамантаваць, а пісаць праграмы — вядома, не. Але можна было купіць праграму ў старшакурсніка за 10 рублёў. Калі шыкоўны абед у сталовай каштаваў 60 капеек — гэта колькі абедаў можна было на чырвонец купіць! І я вырашыў напісаць праграму сам.
І вось я сядзеў вечарамі і начамі, чытаў падручнікі і сам пісаў праграму.
Нарыхтаваў перфакарты, у іх прабілі дзірачкі, потым па перфакартах машына выдавала раздрукоўку. Гатовую раздрукоўку праграмы табе выдавалі на рулоне паперы. Тая, пакупная ад старшакурснікаў, была дзесьці метраў 5 даўжынёй і згортвалася ў трубачку таўшчынёй з сантыметр. Калі я пайшоў за сваёй, то мне выдалі скрутак сантыметраў 20 таўшчынёй. Аператару машыны трэба было своечасова сцяміць і адключыць друк, а ён, пэўна, вырашыў, што так і мае быць. Я пытаюся: «А што з ім рабіць?». Мы сядзелі з хлопцамі ў інтэрнаце і глядзелі, што атрымалася. Карацей, пры самым канцы скрутка было надрукавана па-англійску «Програм нот фаўнд», а я ў школе і інстытуце вучыў нямецкую і не ведаў, што гэта значыць. І з гэтым рулонам я пайшоў здаваць залік. Прафесар як убачыў, схапіўся за галаву. «Ты што, сам пісаў?» — «Сам». — «Пакажы, што пры канцы». Убачыў гэтую фразу, паставіў тройку і сказаў «Ідзі!».
Затое потым мы гэты рулон выкарыстоўвалі ў інтэрнаце замест шпалер — стала на некалькі пакояў!
Схемы камп’ютара прадаваліся каля ЦУМа, на Камароўцы і ў іншых месцах. І тамсама прадаваліся платы.
У Мінску на заводах «Інтэграл» і імя Леніна падпольна рабіліся платы да ZX Spectrum. Там былі свае цэхі друкаваных плат. Пры тым, што ў БССР, і ў Мінску ў тым ліку, выпускаліся самі персанальныя камп’ютары і на магнітафонах «Саната» да іх запісваліся гульні, — афіцыйна вытворчасцю гэтых плат на продаж, вядома, ніхто не займаўся. І платы выпускалі хоць і «самвыдатаўскія», але прафесійныя, тэксталітавыя, з пратраўленымі дарожкамі, з усімі патрэбнымі адтулінамі.
Прыкладна таго ж часу аўтары часопіса «Радыё» распрацавалі свой камп’ютар, па-мойму, называўся «Радыё-86». Але ў часопісе былі толькі схемы, а тут прапаноўвалі і схему, і ўжо гатовую плату, правераную, без КЗ — ну, фактычна з гарантыяй. Паяй — і ўсё запрацуе. Мабыць, людзі, што рабілі гэтыя платы, нядрэнна на іх зараблялі, бо прадаваліся яны ну літаральна на кожным рагу. Маглі б, пэўна, і платы з ужо ўпаянымі дэталямі прадаваць, але напаяных плат на рынку ніхто не прадаваў чамусьці.
Але гэта дробязі, самае галоўнае было — здабыць дэталі.
Тады крама «Электроніка» на Лагойскім тракце, якая цяпер гандлюе вёдрамі, яшчэ працавала па спецыяльнасці. Там на сценах і калонах віселі велізарныя спісы дэталяў, якія былі ў продажы. Па гэтых спісах лёгка было набраць любых дэталяў, у тым ліку для камп’ютара. Можна было купіць усё, акрамя памяці.
Памяць там не прадавалася. За памяццю трэба было ісці на радыёрынак.
Першы прымітыўны рынак працаваў на Карастаянавай каля крамы «Зрабі сам». У крамы былі шырокія падаконнікі, на іх зручна сядзець, — вось там быў першы продаж дэталяў. І там жа прадаваліся і мікрасхемы памяці. Дзве імпартныя мікрасхемы каштавалі 50 рублёў. У іх былі і савецкія аналагі, але працавалі вельмі дрэнна, з нейкімі тармазамі. Прыйшлося купляць на рынку арыгінальныя. Астатнія мікрасхемы — а іх было яшчэ пару дзясяткаў — былі простыя, «інтэгралаўскія», усе прадаваліся ў «Электроніцы» па 30-40 капеек за штуку.
Самаробны клон ZX Spectrum з савецкімі мікрасхемамі. Фота з сайта Ay.by
Плату я спаяў хутка, можа, за тыдзень, працаваў вечарамі; яна была памерамі прыкладна 10×25 сантыметраў і размяшчалася пад клавіятурай.
Трэба было самому таксама вырабіць трансфарматар, пераўтваральнік на 5 вольт тараідальнай формы, блок сілкавання таксама. Усё гэта было для мяне звыкла, бо я на той час даўно ўжо на ўсю моц кляпаў узмацняльнікі.
Гісторыя пра ўзмацняльнікі
У кагосьці ў інтэрнаце РТІ быў часопіс «Радыё», прыходзілі новыя выпускі, і мне першаму давяралі паяць узмацняльнікі паводле схем з часопіса.
Памятаю, паяў неяк мадэль, што звалася «Феномен транзістарнага гучання». Да яе трэба былі 4 транзістары. Мая стыпендыя тады была 40 рублёў, а транзістар каштаваў 8 рублёў. То-бок 32 рублі — гэта толькі канцавыя транзістары, а яшчэ была купа дэталяў.
Спаяў, уключаю — бах! — павыгарала, 32 рублёў няма. З наступнай стыпендыі зноў купляю транзістары, паяю — бах! — зноў павыгарала. Праз некалькі выпускаў у часопісе пішуць: «Каб наладзіць „Феномен транзістарнага гучання“, патрэбныя такія і такія прылады, уключаць яго адразу няможна».
Феномен. Старонка з часопіса «Радыё» № 12 за 1981 год з апісаннем схемы ўзмацняльніка
Уласна, і трансфарматар для майго камп’ютара можна было купіць у «Электроніцы», ён быў памерамі прыкладна 7×7 сантыметраў і вышынёй 5 сантыметраў — гэта было не крута. Я хацеў, каб увесь камп’ютар атрымаўся нізкім, таму намотваў тароід сантыметровай таўшчыні. Трансфарматар я наматаў дзесьці за тры вечары.
Усе дэталі былі ўбудаваныя ў нізкі корпус. Ён таксама быў самаробны, яго мне дапамагалі вытачыць, а дома я напільнікамі дапрацоўваў, — гэта, пэўна, заняло месяц, працы вечарамі было шмат.
Яшчэ была праблема самому сабраць клавіятуру. Дзе ўзяў самі кнопачкі — ужо не памятаю, у іх устаўлялі герконы, а на кнопкі ляпілі налепкі. Іх хтосьці друкаваў на фотапаперы, потым трэба было самому выразаць.
Самаробныя клоны ZX Spectrum з рознымі клавішамі. Фота з сайта Ay.by
Калі ўсё спаяў, то камп’ютар проста ўключыўся і запрацаваў. Прамерыў толькі, ці выдае стабілізатар 5 вольт. Выдае — выдатна, запускаем. Не прыйшлося нічога наладжваць, там нават падладжвальных рэзістараў не было. Схема была вельмі выгоднай, працоўнай — не падманулі тыя, хто прадаваў схему і плату. Не ведаю, хто гэта рабіў, але настолькі ўсё было арыгінальна і добра, што працавала адразу. Хоць я ведаю, што ў Мінску былі людзі, якія дапамагалі наладжваць камп’ютар, калі, скажам, пры паянні дзесьці «соплю» павесіў.
Гульні грузіліся з касеты, магнітафон падключаўся асобна. А выводзілася інфармацыя на тэлевізар — прыйшлося самому і відэаўваход перарабіць.
Увесь камп’ютар мне абышоўся ў 300 рублёў — пры маім тагачасным заробку на заводзе ў 150 рублёў.
Можна было падключаць дыскеты і цвёрды дыск, але гэта каштавала наогул дурных грошай, таму я спыніўся на касетах.
Касета з гульнямі ад камп’ютара «Байт». Аналагічныя выпускаліся і для іншых «спектрум-сумяшчальных» камп’ютараў. Фота з сайта Ay.by
З праграм дзецям вельмі падабалася набіраць код, каб на экран выводзіўся стрэлачны гадзіннік, а таксама найпрасцейшыя мелодыі. А з гульняў былі на касеце шахматы. Старэйшы сын хадзіў на шахматны гурток, сказаў, што ён круты шахматыст. Я запусціў з магнітафона гульню, там можна было выбраць узроўні. Я кажу:
— Давай ты спачатку згуляеш на пачатковым узроўні.
— Не, давай адразу ўзровень «гросмайстар», я ж умею гуляць.
Запусціў яму «гросмайстра». Вася зрабіў тры хады, камп’ютар зрабіў тры ходу, пасля чаго Вася спытаў: «Тата, а як напісаць, што я здаюся?»
Якойсьці практычнай карысці, акрамя як дзіцячых забавак, камп’ютар мне не прынёс. Я на ім нічога не рахаваў, не вылічаў. На калькулятары тых часоў гэта было зрабіць прасцей. На апошнім курсе інстытута давялося купіць інжынерны калькулятар «Электроніка БЗ-18», ён таксама каштаваў купу грошай: 220 рублёў, амаль шэсць стыпендый!
А праграмаваныя калькулятары каштавалі яшчэ даражэй. Таму для разлікаў у мяне ўжо была прылада, пры гэтым у яе ўжо былі зашытыя нейкія інжынерныя функцыі, лагарыфмы, а на камп’ютары трэба было ўсё самому пісаць і запісваць на касеты. Устаўляеш касету «МК-60-5» і 45 хвілін адзін бок запісваеш. І калі ў нейкую долю секунды штосьці пайшло не так — плёнку зажавала, галоўка зрушылася, скок напружання, — то ўся твая камп’ютарная праграма ў глум ідзе. Пачынай нанова. А ў калькулятары ўжо ўсё ёсць, і памяць была, і інтэгралы лічыў ён.
То-бок яшчэ калі я толькі збіраўся ўзяцца за камп’ютар, я не планаваў на ім працаваць — хацеў далучыць дзяцей да камп’ютарнай тэхнікі. Проста гэта было для мяне цікава, я заўсёды, як у гісторыі з узмацняльнікам, кідаўся паяць штосьці новае для сябе.
Іншыя людзі, якія, як я ведаў, таксама паялі сабе камп’ютар, рабілі яго для сябе. Кожны лічыў за гонар спаяць камп’ютар самастойна. Ніхто, наколькі я ведаю, не паяў на продаж. Паялі для сябе, потым абменьваліся касетамі з гульнямі.
Гатовы, прамысловы камп’ютар, той жа клон «Спектрума», каштаваў, пэўна, больш за тысячу рублёў. Калі б да мяне звярнуліся і прапанавалі прадаць мой самаробны камп’ютар, я б не прадаў. Узмацняльнікі і калонкі я рабіў на продаж, а камп’ютар — не. Гэта было проста найвышэйшае дасягненне, чагосьці круцейшага за камп’ютар з бытавой электронікі проста не было. Ну, толькі прамысловыя камп’ютары былі круцейшымі ды ўсякая ваенная электроніка, але гэта ўжо, вядома, не для радыёаматараў накшталт мяне.
Калі ацаніць увесь камп’ютар у цэлым — 300 рублёў за дэталі плюс корпус, працоўны час, — то рынкавая цана яго складала б рублёў 700-800. Але як гэта — прадаць такое пешчанае дзіця? Выдаткаваны час — вольны ад працы час, вечары і выходныя — проста немагчыма ацаніць у рублях.
Расказвае Сяргей, стваральнік сайта zxbyte.ru
— Камп’ютары былі маім хобі, і ў 1996 годзе я, будучы студэнтам РТІ/БДУІР, сабраў свой першы камп’ютар.
На той момант гатовы комп было купіць нескладана і адносна нядорага, але спаяць самому — гэта ж цікава! Было цікава: ці атрымаецца ў мяне ў самога сабраць камп’ютар?
Датуль я глядзеў на тых, каму гэта ўдалося, як на нейкіх чараўнікоў, гэта быў найвышэйшы пілатаж. Я больш-менш разбіраўся ў начынні, ведаў, як працуе схема, што там рабіць. І ў мяне ўжо была мадэль «Ленінград», якую я збіраўся спаяць, паўтарыць сам, для мяне гэта была знаёмая тэхніка.
Зборцы спрыяла і тое, што тады на радыёрынку можна было купіць усё. На той момант Старажоўскі радыёрынак быў закрыты, хоць у 95-м яшчэ працаваў, а ў 96-м ён ужо пераехаў у Ждановічы. Рынак быў даволі вялікім, можна было купіць літаральна ўсё.
Я паехаў на рынак і за адзін дзень знайшоў пустую друкаваную плату камп’ютара (іх там прадавалі шмат дзе, вось не ведаю чаму), затым прайшоўся па прадаўцах і купіў усе патрэбныя мікрасхемы.
У продажы асабіста я бачыў толькі дзве мадыфікацыі плат: для камп’ютараў «Ленінград» і «Балтык», — гэта падобны камп’ютар, Spectrum-сумяшчальная мадэль. «Балтыкі» збіраліся ў Мінску, і кааператыў, які яго выпускаў, сам вырабляў і друкаваныя платы. Магчыма, хтосьці неафіцыйна размясціў заказ на выпуск плат — вось гэтыя платы і патрапілі на рынак. Здаецца, у мяне дагэтуль ляжаць адная або дзве чыстыя платы ад «Балтыка».
Платы ад камп’ютараў «Балтык» і «Ленінград»
Тут, на сваім першым «Ленінградзе», я ўжыў гатовую клавіятуру, набытую на радыёрынку, з кнопкамі ад камп’ютара серыі ЕС–1841. На той момант гэтыя «е-эскі» сваё адслужылі, і хоць у класах для лабараторных работ у БДУІРы яны яшчэ стаялі, на прадпрыемствах іх ужо пачалі спісваць.
У маіх аднакурснікаў быў неблагі бізнэс: яны скуплялі гэтыя «е-эскі» і разбіралі на золата: грошай атрымлівалася больш, ніж заплаціш за камп’ютар, нават калі купляць яго з рук.
У мяне ў інтэрнаце шафа была застаўленая маніторамі ад гэтых «е-эсак», я іх купляў па 5 долараў. І тады ж я скупляў клавіятуры, цэлая паліца была імі заваленая, і іх я распайваў на кнопкі для сваіх наступных самаробак. Я, акрамя вырабу, займаюся і калекцыянаваннем старых камп’ютараў і аднаго часу «Ленінграды» і «Балтыкі» скупляў у прыстойных колькасцях, улічваючы іх нізкі кошт. І вось там часам сустракаліся клавіятуры з кнопкамі ад інжынерных калькулятараў. Таксама трапляліся кнопкі, падобныя да калькулятарных, але большага памеру. Магчыма, іх дзесьці спецыяльна выпускалі для камп’ютараў. Мінус гэтых герконавых кнопак у тым, што яны нязручныя, калі трэба працаваць шмат. Пагуляцца — пойдзе, а калі займацца праграмаваннем і друкаваць шмат радкоў кода, то ўжо нязручна.
Клавіятуры ад розных камп’ютараў «Ленінград». Відаць, як пад налепкамі праступаюць «родныя» лічбы: гэта кнопкі ад нейкіх прамысловых калькулятараў
Ну, а далей ужо справа тэхнікі: спаяў, падключыў клавіятуру, манітор, праверыў плату — і амаль адразу ж усё запрацавала. Гэта простая механічная зборка, як канструктар: плата ёсць, дэталі ёсць, спаяў — ён працуе. Па-мойму, ён нават быў без корпуса: проста плата і правады. Усё гэта зрабіў я літаральна за адзін вечар, і наладжвання як такога не было, я быў знаёмы з асаблівасцямі платы і ведаў, што трэба рабіць. Здаецца, трэба было толькі адную-дзве дарожкі падрэзаць.
Паўстала нейкае такое пачуццё, што вось і я цяпер таксама быццам чараўнік. І памятаю, што мяне здзівіла, як лёгка гэта ўсё адбылося, бо я падрыхтаваўся да таго, што прыйдзецца гэта ўсё вельмі доўга наладжваць.
Сабраны на друкаванай плаце камп’ютар «Ленінград»
Тады для студэнта набор усіх дэталяў быў цалкам даступным, прыкладна ў памеры адной стыпендыі. Вядома, гэта быў просты радыёаматарскі камп’ютар, а не штосьці такое, на што звычайна збіралі грошы. Старая-старая мадэль, некаторыя нават сцвярджаюць, што «Ленінград» — гэта не камп’ютар, а гульнявая прыстаўка, і ў зборы ён прадаваўся прыкладна за тыя ж грошы, у якія абышліся мне ўсе дэталі.
Той жа восені 96-га я купляў «Балтык» — я купіў яго гатовы літаральна за 6 долараў. Для параўнання, берасцейскія «Байты» прадаваліся ад 10 да 20 долараў, і дваццатка для студэнта — гэта былі ўжо ну вельмі прыстойныя грошы. Мая стыпендыя, калі памяць не падманвае, складала каля 10 долараў. У 1997–м я купіў на радыёрынку за 10 долараў новую клавіятуру ад нейкага IBM PC і кантролер для клавіятуры і мышы для СОМ-порта за 15 долараў, усё разам гэта былі адчувальныя грошы за такую драбязу, але я назапасіў і набыў.
Магу сказаць, што я быў не адзін такі дзівак: палова студэнцкага інтэрната займалася чымсьці падобным. Старшакурснікі збіралі «Спектрумы» — іх было няшмат, бо асноўная маса студэнтаў займалася зборкай тэлевізараў: гэта было куды больш прыбытковай справай.
Мы з імі кантактавалі і падтрымлівалі адносіны нават пасля заканчэння вучобы. Але калі я сканчаў універ у 2001 годзе, то «Спектрумамі» ўжо мала хто займаўся, я быў адным з нямногіх, і першакурснікі глядзелі і дзівіліся: а што гэта за камп’ютар, а як ён працуе?
Прадаць мой камп’ютар не прасілі і збіраць за грошы таксама не наймалі, але некалькі разоў мяне прасілі дапрацаваць ужо гатовыя камп’ютары. Той жа «Байт» або «Ленінград» у базавай крамнай камплектацыі — гэта было не тое, што патрабавалася на той момант. Невялікі аб’ём аперацыйнай памяці на 48 кілабайт, без дыскавода. Вядома, на гэтай канфігурацыі можна было грузіць праграмы з магнітафоннай стужкі і гуляць у гульні. Але можна было падключыць дыскавод, павялічыць памяць да 128 Кб — на той момант гэта ўжо была дэ-факта «мастхэў»-камплектацыя. І я даводзіў камп’ютары да гэтай канфігурацыі. Гэта было адносна нескладана, бо на радыёрынку прадаваліся ўжо гатовыя распаяныя платы пашырэння памяці — дастаткова падключыць паводле інструкцыі і трохі дапрацаваць.
А калі казаць пра пазнейшыя мае камп’ютары, то там усё ўжо было не так, як з «Ленінградам», тыя мадэлі рабіліся па-іншаму. Для «Балтыкаў» трэба было праграмаваць ПЗП. Гатовыя ПЗП для «Спектрумаў» можна было купіць на тым жа радыёрынку, прадаўцы тамсама пры мне іх праграмавалі, гэтыя праграматары сілкаваліся ад аўтамабільнага акумулятара. Але акрамя асноўных «спектрумаўскіх» ПЗП для «Балтыка» трэба было купіць і прашыць чатыры дробныя мікрасхемы, — і вось іх было складана дастаць, таму я і не разглядаў «Балтык» як першы камп’ютар для зборкі. Ужо нашмат пазней, у 2009-м, я ўсур’ёз заняўся праграмаваннем ПЗП і сам вырабіў для іх праграматар, якім я часам карыстаюся дагэтуль.
Усяго я вырабіў дзесьці пяць мадыфікацый «Спектрум»-сумяшчальных камп’ютараў на гатовых друкаваных платах. Асабняком стаяць камп’ютары, якія я паяў на макетнай плаце — на ёй няма дарожак, а толькі сотні і сотні адтулін. Спачатку я на «макетцы» паяў праграматар мікрасхем, потым узяўся за камп’ютар «Радыё 86-РК» (яго распрацавалі аўтары часопіса «Радыё»), гэта быў ужо дзесьці 2009 год. Потым быў «ЮТ–88» (ад аўтараў часопіса «Юны тэхнік»), затым «Пентагон–128», потым SpeccyBob.
Плата самаробнага савецкага камп’ютара «Радыё 86-РК»
Найвялікшае, што я сабраў на макетнай плаце, — гэта «Пентагон-1024».
Ехаў на рынак, купляў найвялікшую «макетку», якую толькі мог знайсці. Потым браў схему камп’ютара, перамалёўваў, глядзеў, дзе могуць узнікнуць памылкі, выводзіў адносна фінальны варыянт. І потым удумліва ляпіў на «макетку» мікрасхему па мікрасхеме, карпатліва злучаў кавалачкамі шырока вядомага ў радыёаматараў проваду МГТФ у фтарапластавай ізаляцыі. У яго я ўнёс усё, што будзь-калі рабіў для «Пентагона»: і схему пашырэння аперацыйкі да 1 МБ, і кантролер дыскавода, і іншыя свае дапрацоўкі. На плату сыходзіла вельмі шмат часу: гэта тыдні, магчыма, нават месяц. У працэсе я запускаў асобныя блокі, спрабаваў адладжваць. Вось гэта быў камп’ютар, які я натуральна сабраў з нуля, усё зрабіў сам. Там было 85 мікрасхем, гэта была вельмі доўгая, вельмі карпатлівая праца, паверце ўжо мне. Цяпер я б за яго проста не ўзяўся. Пасля гэтага я на «макетках» больш не паяў.
Добры і адваротны бакі платы самаробнага камп’ютара «Пентагон–1024»
Балючае месца ўсіх радыёаматараў — гэта карпусы іх прылад. Спаяць плату, адладзіць яе — гэта нескладана. А вось зрабіць так, каб гэта ўсё прыгожа і акуратна стаяла на стале — гэта так, гэта вельмі доўга.
Пасля ўніверсітэта я працаваў інжынерам у дзяржканторы, у падобных канторах часта бываюць доследныя вытворчасці. Там можна было дамовіцца, каб табе паводле чарцяжоў зрабілі нейкую скрынку. Паколькі я інжынер, то я сам распрацоўваў карпусы па ўсіх стандартах і аддаваў слесарам на выраб — мне зрабілі два ці тры такія карпусы з металу, з афарбоўкай, з гравіроўкай, з надпісамі. У тым ліку корпус для «Пентагона–128».
Камп’ютар «Пентагон–128» з перыферыяй у спецыяльна вырабленым корпусе
А пазалетась я для сваіх самаробак набыў 3D-друкарку, згадаў трохмернае праектаванне дэталяў, і цяпер вельмі актыўна раблю карпусы на гэтай друкарцы.
Усіх камп’ютараў — і тых, што я сабраў сам, і тых, што купіў у калекцыю, — у мяне некалькі дзясяткаў мадэляў. Гэта толькі розных мадэляў. А калі лічыць штукамі — у мяне адных «Байтаў» штук 20 толькі. Астатніх, у асноўным, па адным асобніку: мне аб’ём кватэры не дазваляе захоўваць шмат.
Так што цяпер стараюся займацца не купляй новых камп’ютараў, а дапрацоўкай перыферыі для старых. Усё, што хацеў, я ўжо купіў — цяпер можна займацца творчасцю.
Еще были "Микроша" и его клон "Криста". Маме сказал, что стоит 30 рублей, на обедах сэкономил еще 70 и купил :-) (цифры примерные, пропорции примерно такие).
И да, я вводил руками побайтово код интерпретатора языка Basic, потому что его не было в комплекте. Ух!
У меня был вектор 06ц, его схему знал наизусть. Когдато (тогда учился в 7м классе) я сам придумал и спаял схему видеокарты для него и написал под неё загрузчик с магнитофона в ПЗУ (512 байт!). Правда только мои программы её нормально поддерживали, но разрешение картинки и количество цветов на то время были просто нереально крутыми. В качестве монитора был проф монитор с телестудии. Писал программы напрямую в машинных кодах (в hex), т.к. ассемблер не грузился с кассеты. Ну и бейсик иногда использовал.
Карыстальнік адрэдагаваў каментарый 17 лютага 2023, 14:52
Вот бы сравнить, как за 30 лет вырасла производительность отечественных компьютеров. ZX и ноутбук от Горизонта. Будет наглядно видно какой технологический рывок совершила Белоруссия под руководством Президента.
И мы сохранили заводы микроэлектроники, в отличии от разрушенных прибалтийских республик. Можем хоть сейчас заново запустить производство печатных плат для бытовых компьютеров
Карыстальнік адрэдагаваў каментарый 17 лютага 2023, 16:26
А-ха-ха-ха)))
Я как-то спрашивал этого товарища, пользуется ли он прямо сейчас при написании комментариев отечественными компьютерами, например ПВМ Нафаня. Он скромно промолчал.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.
Еще были "Микроша" и его клон "Криста". Маме сказал, что стоит 30 рублей, на обедах сэкономил еще 70 и купил :-) (цифры примерные, пропорции примерно такие).
И да, я вводил руками побайтово код интерпретатора языка Basic, потому что его не было в комплекте. Ух!
У меня был вектор 06ц, его схему знал наизусть. Когдато (тогда учился в 7м классе) я сам придумал и спаял схему видеокарты для него и написал под неё загрузчик с магнитофона в ПЗУ (512 байт!). Правда только мои программы её нормально поддерживали, но разрешение картинки и количество цветов на то время были просто нереально крутыми. В качестве монитора был проф монитор с телестудии. Писал программы напрямую в машинных кодах (в hex), т.к. ассемблер не грузился с кассеты. Ну и бейсик иногда использовал.
Карыстальнік адрэдагаваў каментарый 17 лютага 2023, 14:52
Вот бы сравнить, как за 30 лет вырасла производительность отечественных компьютеров. ZX и ноутбук от Горизонта. Будет наглядно видно какой технологический рывок совершила Белоруссия под руководством Президента.
И мы сохранили заводы микроэлектроники, в отличии от разрушенных прибалтийских республик. Можем хоть сейчас заново запустить производство печатных плат для бытовых компьютеров
Карыстальнік адрэдагаваў каментарый 17 лютага 2023, 16:26
Имеете ввиду производительность наклейки на китайском ноуте с американским процессором?
А-ха-ха-ха)))
Я как-то спрашивал этого товарища, пользуется ли он прямо сейчас при написании комментариев отечественными компьютерами, например ПВМ Нафаня. Он скромно промолчал.
Лозунги громко кричать - это не мешки ворочать.