У Польшчы — непрыемны судовы прэцэдэнт у дачыненні да ІТ-прадпрымальнікаў, якія працуюць на «рышалце» з графікай і інтэрфейсамі. Яго апісаў Dzik Pic.
Паводле польскага закона, ІТ-прадпрымальнікі, якія выбіраюць форму падаткаабкладання «рышалт « (Ryczałt), могуць плаціць падатак па стаўцы 12% або 8,5%.
Як было і стала
У пастанове паказана, што вышэйшая стаўка прымяняецца да паслуг, звязаных з кансалтынгам у галіне камп’ютарнага абсталявання, праграмным забеспячэннем, кіраваннем сеткамі і ІТ-сістэмамі або продажам ліцэнзій. Калі коратка, гэта тычыцца тых, хто працуе з зыходным кодам, ІТ-абсталяваннем і прадае гатовае праграмнае забеспячэнне.
Іншыя ІТ-паслугі класіфікуюцца як «pozostałe» і абкладаюцца стаўкай 8,5%.
Аднак пры канцы мінулага года падатковая інспекцыя пачала мяняць свае інтэрпрэтацыі. У першую чаргу гэта закранула ІТ-спецыялістаў, якія праводзяць семінары для кліентаў, кансультуюць па мадыфікацыях камп’ютарных сістэм, падтрымліваюць тэсціраванне і аналізуюць меркаванне кліентаў пра камп’ютарную сістэму.
Падатковая вырашыла, што ім таксама трэба плаціць павышаны падатак. Інтэрпрэтацыі выклікалі буру ў грамадстве. Некаторыя айцішнікі нават пайшлі ў суд і выйгралі яго.
Што здарылася цяпер
Аднак цяпер падатковая інспекцыя пайшла яшчэ далей у інтэрпрэтацыі закона, і суд гэта ўхваліў. У ліпені гэтага года ваяводскі адміністрацыйны суд у Гданьску разгледзеў справу (sygn. akt i SA/Gd 236/24) аб 8,5%-й стаўцы рышалту для такіх відаў дзейнасці, як праектаванне інтэрфейсаў, графікі і анімацыі.
Адзін са стваральнікаў інтэрфейсаў падаў скаргу на інтэрпрэтацыю падатковай, якая гаворыць, што на гэтыя віды дзейнасці распаўсюджваецца стаўка ў 12%. Мужчына не пагадзіўся з тым, што стварэнне інтэрфейсаў або графікі звязанае з камп’ютарным праграмным забеспячэннем, а канкрэтна — з зыходным кодам.
Аднак суд адхіліў скаргу і пагадзіўся з падатковай інспекцыяй.
Чаму гэта нядобра
— Закон аб рышалце з зарэгістраваных даходаў недакладны, што адкрывае магчымасці для яго інтэрпрэтацый. Аднак у падатковым заканадаўстве існуе прынцып, згодна з якім усе сумневы маюць вырашацца на карысць падаткаплацельшчыка. У дадзеным выпадку адбылося адваротнае. Такія паслугі, як стварэнне інтэрфейсаў, анімацыі або графікі, не пазначаныя ў законе, таму на іх мае распаўсюджвацца стаўка для паслуг, якія разумеюць як «іншыя» і абкладаюць падаткам у памеры 8,5%, — кажа Матэвуш Корус, юрысконсульт юрыдычнай фірмы KorusLegal.
Ён дадае, што згаданая пастанова выклікае трывогу, паколькі фармальна ў законе нічога не памянялася, але раптоўна змянілася тлумачэнне закона.
— Першае, Мінфін вырашыў, што паняцце софту варта разумець шырэй, то-бок калі дадзеная паслуга мае нейкі кантакт з ІТ, яна мае кваліфікавацца па стаўцы 12%.
Такія інструкцыі былі выдадзеныя без змены правілаў, што недапушчальна. Некаторыя тлумачэнні дзейнічалі гадамі, і раптам, пасля ўнутраных дамоўленасцяў, лінія судовай практыкі мяняецца.
Гэтага не мае адбывацца ў краіне, якая хоча заваяваць давер сваіх грамадзянаў. Вы не змяняеце правілы ў часе гульні, — кажа Вераніка Вішнеўска, юрысконсультка KorusLegal.
Паводле слоў адваката, калі Міністэрства хоча змяніць правілы, яно мае пачаць гэта са змены рэгламенту, то-бок артыкула закона. Каб судовая практыка вынікала з закону, а не з указанняў чыноўнікаў.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.